Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі ва ўрачыстасць Нараджэння Пана 2006 г.
Умілаваны народ Божы,
дарагія браты і сёстры!

«Калі спакойная ціша ахапіла ўсё, і ноч у сваім бегу дайшла да сярэдзіны, усемагутнае Слова Тваё з нябёсаў, з каралеўскіх пасадаў (…) упала сярод спустошанай зямлі, як востры меч, які нясе праўдзівы Твой наказ» (пар. Мдр 18, 14–15). У гэтых словах з кнігі Мудрасці Саламона Касцёл заўсёды бачыў прадказанне прыйсця ў свет уцелаўлёнага Слова Божага — Месіі-Хрыста. Невыпадкова самыя важныя падзеі гісторыі збаўлення — Нараджэнне Езуса Хрыста і Яго Уваскрасенне — адбываюцца менавіта ўначы, калі ўсё навокал ахоплена спакойнай цішай. У гэтай цішыні Бог прыходзіць да чалавека, каб вызваліць яго з цемры граху і смерці. Але як заўважыць, як «не праспаць» час Божага наведання?

Сёння, у эпоху інфармацыі і нябачанага дагэтуль развіцця сродкаў камунікацыі, пра кожную, нават самую нязначную падзею адразу становіцца вядома ва ўсім свеце.

Калі ж Езус нарадзіўся ў беднай стаенцы ў Бэтлееме, пра гэта не пісалася ў газетах, не абвяшчалася па радыё і тэлебачанні, толькі раптам загучаў сярод начной цішыні цудоўны спеў Анёлаў: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі».

Спачатку анёльскі спеў пачулі толькі бедныя бэтлеемскія пастушкі, якія разам са сваім статкам першымі прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Божаму Сыну. За імі да ўбогіх ясляў, у якія Марыя паклала Немаўлятка, прыбылі мудрацы з Усходу. Яны пераадолелі цяжар доўгага падарожжа, ідучы за праводнаю зоркаю, каб ушанаваць Валадара Сусвету і прынесці Яму свае дары.

У ціхую святую ноч Божага Нараджэння кожны з нас павінен знайсці час, каб, адклаўшы штодзённыя клопаты, усім сэрцам звярнуцца да вечных духоўных каштоўнасцяў, якія паходзяць ад Бога. Як жа часта гэтыя нязменныя каштоўнасці застаюцца ў нашым жыцці дзесьці ўбаку, хоць павінны быць яго непахіснаю асноваю.

На вялікі жаль, у наш час нам усё больш настойліва навязваецца рэлятывісцкі светапогляд, які, пазбаўляючы чалавека Боскага, пазбаўляе яго самога сапраўднай годнасці. Няхай жа свята Нараджэння Пана нагадае нам пра духоўныя каштоўнасці і такім чынам дапаможа вярнуць сапраўдную годнасць кожнай чалавечай асобе.

Павага да годнасці чалавечай асобы і яе неад’емных правоў, першае з якіх — права кожнага чалавека на жыццё з моманту зачацця да натуральнай смерці, з’яўляецца таксама асноватворным прынцыпам мірнага суіснавання ўсіх людзей, што неаднаразова падкрэсліваў наш вялікі сучаснік Слуга Божы Ян Павел ІІ, заклікаючы ўсіх людзей добрай волі да будавання супольнымі намаганнямі «цывілізацыі любові».

Вучэнне Вялікага Папы сёння развівае таксама яго наступнік Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Менавіта чалавечая асоба і яе годнасць знаходзяцца ў цэнтры яго паслання на Сусветны дзень міру, які мы традыцыйна адзначым у першы дзень новага 2007 года. Папа ўпэўнены ў тым, што, калі мы шануем асобу, умацоўваецца мір і такім чынам рыхтуецца мірная будучыня для наступных пакаленняў. У пасланні, якое Святы Айцец назваў «Чалавечая асоба — сэрца міру», ён звяртаецца да кіраўнікоў народаў і да ўсіх людзей добрай волі з пажаданнем міру. Гэтае пажаданне ён скіроўвае «перадусім да тых, хто пакутуе ад болю і цярпенняў, да тых, каму пагражае насілле і моц зброі, а таксама да тых, хто, пазбаўлены ўсялякай годнасці, чакае, што яго ацэняць належным чынам на чалавечым і грамадскім узроўні». Святы Айцец скіроўвае гэтае пажаданне таксама «да дзяцей, нявіннасць якіх узбагачае чалавецтва дабрынёю і надзеяй, а іх цярпенне схіляе ўсіх нас да таго, каб мы спрыялі ўсталяванню справядлівасці і міру».

Не сакрэт, што менавіта дзеці найбольш пакутуюць ад безадказных дзеянняў дарослых, што прыводзяць да ўзнікнення канфліктаў, якіх так шмат у сучасным свеце. Як у часы Езуса мірнае існаванне жыхароў Бэтлеема было гвалтоўна парушана царом Ірадам, які, баючыся страціць сваю ўладу, загадаў забіць у гэтым мястэчку ўсіх маленькіх хлопчыкаў, так і сёння ў многіх «гарачых кропках» нашай планеты мільёны дзяцей становяцца нявіннымі ахвярамі войнаў і братазабойчых канфліктаў. А колькі дзяцей падобна, як Езус на сене ў бедных бэтлеемскіх яслях, дрыжаць ад холаду абыякавасці і няўважлівасці з боку дарослых! Прычым гэта адбываецца нават у найбольш заможных краінах, у забяспечаных сем’ях, дзе пагоня за матэрыяльнымі каштоўнасцямі і дабрабытам часта знішчае добразычлівыя і адкрытыя чалавечыя адносіны і ператварае сем’і ў «вольныя саюзы», пабудаваныя на кантрактнай аснове, а не на любові і ўзаемнай павазе. Нямала дзяцей таксама становяцца заложнікамі залежнасці іх бацькоў ад алкаголю і наркотыкаў.

Сузіраючы ў гэтыя святочныя дні Святую Сям’ю — Дзіцятка Езуса, Марыю і Юзафа — мы павінны ўсвядоміць, што павага да сям’і і сямейных каштоўнасцяў з’яўляецца самаю важнаю ўмоваю нармальнага грамадскага жыцця і сацыяльнага ладу.

Чалавек, якога Бог стварыў мужчынам і жанчынаю, пакліканы да цэласнай самарэалізацыі ў сям’і, праз дабравольнае прынясенне сябе самога ў дар іншай асобе. Пра гэта нам нагадвае Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй першай энцыкліцы Deus caritas est — «Бог ёсць любоў», якая з’явілася ў гэтым годзе. Адыход ад традыцыйнага падыходу да сям’і, глыбока ўкаранёнага ў натуры чалавека, цягне за сабою безліч негатыўных наступстваў, самае страшнае з якіх — разбурэнне асобы праз эгаізм, распусту і, у выніку, страту сэнсу жыцця.

Перад выклікам гэтых трывожных з’яваў сучаснасці, якія становяцца асабліва заўважнымі ў святле ўрачыстасці Божага Нараджэння, з’яўляецца відавочнаю неабходнасць аб’яднання намаганняў усіх людзей добрай волі для іх прераадолення. Перш за ўсё гэта датычыцца нас, хрысціянаў. Езус, Адзінародны Сын Божы, які ўжо больш за дзве тысячы гадоў таму прыйшоў у свет, прыняўшы чалавечае цела, заклікае нас рашуча адстойваць годнасць і правы чалавечай асобы.

Таму заданнем першачарговай важнасці становіцца аб’яднанне дзеянняў усіх хрысціянскіх канфесій дзеля пашырэння ва ўсім свеце праўдзівага бачання чалавека і яго найвышэйшага прызначэння.

У нас, на Беларусі, дзе традыцыйна суіснуюць розныя накірункі хрысціянства, гэтае заданне набывае асаблівую актуальнасць і ўскладае на нас канкрэтныя абавязкі развіваць і паглыбляць міжканфесійны дыялог. Заахвочаннем для нас няхай паслужыць нядаўняя сустрэча Святога Айца Бэнэдыкта XVI з кіраўнікамі братніх Праваслаўных Цэркваў — Канстанцінопальскім Патрыярхам Барталамеем І і грэцкім архібіскупам Афінскім і ўсёй Элады Хрыстадулам. Падчас гэтых сустрэчаў, што адбыліся ў Стамбуле і Ватыкане напрыканцы адыходзячага ў гісторыю 2006 года, былі падпісаныя супольныя дэкларацыі, якія сталі жыватворчым імпульсам у справе збліжэння братніх супольнасцяў. У дакументах адзначаецца, што супольным заданнем Касцёла і Царквы з’яўляецца дыялог у праўдзе і аднаўленне поўнага адзінства веры ў любові.

Іерархі заклікаюць усіх вернікаў да развіцця міжрэлігійнага дыялогу, а таксама да канкрэтных дзеянняў у абарону міру. У дэкларацыях падкрэсліваецца, што рэлігіі ніколі не могуць быць крыніцаю нецярпімасці ці насілля, што набывае асабліва вымоўнае гучанне ў той час, калі розныя дэструктыўныя сілы спрабуюць апраўдаць рэлігійнымі матывамі злачынствы, скіраваныя супраць чалавечай асобы. У дэкларацыях гучыць настойлівае патрабаванне шанаваць сакральны характар чалавечай асобы і яе годнасць, а таксама пажаданне больш эфектыўнай абароны асноўных правоў чалавека. Іерархі заклікаюць вернікаў абедзвюх канфесій быць нястомнымі сведкамі Божай любові.

Такі пазітыўны дынамізм у развіцці каталіцка-праваслаўнага дыялогу дае нам моцную надзею на тое, што ўжо блізкі той час, калі наш агульны кантынент, Еўропа, пачне на поўніцу дыхаць абодвума лёгкімі,як вобразна назваў Касцёл і Царкву Вялікі Папа Ян Павел ІІ, які падчас свайго плённага пантыфікату зрабіў неацэнны ўнёсак у развіццё справы экуменізму.

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Віншую ўсіх нашых суайчыннікаў — вернікаў Каталіцкага Касцёла — са святам Божага Нараджэння, а таксама перадаю мае найлепшыя пажаданні вернікам братняй Праваслаўнай Царквы, якія адзначаць гэтае цудоўнае свята праз два тыдні. Дазвольце пажадаць вам усім мірнай будучыні, упэўненасці ў заўтрашнім дні і той сапраўднай радасці, што напаўняе сэрца кожнага чалавека, які ў цішыні і спакоі Святой Ночы зможа адкрыць Бога, пакланіцца Яму і з даверам даручыць Яму ўсё сваё жыццё. Няхай Божае Дзіцятка прыйдзе ў кожную сям’ю, у кожнае чалавечае сэрца, каб такім чынам ва ўсім свеце пашыралася Валадарства міру і справядлівасці, Валадарства праўды і любові — Валадарства Езуса Хрыста.

Са святам!

Адноўлена 18.07.2009 17:27
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі