Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы для ўдзельнікаў пілігрымкі Мінск-Будслаў

В. Вішнёўка, 30 чэрвеня 2015 г.

Дарагія пілігрымы!

1. Як штогод, сёння мы сустракаемся ў в. Вішнёўка, каб святой Імшой у імя Пана распачаць другі дзень на шляху да Маці Божай Будслаўскай. Мы верым у тое, што Яна – гэта найкарацейшы шлях да Яе Сына.

Адзін вельмі эксцэнтрычны прафесар хацеў пажартаваць з малога хлопца, які чытаў касцёльную газету, і спытаўся ў яго: “Скажы мне, дзе ёсць Бог, а я табе дам яблык”. Хлопчык зірнуў на прафесара і хутка адказаў: “Я дам табе цэлы кошык яблыкаў, калі ты мне скажаш, дзе Яго няма”. Так, сапраўды, Бог ёсць паўсюль, толькі трэба ўмець Яго бачыць.

2. Сённяшняе Евангелле распавядае пра сцішэнне буры на возеры. Апосталы з Езусам перапраўляюцца чаўном на іншы бераг возера. Езус спіць, а на возеры бушуе страшная бура. Апосталы перапужаны і дакараюць Езуса, чаму Ён спіць і іх не ратуе. Езус суцішае буру і, у сваю чаргу, дакарае апосталаў, кажучы ім, што яны малой веры. Суцішаючы шторм на возеры, Езус таксама супакоіў апосталаў.

Мы ведаем, што апосталы былі ў мінулым рыбакамі. Таму бура была іх штодзённым жыццём і яны не раз змагаліся з ёй. Відавочна, што на гэты раз яна была такой моцнай, што яны ўжо не маглі разлічваць на свае сілы і таму нават разбудзілі Езуса, які іх не падвёў і сцішыў буру.

Гэтая вельмі прыгожая гісторыя нагадвае нам аб тым, што на самой справе Езус не спаў, а чуваў, бо, спаўшы фізічна, Ён маральна быў з апосталамі. Езус не сказаў апосталам пераправіцца на іншы бераг самім. Але быў з імі ў тым самым чаўне. Праблема была ў тым, што апосталы страцілі веру ў тое, што калі Ён з імі, то яны не павінны баяцца.

3. Таму з сённяшняга Евангелля вынікае выснова аб спячай веры ў Езуса Хрыста. Пачынаючы ад нашага хросту, Езус сваёю ласкай павінен быць прысутны ў нас. Бог таксама ўвесь час бачыць нас і нашы ўчынкі. Такім чынам Ён не спіць, а заўсёды з намі.

У наш час адыходу ад Бога наша вера аслаблена, яна як быццам спячая. І таму Бог пытаецца ў нас: “Ці не баіцеся вы? Ці ёсць у вас вера? Ці бачыце прысутнасць Бога ў падзеях гісторыі, асабліва ў жыццёвых штормах?” Сённяшняе Евангелле вучыць нас, што ва ўсіх нашых цяжкасцях Бог з намі і прамаўляе да нас тымі ж самымі словамі, якімі прамовіў Езус да апосталаў: “Гэта Я, не бойцеся”.

Бог жадае ад нас такой жа веры, якую прадстаўляе наступная гісторыя. Адзін чалавек у аўтобусе заўважыў маленькую дзяўчынку, якая была адна. Ён спытаў яе, ці не баіцца яна ехаць адна. Дзяўчынка адказала: “Не, не баюся, бо кіроўца - мой бацька, і я яму давяраю да канца”. Таксама і Езус з’яўляецца нашым кіраўніком на шляхах нашага жыцця, і мы павінны давяраць Яму.    

4. Разважаючы аб цудзе сцішэння буры на возеры, мы можам задаць сабе наступныя пытанні: “Ці адчувалі б мы сябе інакш, чым апосталы, калі б былі на іх месцы? Ці мы імгненна прызналі б у Ім Божую моц?” Можна з упэўненасцю ісці ў заклад, што мы паступілі б так, як яны, мы таксама былі б перапужаныя і таксама дакаралі б Яго, што Ён не клапоціцца пра нас.

Гэта звычайная справа, што чалавек пужаецца буры. Але чалавек таксама пужаецца Бога, калі Яго спатыкае. Майсей перапужаўся, калі ўбачыў палаючы куст, які не згараў. У хвіліну Звеставання Марыя таксама спужалася аж да таго, што Арханёл Габрыэль Ёй сказаў: “Не бойся, Марыя, бо Ты знайшла ласку ў Пана”. І Майсей, і Марыя даверыліся Богу, і духоўны супакой усталяваўся ў іх сэрцах.

У габрэйскай традыцыі мора з’яўляецца сімвалам хаосу. Кажучы яму суцішыцца, Езус паказаў сваю Боскую моц. Гэта праўда, што Бог вышэй за ўсе нашы страхі. І калі мы даверымся Яму, то можам не баяцца нікога і нічога, бо Ён суцішыць кожную буру.

5. Езус загадаў мору маўчаць. Ёсць розныя тыпы маўчання. Напрыклад, калі мы знаходзімся на могілках, то адчуваем дзіўную цішыню, якая пранікае ў нас да глыбіні душы. Калі бацькі дакараюць дзяцей за іх свавольствы, то яны, як правіла, маўчаць. Асаблівая цішыня пануе ў шпіталях. Падчас спартыўных спаборніцтваў шумны стадыён заціхае перад рашучым скокам спартоўца .

Загадваючы мору сціхнуць, Езус звяртае ўвагу на буру, якая можа здарыцца ў нашым сэрцы. Ён хоча, каб і ў ім панавала духоўная цішыня. Таму Ён праз Касцёл заклікае нас да духоўнай цішыні, да духоўнага засяроджання, каб у цішыні душы пазнаць лепей самога сябе і дазволіць Езусу супакоіць нас. Таму Касцёл арганізуе рэкалекцыі.

Рэкалекцыямі павінна стаць і пілігрымка. Мы ведаем, што з’яўляемся грэшнымі і патрабуем навяртання. Бо калі вецер і мора паслухмяныя Езусу, то і мы павінны быць падобнымі. Калі Езус сцішыў мора, то Ён учыніць тое ж самае з намі. Неабходна толькі даць Яму шанец, бо Ягонае суцішэнне з’яўляецца суцішэннем, якое лечыць.

Калі нас наведаюць жыццёвыя і грахоўныя буры, то неабходна памятаць, што Езус з намі і нам дапаможа і суцішыць іх. Гэта і ёсць шлях навяртання, перадусім праз сакрамэнт пакаяння, з якога мы павінны карыстацца як мага часцей, асабліва ў гэты Год прымірэння.

Мы называем сябе веруючымі, але, калі сустракаемся з выпрабаваннем і небяспекай, часта нам становіцца боязна. Чаму? Бо наша вера слабая, як гэта было ў апосталаў. Падчас гэтай пілігрымкі, прызнаючы слабасць нашай веры, звяртаемся да Цябе, Маці Божая Будслаўская, дапамажы нам, каб мы мелі ў сабе сілы ўсклікнуць:  “Пане, дапамажы майму нявер’ю”, і станецца цуд нашага навяртання. Амэн.

Адноўлена 30.06.2015 13:14
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі