Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў

Праз перамогу зла дабром да адзінства

21 студзеня 2012 г., мінская архікатэдра

1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій! Чарговы раз мы, паслухмяныя закліку і запавету Хрыста «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21), збіраемся ў мінскай архікатэдры, каб маліца аб гэтым такім вялікім дары адзінства. Адзінства патрабуе свет і народы. Патрабуе яго і хрысціянства, бо Хрыстус стварыў адзін і адзіны хрысціянскі Касцёл як сваё Містычнае Цела. Раздзяленне — гэта не што іншае, як крывавая рана на гэтым Целе, якую неабходна лячыць. А самым эфектыўным лекам з’яўляецца малітва. Таму трэба як мага часцей выкарыстоўваць экуменізм малітвы. Cвяты Айцец Бэнэдыкт XVI кажа, што экстраардынарны дар адзінства, да якога мы імкнёмся, не можа быць вынікам толькі нашых намаганняў, але з’яўляецца дарам з неба, аб якім трэба заўсёды маліцца.

2. Сёлетні Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў прысвечаны тэме «Перамененыя перамогай Езуса Хрыста», якая ўзята з Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў (пар. 1 Кар 15, 51–58). Яна нагадвае аб тым, што правадніком у справе адзінства з’яўляецца перамяняючая моц веры ў Хрыста, які перамог грэх, смерць і злога духа.

Гісторыя чалавецтва пазначана перамогамі і паражэннямі. Аднак там, дзе ёсць пераможцы, там ёсць і пераможаныя, якія не раздзяляюць радасці трыумфатараў. Гэта праўда схіляе нас да разважання над паняццямі «перамога» і «паражэнне» праз прызму навучання Евангелля, тым больш што мова, якую сучасны свет выкарыстоўвае, каб падкрэсліць перамогу, вельмі часта носіць трыумфальны характар.

Спаборніцтва ёсць не толькі ў спорце, але і ў бізнесе, палітыцы, культуры, навуцы, нават у рэлігіі і г.д. Калі апосталы спыталіся ў Езуса, хто з іх будзе першы ў Валадарстве Божым (пар. Мк 10, 37), Ён адказаў: «Хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх» (пар. Мк 10, 43–44). Гэтыя словы Збаўцы нагадваюць пра перамогу праз служэнне адно аднаму. Прыкладам для нас з’яўляецца Езус Хрыстус і Яго перамога праз смерць і ўваскрасенне. У Ім мы павінны шукаць натхнення пераможнага жыцця верай, жыцця, якое выражаецца ў пакорным служэнні іншым і вернасці Евангеллю. Нам неабходна стаць удзельнікамі гэтай хрысціянскай перамогі. Такой перамогі можна дасягнуць толькі праз духоўную перамену і навяртанне.

3. Галоўная думка сённяшняга дня ў сёлетнім Тыдні малітваў за адзінства хрысціянаў — перамяніцца праз перамогу Хрыста над злом. Яна вельмі добра адпавядае словам святога апостала Паўла з Паслання да Рымлянаў: «Зло перамагай дабром» (пар. Рым 12, 21).

Гэтыя словы заклікаюць нас задумацца над нашым удзелам у барацьбе з маральным злом. Перамога ў Хрысце азначае перамогу над усім тым, што аддаляе нас ад Бога і адно ад аднаго. У Езусе Хрысце мы ўсе пакліканы да ўдзелу ў новым жыцці, змагаючыся разам з Ім супраць зла, даючы сведчанне даверу да Бога і радуючыся ўсяму таму, што добра. Падзелы паміж хрысціянамі не спрыяюць таму, каб мы былі моцнымі і маглі сапраўды перамагчы зло. Таму сённяшняя малітва павінна аб’яднаць і ўзмацніць нашы духоўныя сілы ў барацьбе са злом.

Езус Хрыстус вучыць нас, што на самой справе азначае перамога. Гэта шчасце жыць у супольнасці, якая кіруецца Божай любоўю. А гэтае шчасце мы атрымліваем дзякуючы пераадоленню існуючых паміж намі падзелаў. Гэта не што іншае, як удзел у Хрыстовай перамозе над тымі амаральнымі сіламі, якія шкодзяць чалавецтву і ўсяму стварэнню.

Гісторыя сведчыць аб тым, што перамога над ворагам заўсёды аб’ядноўвае. Народ становіцца адзіным і моцным. Езус сваёй смерцю і ўваскрасеннем перамог грэх, смерць і злога духа, перамог, каб мы — усе хрысціяне — маглі прыняць удзел у гэтай перамозе. Наша імя «хрысціянін» паходзіць ад імя «Хрыстус». І калі Хрыстус перамог, то мы ў Ім таксама павінны перамагаць. У Езусе мы ўсе, хрысціяне, можам мець удзел у новым жыцці пераможцаў над злом. Мы розныя. Кожны належыць да асобнай хрысціянскай канфесіі са сваімі традыцыямі і нават календарамі. Аднак у той жа час мы адзіныя. Розніца ў абрадах, традыцыях і календарах — гэта не розніца веры. Мы верым у таго ж самага Езуса Хрыста — Збаўцу, — які нарадзіўся ў Бэтлееме. Верым, што той самы Езус цярпеў за ўсіх нас. Верым, што Ён на той самай Галгофе аддаў за ўсіх нас сваё жыццё. Верым, што смерцю і ўваскрасеннем усіх нас збавіў. Гэтая Ягоная перамога з’яўляецца аднолькавай для нас усіх, і яна нас аб’ядноўвае, каб мы, перамагаючы зло, імкнуліся да адзінства.

4. Першае чытанне з Кнігі Зыходу перасцерагае нас, каб мы не прымалі ўдзелу ў чыненні зла і несправядлівасці. Паводзіны большасці не могуць быць апраўданнем. Да чынення зла не санкцыянуе ні нейкая сітуацыя, ні пануючыя ў сучасным свеце лібералістычныя ці рэлятывістычныя тэндэнцыі. Мы не можам жыць філасофіяй натоўпу. Маўляў, сёння ўсе так жывуць, усе грашаць, усе разводзяцца, усе чыняць аборты, усе п’юць, усе ўжываюць наркотыкі, усе практыкуюць нязгодны з Божым законам секс, усе ашукваюць і г.д., і таму я таксама магу. У імя паліткарэктнасці і імгненнай выгады мы, хрысціяне, не можам змяняць ці паслабляць Божы закон. Словы Хрыста «так-так» і «не-не» (пар. Мц 5, 37) і ў наш час застаюцца імператывам нашага жыцця. І наш супольны хрысціянскі абавязак — быць сведкамі гэтага, у чым і праяўляецца наша перамога і наша супольная абарона хрысціянства.

5. Рэфрэн рэспансарыйнага псальма «Дай нам, Пане, пазнаць сцежкі Твайго закону» прадстаўляе нашу сумесную просьбу да Бога, каб мы добра выбралі дарогу, якой павінны ісці ў сваім жыцці. Сам рэспансарыйны псальм звяртае ўвагу не толькі на неабходнасць захавання Божага закону, але і на радасны плён такога жыцця. Ён нагадвае пра тое, што чалавек, які больш за ўсё любіць Божы закон, з’яўляецца шчаслівым. Чалавечая мудрасць праяўляецца менавіта ў захаванні Божага закону. Божае слова з’яўляецца надзейным правадніком ў супярэчнасцях. Разважаючы над ім днём і ноччу, чалавек можа весці поўнае карысці для іншых жыццё.

6. У другім чытанні апостал Павел заахвочвае зло перамагаць дабром. Дабро — гэта адзіная рэч, якая можа разарваць бясконцую спіраль нянавісці і жадання помсты, якая, на жаль, яшчэ нярэдка прысутнічае ў нашай рэальнасці і аб якой нагадвае штодзённае жыццё. Вядома, што ў гэтай барацьбе дабра са злом не ўсё залежыць ад людзей. Мы добра ведаем, што без Бога не зможам учыніць нічога. Аднак на Божую дапамогу і на Ягоную ласку трэба адкрыцца. Таму святы Павел заахвочвае да намаганняў, каб захаваць мір з іншымі. Ён добра разумее нашу пастаянную барацьбу са спакусамі на крыўду адказаць крыўдай. Менавіта таму ён апелюе да нас з заклікам не паддавацца эмоцыям, якія знішчаюць нас. Чыненне дабра з’яўляецца найбольш эфектыўным спосабам барацьбы са злом, якое вакол нас.

7. Евангелле прадстаўляе нам барацьбу Сына Божага са злым духам, які персаніфікуе зло і які спакушаў Яго ў пустыні. Езус мужна супрацьстаяў спакусам і выйшаў з гэтага змагання пераможцам. Ні прапановы ўлады, ні славы, ні матэрыяльнага дабра не спакусілі Хрыста. Ён са сваёй перамогай над спакушаючым Яго злым духам з’яўляецца прыкладам, як паводзіць сябе ў падобных сітуацыях.

Дапаўненнем Ягонай перамогі на пустыні з’яўляецца паслухмянасць нябеснаму Айцу, якая прывяла Яго ажно на крыж, які дзякуючы Хрысту са знаку цярпення і смерці стаў знакам перамогі і надзеі. А ўваскрасенне Езуса пацвярджае, што дабро ў канчатковым рахунку трыумфуе і што любоў мацнейшая за смерць.

8. Уваскрослы Езус суправаджае нас у нашай барацьбе са злом і грахом. Яго прысутнасць абавязвае хрысціян разам чыніць дабро. Нічым іншым, як скандалам, нельга назваць тое, што падзелы паміж хрысціянамі прадухіляюць эфектыўную барацьбу з маральным злом у наш час. Аб’яднаныя ў Хрысце і знаходзячы задавальненне ў Яго законе, які абапіраецца на любоў, мы пакліканы да ўдзелу ў Ягонай місіі нясення надзеі туды, дзе пануе несправядлівасць, нянавісць і роспач.

«Каб дасягнуць поўнага адзінства хрысціянаў, неабходна адкрыцца адно аднаму, збіраючы разам ўсе элементы адзінства, якія Бог захаваў і дае нам; неабходна адчуваць пільнасць сведчання сучаснаму чалавеку жывога Бога, якога мы пазнаём у Хрысце. Экуменічнае абавязацельства — гэта адказнасць усяго Касцёла і ўсіх ахрышчаных, якая пастаянна павінна ўзрастаць аж да поўнага адзінства ў праўдзе і любові», — навучае Бэнэдыкт XVI.

9. Адна гісторыя распавядае пра камп’ютарнае спаборніцтва паміж Езусам і Люцыферам. Пасля шматгадзінных спрэчак, чыя праграма больш дасканалая і хто лепей працуе на камп’ютары, яны вырашылі правесці тэст. Папрасілі Бога Айца быць суддзёй. Бог вызначыў час на спаборніцтва. І Езус, і Люцыфер працавалі вельмі інтэнсіўна. Аднак перад самым канцом спаборніцтва, калі заставалася толькі некалькі секунд, адключылася электрасілкаванне і, натуральна, камп’ютары выключыліся. Потым электрасілкаванне было ўключана, але Бог абвясціў канец спаборніцтва, бо вызначаны час скончыўся. Люцыфер уключыў свой камп’ютар, але экран быў пусты, усё прапала, бо не было захавана. Езус таксама ўключыў свой камп’ютар, і на экране з’явіўся тэкст. Незадаволены Люцыфер спытаўся: «Чаму так здарылася?» Бог яму адказаў: «Таму, што Езус заўсёды захоўвае».

Так, сапраўды, Езус заўсёды захоўвае сваіх верных у той перамене нашага жыцця, якую мы атрымалі дзякуючы Яго перамозе, захоўвае нават тады, калі здаецца, што ўсе нас пакінулі і знікла электрасілкаванне нашага жыццёвага камп’ютара. Трэба толькі звяртацца да Яго і звяртацца супольна, бо адсутнасць адзінства хрысціянаў з’яўляецца прычынай страты нашай адметнасці і не спрыяе працэсу новай евангелізацыі, якой так патрабуе сучасны свет.

10. Дарагія браты і сёстры! Удзельнікі сённяшняй экуменічнай малітвы!

Хрыстова Евангелле абвяшчаецца ўжо дзве тысячы гадоў, а зло ўсё яшчэ існуе і здаецца, што яно перамагае. Выклікі нашага часу сцвярджаюць, што хрысціянскі карабель заліваецца хвалямі бушуючага акіяну зла дваццаць першага стагоддзя. Здаецца, што ён затоне. Мы ўсур’ёз занепакоены будучыняй хрысціянства. Занепакоены падобна таму, як былі занепакоены апосталы падчас буры на моры. Што тады сказаў ім Езус, які набліжаўся да іх чаўна па вадзе? «Не бойцеся, гэта Я!» (пар. Мц 14, 27).

І сёння Езус паўтарае тыя самыя словы: «Не бойцеся, гэта Я!» Паўтарае католікам, праваслаўным, пратэстантам, паўтарае ўсім хрысціянам. Паўтарае, заахвочваючы жыць той духоўнай пераменай, якую атрымалі праз перамогу Хрыста, у Ім пакласці сваю надзею і дабром, якое чынім з дапамогай Ягонай ласкі, сумесна перамагаць зло, каб у гэтым праявілася наша бачнае адзінства, каб мы былі адзіным сэрцам і адзіным духам і каб пра нас казалі: як добра і прыемна братам жыць у адзінстве (пар. Пс 133 (132), 1). Амэн.

Адноўлена 22.01.2012 10:31
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі