Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова біскупа Антонія Дзям’янкі на заканчэнне музычных варштатаў у Івянцы 2006 г.
1. Спеў — частка мастацтва

Заданне Касцёла — абвяшчаць пасланне Божай Любові, якое найлепш выявілася ў асобе Хрыста. Касцёл для рэалізацыі гэтага задання карыстаецца рознымі сродкамі. Адным з іх з’яўляецца мастацтва. Перад Касцёлам пастаўлена складанае заданне: прывабна і прыкметна паказваць духоўную, нябачную рэчаіснасць, якая дакранаецца да Божых таямніцаў. Касцёл у зразумелых і даступных формах павінен выяўляць тое, што само па сабе цяжка ўявіць. Касцёл, каб выканаць гэтае заданне, звяртаецца па дапамогу мастацтва, бо менавіта яно мае здольнасць браць які-небудзь урывак паслання Божай любові і пераносіць яго на мову фарбаў, формаў і гукаў. Мастацтва можа дапамагчы таму, хто слухае або глядзіць, зразумець евангельскае пасланне. Пры гэтым мастацтва мае такую ўласцівасць, што не адбірае ў самога паслання Евангелля ні трансцэдэнтнага вымярэння, ні аўры таямніцы.

Мастацтва спрабуе дайсці да чалавека праз паказ яму прыгожага. Яно наследуе тое, што рабіў Бог, калі ствараў свет. Бог бачыў, што ўсё створанае Ім было дабрае і прыгожае. Прыгожым можа быць толькі тое, што робіць бачным дабро. Такім чынам касцёльнае мастацтва праз прыгажосць павінна паказваць і звяртаць увагу на найважнейшае дабро ў жыцці чалавека — веру, асабістую сувязь з Богам праз прыняцце Яго любові. Вельмі трапна растлумачыў суадносіны прыгажосці і дабра веры польскі паэт Цыпрыян Норвід. Ён напісаў такія словы: «(...) Прыгажосць існуе для таго, каб заахвочваць да працы, а праца, каб уваскрэснуць».

 
2. Роля спеву ў жыцці Касцёла

Пазнанне Божай любові адбываецца праз веру. Вера можа ўзбагачацца пад уплывам мастацкага ўспрымання. Прыкладам эстэтычнай кантэмпляцыі, якая вядзе да вяршыні веры, з’яўляюцца словы святога Францішка Асізскага, якія ён сказаў, калі атрымаў стыгматы на гары Верна: «Ты — прыгажосць (...). Ты — прыгажосць!» Святы Бонавентура так пракаментаваў гэтыя словы: «У прыгожых рэчах Францішак кантэмпляваў Найпрыгажэйшага, а ідучы па слядах, пакінутых Ім у стварэннях, усюды знаходзіў Умілаванага».

Кожная аўтэнтычная форма мастацтва з’яўляецца своеасаблівым шляхам доступу да больш глыбокай рэчаіснасці чалавека і свету, а праз гэта мастацтва уяўляе з сябе вельмі трапнае ўвядзенне ў перспектыву веры. З часоў Грыгора Вялікага пачынаецца буйное развіццё незвычайна арыгінальнай сакральнай музыкі, якая носіць яго імя. Натхнёная мелодыка грыгарыянскага спеву павінна была стаць у наступныя стагоддзі характэрнай формай выяўлення веры Касцёла ў музыцы падчас літургічнай цэлебрацыі святых таямніцаў. Такім чынам гэта «прыгажосць» ядналася з «праўдаю», каб таксама шляхам мастацтва пераносіць чалавечую душу з пачуццёвага свету ў вечную рэчаіснасць.

Слуга Божы Ян Павел ІІ у Лісце, скіраваным да людзей мастацтва, напісаў пра музыкантаў: «Касцёлу патрэбны таксама музыканты. Колькі ж твораў сакральнай музыкі было напісана на працягу стагоддзяў творцамі, якія былі прасякнуты глыбокім пачуццём таямніцы! (...) Спеў дазваляе перажываць веру як нястрымную радасць і любоў, як давелівае чаканне збаўчага Божага ўмяшальніцтва» (п. 12).

 
3. Умовы, якія павінен выконваць сакральны спеў

Заданне сакральнай музыкі — весці да пазнання чалавека і свету, да абуджэння веры ў Бога. Каб дасягнуць гэтай мэты, неабходна, каб рэлігійны спеў выконваў некалькі неабходных умоваў.

Першая умова такая: тэксты спеваў павінны абапірацца на Святое Пісанне. У Канстытуцыі аб літургіі Касцёла падкрэсліваецца, што тэксты, прызначаныя для касцёльнага спеву, павінны адпавядаць каталіцкаму веравучэнню. Перадусім іх трэба чэрпаць са Святога Пісання (пар. KL 121). Спеў павінен раскрываць таямніцу, заключаную ў словах Святога Пісання. Таму што гэта Кніга Жыцця апісвае падзеі, праз якія Бог выбавіў чалавека з няволі граху і паказаў яму сваю прабачальную любоў. Спеў, прасякнуты тэкстамі Святога Пісання, абуджае ў чалавеку дух малітвы.

Першыя хрысціянскія супольнасці складалі свае гімны і песні, чэрпаючы натхненне са Святога Пісання, таму іх песні апявалі нечуваныя падзеі, якія Бог здзейсніў у сваім Сыне: Яго Уцелаўленне, Яго Смерць, што перамагае смерць, Яго Уваскрасенне і Унебаўшэсце да Айца.

Сакральны спеў павінен весці да праслаўлення Бога і асвячэння вернікаў. Апакаліпсіс, спрабуючы растлумачыць тое, што павінна адбыцца, апісвае прарокаў і святых, якія страцілі жыццё на зямлі, сведчачы пра Езуса, як яны ўсхваляюць Таго, хто сядзіць на Троне і Ягня (пар. ККК 2642). У еднасці з імі Касцёл на зямлі таксама пакліканы, каб праслаўляць Бога і дзякаваць за «ўсялякі дасканалы дар, які паходзіць звыш ад Айца святла» (пар. Як 1, 17). Святое Пісанне заахвочвае, каб наш спеў быў выразам праслаўлення Бога: «Настаўляйце адно аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, спяваючы і выслаўляючы Пана ў сэрцах вашых» (пар. Эф 5, 19; Клс 3, 16). Праслаўленне і выслаўленне Бога падтрымлівае ў нас веру ва ўсемагутнасць Бога, а тая ў сваю чаргу захоўвае надзею насуперак чалавечай надзеі. Такім чынам сакральны спеў вядзе да асвячэння вернікаў, «бо справядлівы будзе жыць з веры» (пар. KL 112).

Сакральны спеў адрозніваецца сярод іншых відаў мастацтва перш за ўсё тым, што з’яўляецца неабходнай часткай урачыстай літургіі, асабліва справавання Эўхарыстыі (пар. ККК 1156). Спеў дапамагае перажываць святую Імшу праз прыгажосць спяванай малітвы, стварэнне для вернікаў магчымасці аднадумнага і дзейснага ўдзелу, а таксама надае ўрачысты характар цэлебрацыі. Святы Аўгустын наступным чынам апісвае перажыванні, звязаныя з літургіяй, упрыгожанай спевам: «Колькі ж разоў я плакаў, слухаючы гімны Твае і кантыкі, узрушаны прыемным спевам Твайго Касцёла. Гэтыя галасы ўліваліся ў мае вушы, а калі Твая праўда сцякала кроплямі ў сэрца, з яго выпарвала гарачае пачуццё пабожнай адданасці. З вачэй плылі слёзы і добра мне было з імі». Прыгажосць спеву можа шырока адчыняць чалавечую душу на праўду веры, заключаную ў Святым Пісанні. З гэтага пункту гледжання становяцца зразумелымі нам словы святога Аўгустына: «Двойчы моліцца той, хто добра спявае».

 
4. Клопат выканаўцы аб уласнай веры і святасці

Святы Аўгустын спазнаў незвычайнае пачуццё, бо ён услухоўваўся ў спеў тых, хто глыбока верыў у тое, што было сутнасцю іх песні. Слуга Божы Ян Павел ІІ напісаў: «Тысячы веруючых умацоўвалі сваю веру музыкай, якая зыходзіла з сэрцаў іншых веруючых і станавілася часткаю літургіі, а прынамсі вельмі каштоўнай дапамогай у яе годным справаванні».

Прымаючы ўдзел у музычных варштатах, мы не павінны забываць, што прыгажосць нашага спеву, які адкрывае на добро веры, залежыць не толькі ад тэхнікі выканання твораў. Сутнасць заключаецца ў веры таго, хто імкнецца тварыць згодна з вучэннем Касцёла, пакідаючы прыгажосць Святога Пісання.

Таму ў першую чаргу клапаціцеся пра ўласнае асвячэнне, бо яно адкрывае нам вочы на Божую любоў. Хто спазнае гэтую любоў, можа ствараць песні, якія нясуць радасць і любоў, якія нясуць веру ў збаўчае ўмяшальніцтва Бога. Клопат пра ўласнае духоўнае жыццё абараняе артыста ад таго, каб прыгажосць яго працы не захінула яму Бога, каб не аказалася, што клапоцячыся пра іншых, ён сам забыўся пра Бога.

 
5. Мастацтва на службе Евангелля

Слуга Божы Ян Павел ІІ скіраваў ліст да ўсіх людзей мастацтва. Гэты ліст не страціў сваёй актуальнасці таксама і ў наш час і з’яўляецца заданнем для нас: «Звяртаюся да вас, людзі мастацтва ўсяго свету, каб яшчэ раз выказаць вам маю павагу, а таксама, каб прычыніцца да паўторнага наладжвання больш плённага супрацоўніцтва паміж светам мастацтва і Касцёлам. Скіроўваю да вас заклік, каб вы нанава адкрылі глыбокае духоўнае і рэлігійнае вымярэнне мастацтва, якое ва ўсе стагоддзі характарызавала яго самыя высакародныя справы. (...) Звяртаюся асабліва да вас, хрысціянскія артысты; кожнаму з вас я прагну нагадаць, што запавет, які спрадвеку існуе паміж Евангеллем і мастацтвам (...) звязаны з заклікам да пранікнення творчай інтуіцыяй у глыбіню таямніцы Уцелаўлёнага Бога, а разам з тым у таямніцу чалавека.

(...) У Хрысце Бог паяднаў свет з сабою. Усе веруючыя пакліканы даваць сведчанне пра гэта, але гэта вы, якія прысвяцілі жыццё мастацтву, павінны паказваць багацце свайго генія, што свет адкуплены Хрыстом. Адкуплены чалавек, адкупленае чалавечае цела, адкупленае ўсё стварэнне, пра якое святы Павел напісаў, што „з прагаю чакае аб’яўлення сыноў Божых“» (Рым 8, 19). Гэта стварэнне чакае аб’яўлення сыноў Божых таксама праз мастацтва і ў мастацтве. Менавіта такое вашае заданне. Маючы стасункі з творамі мастацтва, чалавецтва ўсіх стагоддзяў — таксама і сучаснае — спадзяецца, што дзякуючы ім лепш пазнае свой шлях і прызначэнне» (Ліст да людзей мастацтва, п. 14).

Адноўлена 18.07.2009 16:41
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі