Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (Барысаў, 2006 г.)
1. Гісторыя свята

Сёння мы адзначаем свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Святое Пісанне нідзе не ўзгадвае пра нараджэнне Марыі. Аднак традыцыя гаворыць, што Яе бацькамі былі святая Ганна і святы Яўхім. Яны былі пабожнымі юдэямі. Нягледзячы на іх пажылы ўзрост, яны не мелі дзяцейі, а ў тыя часы гэта лічылася пакараннем за грахі продкаў. Таму Ганна і Яўхім шчыра прасілі Бога аб дзіцяці. Бог выслухаў іх просьбы і, як узнагароду за іх бязмежны давер Яму, учыніў так, што Ганна нарадзіла дачку Марыю. Ганна тады яшчэ не ведала, што Марыя была беззаганна зачатая і захаваная ад усялякага граху, каб пазней, паслухмяная Божай волі, Яна стала Маці Божаю.

У нас, на Беларусі, свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі называюць па-народнаму Багач. Нездарма існуе прымаўка: прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку — сей памаленьку. Людзі найперш хацелі, каб кінутае ў зямлю зерне благаславіла Багародзіца. З пасяўным зернем мяшалі зерне, вылушчанае з каласоў, якія былі разам з кветкамі і зёлкамі асвечаныя ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Маці Божай, каб выпрасіць добры ўраджай. У свята Багача ладзілі таксама дажынкі.

2. Нараджэнне новага стварэння — пакора і падпарадкаванне Божай мудрасці

Сённяшняе свята нагадвае нам пра тое, што Марыя была звычайным чалавекам. Хоць Яна і была захаваная ад заганы першароднага граху, аднак на працягу ўсяго свайго жыцця мела вольную волю і не была абмежавана ніякім прадвызначэннем. Гэтак жа, як і кожны з нас, Яна мела сваіх бацькоў, расла, бавілася, дапамагала па гаспадарцы, мела знаёмых і сваякоў. Толькі Яе давер, паслухмянасць і поўны веры адказ на Божы голас учынілі, што «будуць праслаўляць Яе ўсе пакаленні».

Хвала Марыі паходзіць з таго, што ўсю сваю надзею Яна ўскладала на Божую Праўду. Можна сказаць, што Божая мудрасць была Яе жыццёваю кіраўніцаю. На многіх абразах Маці Божая паказаная падчас вывучэння Святога Пісання, якое дае «сапраўднае разуменне кожнай створанай рэчы ў яе адносінах да Бога» (ККК 216). Гімн «Magnifiсat», якім Маці Божая выказвае ўдзячнасць Богу, складаецца з розных урыўкаў Боганатхнёнага тэксту. Марыя была так шчыльна злучаная з Божым словам, што яно перапаўняла Яе памяць, вызначаючы Яе думкі і ўчынкі. Традыцыя Касцёла часта выкарыстоўвала ў адносінах да Марыі найпрыгажэйшыя словы, якія гаварылі пра Мудрасць; у літургіі ж Яна ўслаўляецца і паўстае перад намі як «Сталіца Мудрасці» (пар. ККК 721).

Імя «Марыя» ў габрэйскай мове азначае «пані» і «надзею». Маці Божая паказвае нам, што асаблівую годнасць і надзею на зямное шчасце і вечнае збаўленне мае той, хто штодня кіруецца Божаю Мудрасцю і Евангеллем, таму што Божая Праўда з усёй моцаю падкрэслівае годнасць кожнай чалавечай асобы як Божага дзіцяці, аднаўляе першапачатковае братэрства, вучыць бачыць прыроду і ўсведамляць, што такое праца, дае матывацыю жыць у радасці і добрым настроі, нягледзячы нават на жыццёвыя цяжкасці.

3. Бацькоўскае заданне рэлігійнага выхавання дзіцяці

Калі бацькі жадаюць свайму дзіцяці поўнага шчасця, то яны павінны паклапаціцца пра яго рэлігійнае выхаванне. Пачатак новага катэхетычнага года з’яўляецца добраю нагодаю, каб усвядоміць адказнасць бацькоў за маральнае, духоўнае і звышнатуральнае выхаванне сваіх дзяцей. Яно з’яўляецца першасным заданнем бацькоў, ад выканання якога залежыць пачуццё спаўнення сваёй місіі на зямлі. Гэтае выхаваўчае заданне мае такое вялікае значэнне, што яго магчымы недахоп цяжка было б чым-небудзь замяніць. Затое распачатае з руплівасцю, з разлікам на Божую дапамогу, яно становіцца жыццёвым багаццем дзяцей, іх капіталам, за які яны могуць набыць шчасце на зямлі і ў вечнасці. Марыя з’яўляецца для ўсіх бацькоў доказам плённасці гэтага шляху. Як раней мы казалі, «будуць праслаўляць Яе ўсе пакаленні» за надзею, ўскладзеную на Бога, і адкрыццё годнасці Божага дзіцяці. Папа Бэнэдыкт ХVI на Кангрэсе сям’і ў Валенсіі нагадаў пра каштоўнасць спадчыны, якая перадаецца дзецям праз выхаванне. Ён сказаў: «Калі нараджаецца дзіця, праз адносіны са сваімі бацькамі яно пачынае належаць да сямейнай традыцыі, якая мае яшчэ больш даўнія карані. Разам з дарам жыцця яно атрымлівае ўсю спадчыну вопыту. У сувязі з гэтым бацькі маюць права і непазбежны абавязак перадаваць яго дзецям: выхоўваць іх так, каб яны маглі знайсці сябе, увайсці ў грамадскае жыццё, навучыцца карыстацца сваёй маральнай сабодаю і здольнасцю любіць праз адчуванне таго, што іх таксама любяць, а асабліва ў сустрэчы з Богам. Дзеці растуць і дасягаюць чалавечай сталасці настолькі, наколькі яны з даверам прымаць гэтую спадчыну і гэтае выхаванне, якія паступова засвойваюць. Такім чынам яны здольныя выпрацоўваць асабісты сінтэз таго, што атрымалі, і таго новага, чаму вучацца, і што кожны чалавек і кожнае пакаленне мае заданне рэалізаваць».

Бацькі павінны распачаць выхаванне ў веры з самага дзяцінства. Выхаванне распачынаецца ўжо тады, калі члены сям’і дапамагаюць адно аднаму ўзрастаць у веры праз прыклад хрысціянскага жыцця, згоднага з Евангеллем. Катэхізацыю ў сям’і падтрымлівае і дапаўняе парафія, якая арганізуе навучанне катэхізісу. Часта так здараецца, што бацькі не карыстаюцца ў поўнай меры гэтаю дапамогаю Касцёла, апраўдваючы сябе тым, што дзіця ўжо прыняло Першую святую Камунію і што гэтага ўжо дастаткова. Яны забываюцца, што чалавеку, параненаму грахом, цяжка захоўваць маральную раўнавагу. Дар збаўлення, атрыманы ад Хрыста, патрабуе няспыннага пазнавання, каб ён стаў нашай асабістай мудрасцю, каб так, як у жыцці Марыі, ён абумоўліваў нашае мысленне і нашыя рашэнні. Калі катэхізацыя дзіцяці перапыняецца на год ці два, гэта становіцца вялікаю стратаю ў набыцці Божай мудрасці, а без яе можа так стацца, што дзіця ўвогуле ніколі не адкрые сваёй годнасці Божага дзіцяці і будзе заўсёды закамплексавана, пазбаўлена надзеі, якая надае жыццю дынамізм. Сувязь дзіцяці з Богам фармуе характар, дапамагае рабіць дабро і пазбягаць зла (пар. ККК 1811). Толькі дзіця, якое пазнае Божую любоў, можа быць шчаслівым, бо сярод жыццёвых цяжкасцяў і ў хвіліны адзіноты знаходзіць для сябе моцную апору (пар. ККК 1810).

Асабліва я хачу звярнуцца да тых каталікоў, якія жывуць у так званых змяшаных сужэнствах: беражыце сваіх дзяцей ад перашкодаў у сістэматычнай катэхізацыі. Адстойваючы правы дзіцяці на каталіцкае выхаванне, вы клапоціцеся пра яго будучае шчасце. Вы маеце права на гэта, бо калі заключалася сужэнства, ад некаталіцкага боку патрабавалася згода ахрысціць і выхаваць дзяцей у Каталіцкім Касцёле.

4. Словы, скіраваныя да катэхетаў

Словы ўдзячнасці скіроўваю да ўсіх катэхетаў, якія, выхоўваючы дзяцей у духу веры, будуюць такім чынам Цела Хрыста — містычнае вымярэнне Касцёла.

Ваша праца асабліва важная для будучыні дзіцяці і для Касцёла, бо ад катэхізацыі «ў найвышэйшай ступені залежыць не толькі распаўсюджанне Касцёла ў свеце і яго колькаснае павелічэнне, але яшчэ больш яго ўнутранае развіццё і адпаведнасць Божай задуме» (ККК 7). Катэхет выканае гэтае заданне, калі дазволіць, каб праз яго навучаў сам Хрыстус. Гэта можа здзейсніцца настолькі, наколькі верна тыя, хто навучаюць, перадаюць Божую мудрасць, Евангелле. Трэба, каб да кожнага катэхета можна было аднесці гэтыя неспасцігальныя словы Езуса: «Маё вучэнне — не Маё, а таго, хто паслаў Мяне» (Ян 7, 16).

Жаданне ўсё больш глыбокага пазнання веры, каб верна яе перадаваць, нараджаецца з прасякнутага любоўю пазнання Хрыста. Таму неабходна, каб кожны з вас меў насычанае духоўнае жыццё, бо яно дае магчымасць адкрыць любоў Хрыста, якая праяўляецца ў вашай штодзённасці. Падрыхтоўка катэхетаў, якая пачынаецца ў гэтым годзе, павінна дапамагчы вам у гэтым.

5. Марыя паказвае Хрыста

Я заахвочваю вас зрабіць Марыю апякункаю сваёй катэхізацыі, бо Яна найпаўней і найчысцей паказвала Хрыста. Яна з’яўляецца недасяжным прыкладам для бацькоў і катэхетаў. Для Яе Касцёл робіць выключэнне, таму што часцей за ўсё ў Касцёле ўрачыста адзначаецца нараджэнне святых для неба, гэта значыць, дзень іх смерці. Прыйсце Марыі ў свет становіцца світаннем збаўлення для ўсяго свету, бо сваім жыццём Яна паказала, што за вялікая моц шчасця сыходзіць з Евангелля, якое абвяшчаў Яе Сын — Сонца справядлівасці, Хрыстус, наш Бог.

Нараджэнне Марыі наблізіла збаўленне свету. Жыццё Касцёла канцэнтруецца вакол таямніцы Хрыста. Для Касцёла Хрыстус — гэта ўсё, і таму Касцёл не абмяжоўваецца толькі адзначэннем узыходу Сонца — Божага нараджэння, а чувае ўжо пры з’яўленні Світання. Гэта непадзельная повязь Марыі — Світання і Хрыста — Сонца вельмі прыгожа выказана ў словах візантыйскай літургіі:

 

Нараджэнне Тваё, Багародзіца,
абвясціла радасць усяму свету:
бо з Цябе ўзышло Сонца Справядлівасці,
Хрыстус, наш Бог.
Ён знішчыў праклён,
даў нам благаслаўленне,
перамог смерць,
падараваў вечнае жыццё.

Амэн.

Адноўлена 18.07.2009 16:59
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі