Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на VII Велікодную нядзелю

Мінскі архікатэдральны касцёл, 17 мая 2015 г.

Чакаць Святога Духа на малітве

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Кожны год мы ідзём у адпачынак, падчас якога стараемся кудысьці паехаць, наведаць сяброў, убачыць новыя цікавыя гарады ці месцы і г.д. Так ужо ёсць у жыцці, што мы патрабуем часу на адпачынак, каб быць здаровымі і далей выконваць сваю місію.

Акрамя такога адпачынку, мы маем яшчэ і іншы – духоўны, які называецца рэкалекцыямі. Гэта не што іншае, як вакацыі з Богам. Чаму? Рытм часу такі, што мы патрабуем не толькі фізічнага, але і духоўнага адпачынку разам з Езусам, каб лепей пазнаць сябе саміх і дарогу, якой мы ідзём. Дарэчы, так паступіў і сам Творца: на працягу шасці дзён працаваў і ствараў свет, а на сёмы адпачываў.

2. Пасля Унебаўшэсця Езуса апосталы сабраліся разам з Марыяй у Вячэрніку. Для іх гэта быў як быццам час духоўных рэкалекцый. Езус сказаў ім. каб чакалі спаслання Святога Духа. Хаця Езус не мог быць з імі фізічна, як гэта было раней, аднак Ён быў з імі падчас Эўхарыстыі і малітвы.

Апосталы разам з Марыяй маліліся аб спасланні Святога Духа. Гэты факт падкрэслівае значэнне малітвы ў жыцці хрысціяніна. Малітва набліжае нас да Бога, і ў ёй мы звяртаемся да Яго са сваімі просьбамі. Трэба захапляцца верай людзей, якія штодзённа просяць Бога, каб выслухаў іх просьбы, хаця гэта не заўсёды адбываецца. Людзі таксама часта звяртаюцца да святароў, законнікаў і законніц памаліцца ў іх інтэнцыях, замаўляюць святую Імшу і г.д.

Усё гэта вельмі добра і неабходна падтрымліваць такую практыку. Аднак мы самі таксама павінны маліцца аб саміх сабе. Заахвочвае нас да гэтага і Езус, які кажа: маліцеся і прасіце, стукайце ў дзверы, бо просячаму будзе дадзена, а стукаючаму – адчынена. Усё жыццё Езуса – гэта пастаянная малітва. Перад распачаццем сваёй місіі Ён сорак дзён прабываў у пустыні ў посце і малітве. Ён маліўся перад тым, як чыніў цуды. Маліўся і перад сваёй крыжовай смерцю.

У сённяшнім Евангеллі Езус моліцца, каб тое, чаму Ён вучыў і чыніў, не завяршыліся з Яго адыходам з гэтага свету, а працягвалася праз тых, каго даў Яму Яго нябесны Айцец.

Такім чынам Езус вучыць нас звяртацца на малітве да Бога з нашымі просьбамі і давяраць Яму.

3. Некаторыя лічаць, што малітва – гэта пустая трата часу, які можна выкарыстаць для працы ці адпачынку.

Мы патрабуем як малітвы, так і працы, і адпачынку. Успомнім, што сказаў Езус Марце, якая служыла Яму тады, калі Марыя слухала Яго вучэнне: Марта, Марта, ты клапоцішся аб многіх рэчах, а табе патрэбна толькі адно. Марыя выбрала лепшую частку, якая не будзе адабрана ад яе.

Калі мы не молімся, то ў нашым жыцці наступае пустэча і мы не адчуваем сябе шчаслівымі. Статыстыка самазабойстваў сведчыць аб тым, што і вельмі багатыя і развітыя краіны не пазбаўлены такіх трагедый. Гэта знак таго, што само багацце не гарантуе шчасця. Нездарма калісьці быў вельмі папулярны тэлесерыял “Багатыя таксама плачуць”.

4. Мы таксама добра ведаем, што не ўсе нашы малітвы Бог выслухоўвае. Можа, лепей трэба было б сказаць, што Бог не ўсе нашы малітвы выслухоўвае так, як нам бы гэтага хацелася. І хаця, як нам здаецца, Бог не выслухоўвае ўсіх нашых просьбаў, аднак у жыцці мы атрымліваем шмат Божых ласкаў, якіх, быць можа, не атрымалі б, калі б не маліліся.

Часамі мы таксама не вельмі добра ведаем, што нам на самой справе лепей. Таму, звяртаючыся да Бога з нашымі просьбамі, неабходна заўсёды дадаваць, каб усё адбывалася паводле Ягонай волі. Прыклад пакінуў нам Хрыстус. Калі Ён паміраў на крыжы, то прасіў свайго нябеснага Айца: Ойча, адхілі ад Мяне гэты келіх, аднак няхай будзе Твая воля.

5. Мы маем свае планы і наша жыццё часта круціцца толькі вакол нас саміх. Не трэба забывацца і аб тым, што Бог таксама мае свае планы адносна нас. Трэба толькі дазволіць Яму дзейнічаць, каб іх рэалізаваць, бо толькі ў будучым жыцці мы іх зразумеем.

Нават пасля Уваскрасення Езуса апосталы пыталіся, калі Ён адродзіць Ізраільскае Валадарства. Яны ўсё яшчэ верылі, што Месія павінен вызваліць Ізраіль ад рымскай акупацыі. У той жа час Яго місіяй было вызваліць людзей з грахоўнай акупацыі. І яны ў поўні зразумелі Езуса толькі ў дзень Пяцідзясятніцы, калі Дух Святы сышоў на іх. Таксама і мы, калі будзем маліцца разам з Марыяй, да чаго асаблівым чынам заклікае нас месяц май, то атрымаем адпаведныя Божыя ласкі, якіх без малітвы мы не атрымаем.

6. Малітва яднае нас з Богам, каб у бурах сучаснага свету мы не загінулі.

У адным з партоў каваль вельмі ўважліва і напружана каваў з жалеза звенні ланцуга. Потым ён злучаў іх разам, і такім чынам паўставаў вельмі моцны ланцуг, які потым быў злучаны з якарам карабля. Карабель выплыў у адкрытае мора. Але потым нечакана падчас буры сапсаваўся яго матор, і ён не мог плысці ў бяспечнае месца. Сітуацыя была вельмі небяспечнай, марскія хвалі маглі занесці яго на скалы, дзе ён бы разбіўся, што пагражала смерцю яго пасажырам. Тады капітан загадаў апусціць якар, які дзякуючы ланцугу ўтрымліваў карабель на месцы і не дазволіў яму загінуць.

Такім ланцугом, які падчас буры на секулярным моры сучаснасці дазваляе нам трымацца духоўнага якара, якім ёсць Бог, каб мы не загінулі, з’яўляецца малітва. Хрысціяне, як і іншыя людзі, пакліканы да таго, каб жыць у рэальным, поўным небяспечных выклікаў свеце. У ім мы не адны. Езус дапамагае нам сваёй ласкай і заахвочвае, каб праз малітву мы былі належным чынам узброены для адказу на іх.    

7. Заўтра мы будзем успамінаць 95-ю гадавіну нараджэння св. Яна Паўла II. Той, хто яго ведаў, ведаў найперш як чалавека сталай і глыбокай малітвы. Дастаткова толькі сказаць, што пры сваёй занятасці Пантыфіка ён кожны дзень разважаў стацыі Крыжовага шляху.

Праз тыдзень мы будзем адзначаць урачыстасць Спаслання Духа Святога. Зараз у нашых касцёлах адбываецца Навэнна да Святога Духа. Няхай яна стане часам асаблівага засяроджання на малітве, каб Дух Святы ўмацаваў нас сваімі дарамі з той мэтай, каб мы, па прыкладу св. Яна Паўла II, жывучы згодна з Божым законам, сведчачы евангельскія каштоўнасці і адказваючы на выклікі нашага часу, былі здольнымі змяняць воблік нашай зямлі, як нашага супольнага дому. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі