Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы ў межах сімпозіума, прысвечанага Слузе Божаму біскупу Баляславу Слоскансу

Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены, 18 красавіка 2015 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Евангелле суботы другога велікоднага тыдня прадстаўляе некаторыя моманты нашага жыцця, калі мы імкнёмся наперад без Хрыста і таму трапляем у сітуацыю, калі жыццёвыя хвалі заліваюць наш жыццёвы човен і пагражаюць яго затапіць. Але ў той жа час яно прадстаўляе Езуса, які ратуе нас.

У Евангеллі мы бачым рашучую інтэрвенцыю Езуса падчас буры на моры, а ў першым чытанні з Апостальскіх Дзеяў бачым, як апосталы паспяхова вырашылі паўсталы ў першай хрысціянскай супольнасці крызіс. Грэкамоўныя вернікі былі не задаволеныя тым, што іх удовы былі незаўважальныя пры раздаванні міласціны, і выступалі супраць хрысціян габрэйскага паходжання.

Каб знайсці выйсце з такой нездаровай сітуацыі, апосталы папрасілі супольнасць вызначыць сем духоўна сталых і мудрых мужчын, каб заняліся справай дапамогі патрабуючым і высвяцілі іх на дыяканаў.  

2. Прызначэнне першых дыяканаў абагаціла Касцёл і ўвяло ў яго такое вельмі важнае і заўсёды актуальнае служэнне дыяканіі. Яно вельмі моцна паспрыяла першаснай евангелізацыі, аб чым успамінае Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай і адначасова праграмнай энцыкліцы “Deus caritas est” – “Бог ёсць любоў”. Дабрачыннасць і сёння ўносіць свой важкі ўклад у справу перадачы Добрай Навіны і спаткання чалавека з Богам.

Практыка паказвае, як шмат людзей знаходзіць Бога дзякуючы таму, што бачыць людзей, якія, кіруючыся прыкладам Хрыста, бескарысна служаць іншым. Аб вострай неабходнасці несці дапамогу іншым штодзённа прыпамінае нам і Папа Францішак. Яго любоў да найбольш абяздоленых выслужыла яму небывалую папулярнасць як сярод веруючых, так і сярод няверуючых.   

3. Евангелле паказвае, як у безнадзейнай сітуацыі Бог прыходзіць з дапамогай. Ён можа імгненна змяніць яе. Апосталы знаходзяцца адны ў чаўне. Распачынаецца бура. Яны тонуць, і таму іх ахапіў страх. Але вось па ўзбураных хвалях Галілейскага мора да іх ідзе Хрыстус, які ім кажа: “Гэта Я, не бойцеся”. І бура суцішылася, а апосталы шчасліва даплылі да берага.

Сённяшняя евангельская гісторыя нагадвае нам, што хаця мы і не ведаем, што Бог учыніць, і не можам прадказаць цудаў, яны здараюцца, трэба толькі даверыцца Богу.  

Езус паслаў апосталаў, каб у чаўне пераправіліся на другі бок возера. У той жа час Ён пайшоў на гару маліцца. Усё, што далей адбылося, дазваляе нам зразумець, што Яго еднасць з Богам Айцом на малітве не адлучыла Яго ад клопатаў, з якімі сутыкнуліся апосталы. Ён, у сваю чаргу, паклапаціўся аб іх, якія змагаліся з ветрам і хвалямі, і своечасова прыйшоў з дапамогай.

Таксама, калі наша малітва сапраўдная, то яна павінна ўмацоўваць наш клопат аб іншых. Калі мы знаходзімся ў малітоўнай еднасці з Богам, то мы таксама Божай любоўю любім іх. Калі малітва з’яўляецца адкрыццём на Бога, то яна адначасова адкрывае нас на іншых, асабліва на патрабуючых, якія зведалі шторм штодзённага жыцця.

У Евангеллі Езус дапамагае апосталам, якія змагаюцца са штормам. Яны адчулі палёгку, бо Езус быў з імі і суцішыў вецер. Таксама і мы павінны быць адкрыты на прысутнасць Езуса ў нашым жыцці, якая ўмацоўвае і супакойвае нас. Мы таксама павінны выходзіць з малітвы ўмацаваныя, каб стаць каналамі прыбыцця Езуса да іншых людзей.

4. Такім хрысціянінам і біскупам быў Слуга Божы Баляслаў Слосканс. У цяжкія гады ганенняў на Касцёл здавалася, што нішто і ніхто не суспакоіць буры ваяўнічага атэізму і з апошнім зачыненым ці разбураным касцёлам або са смерцю апошняга святара настане яго канец. Але тады Бог учыніў сапраўдны цуд.

На беларускую зямлю, якую неміласэрна выпальвала сонца атэізму, Ён паслаў правідэнцыйнага пастыра — біскупа Баляслава Слосканса. Ён быў не беларусам, а латышом. Аднак ён быў біскупам Паўсюднага Касцёла і клапаціўся аб збаўленні кожнага чалавека, да якога яго пасылае Бог. Для яго, кажучы словамі св. апостала Паўла, ужо не было ні габрэя, ні грэка, а толькі Хрыстус. І ён мужна нёс Яго людзям, нягледзячы на небяспекі, пераслед, пагрозу зняволення і нават праліццё крыві, становячыся такім чынам жывым мучанікам. Сваім жыццём ён і паўтарыў дэвіз свайго біскупскага служэння: “Hostia pro frateribus” – “Ахвяра за братоў”.

У цяжкія часы крывавага атэістычнага тэрору 10 мая 1926 г. у касцёле св. Людвіка ў Маскве ён атрымаў біскупскае пасвячэнне. У жніўні таго ж года пачаў выконваць абавязкі Апостальскага адміністратара ў Магілёве, а з 1927 г. – абавязкі Апостальскага адміністратара ў Мінску. Хаця яму не прыйшлося служыць у Беларусі доўга, бо вельмі хутка ён быў арыштаваны, ён пакінуў трывалы след веры і служэння людзям на гэтай зямлі. Ён даў ім надзею нават насуперак надзеі. Біскуп Баляслаў Слосканс паказаў, што ў апраметнай цемры ўзбуранага мора атэізму свеціць святло Езуса і ў ёй Ён прысутны, каб у адпаведны час учыніць цуд.

5. І гэты цуд стаўся. Пасля трох пакаленняў ганенняў і пераследу, калі Езусу быў забаронены ўступ на гэты палігон атэізму, стаўся цуд уваскрашэння веры. Мы з’яўляемся не толькі сведкамі, але і ўдзельнікамі гэтага працэсу. Адзін з найбольш вядомых старажытных хрысціянскіх тэолагаў Тэртуліян казаў, што кроў мучанікаў – гэта насенне хрысціян. І гэтае насенне дае свае ўсходы.

Аднак злы дух не спіць. У новых умовах свабоды веравызнання мы перажываем новы крызіс. Вымучаную і вымаленую свабоду чалавек часта выкарыстоўвае як свабоду ад Бога. Замест таго, каб жыць свабодай дзяцей Божых, ён жыве свабодай ад Божага закону. Таму сёння ізноў неабходна бараніць веру і хрысціянскія карані Еўропы, бо замест часоў ваяўнічага атэізму прыйшлі часы матэрыялістычнага атэізму і маральнага рэлятывізму. Чалавек забываецца аб тым, што Евангелле нам дадзена не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно змяняла нас.

6. Слуга Божы біскуп Баляслаў Слосканс, ты мужна стаяў на рубяжах абароны веры ў цяжкія часы ваяўнічага атэізму, выпрасі нам у Бога ласку моцнай веры ў наш час адыходу ад яе, калі людзі ўсё часцей жывуць так, як быццам Бога не існуе.

Молячыся аб тваёй беатыфікацыі, мы верым, што ты знаходзішся ў доме нашага нябеснага Айца. Благаславі з Яго акна нас, каб мы не паддаліся згубным бязбожным тэндэнцыям нашага часу, але, падобна табе, заўсёды заставаліся вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню. Амэн.

Адноўлена 18.04.2015 23:28
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі