Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі у дзень Першай святой Камуніі ў парафіі св. Сымона і св. Алены ў Мінску 2006 г.
«Бярыце і ешце, гэта Цела Маё», — такія словы сказаў Езус сваім вучням на Апошняй Вячэры ў Вялікі чацвер. Такім чынам Ён даў сябе самога як духоўную спажыву вучням, каб яны працягнулі Яго місію ў свеце і мелі сілы для выканання даручанага ім адказнага задання — быць сведкамі Хрыста. У гэтым таксама здзейснілася абяцанне Збаўцы, які сказаў: «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння свету» (Мц 28, 20).

Езус нябачным чынам застаўся сярод нас у Эўхарыстыі. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла навучае: «Эўхарыстыя — гэта Ахвяра Цела і Крыві Хрыста, якую Ён устанавіў, каб у ёй праз усе вякі, аж да свайго прыйсця, увасобіць Ахвяру Крыжа і такім чынам даверыць Касцёлу памяць сваёй мукі і ўваскрасення. Яна з’яўляецца знакам еднасці, повяззю любові, пасхальнай радасцю, падчас якой мы прымаем Хрыста, напаўняем душу ласкай і атрымліваем задатак будучай хвалы».

Для групы дзяцей вашай парафіі ў гэтую нядзелю прыйшла такая ж узнёслая хвіліна, якую перажылі калісьці вучні Хрыста на Апошняй Вячэры. Сёння, дарагія дзеткі, Езус звяртаецца да кожнага з вас і гаворыць: «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё». Апосталы рыхтаваліся да прыняцця гэтага найдаражэйшага дару ад Езуса, будучы Яго вучнямі на працягу трох гадоў. Вы таксама з’яўляецеся вучнямі Езуса і прайшлі належную падрыхтоўку да такой важнай падзеі ў вашым жыцці, якой з’яўляецца Першая святая Камунія. Вам дапамаглі падрыхтавацца да яе вашыя бацькі і родныя, святары і катэхеты. У сям’і вы бачылі добры прыклад хрысціянскага жыцця, а таксама як каштоўны дар атрымалі ад бацькоў, ад бабуляў і дзядуляў традыцыі продкаў. На працягу двух гадоў вас рыхтавалі да Першай Камуніі душпастыры і катэхеты. Усім ім я хачу выказаць словы шчырай падзякі за клопат пра духоўнае ўзрастанне наймалодшых членаў парафіяльнай супольнасці.

Кожны, хто прымае Езуса ў Эўхарыстыі, павінен верыць у тое, што сам Хрыстус сапраўды прысутнічае ў Гостыі, якую кансэкруе святар падчас святой Імшы. Катэхізіс вучыць нас, што «Езус Хрыстус у Эўхарыстыі прабывае выключным і непараўнальным спосабам. У Гостыі Ён прысутнічае сапраўды, рэальна і субстанцыяльна: з Целам і Крывёй, з душою і Боствам. Ён прысутны сакрамэнтальным чынам, гэта значыць, у эўхарыстычных постацях хлеба і віна знаходзіцца ўвесь Хрыстус: Бог і Чалавек».

Святая Камунія з’яўляецца для вернікаў духоўным пасілкам. Яна умацоўвае наш дух на шляху да святасці. Яе вобразам была для ізраільцянаў манна на пустыні падчас цяжкай вандроўкі з егіпецкай няволі ў Святую Зямлю. Яе правобразам быў і цудоўны пасілак прарока Іллі, які пасля яго мог на працягу сарака дзён і начэй ісці да Божай гары Горэб. Катэхізіс вучыць нас пра духоўнае ўзрастанне верніка, які прымае Эўхарыстычнага Хрыста: «Святая Камунія паглыбляе нашу еднасць з Хрыстом і Яго Касцёлам, падтрымлівае і аднаўляе жыццё ласкі, атрыманае падчас хросту і ў бежмаванні, і ажыўляе нашу любоў да бліжнняга. Умацоўваючы нас у любові, яна здымае лёгкія грахі і захоўвае ад смяротных грахоў у будучым».

Вы, дарагія дзеці, прыступаеце да Першай святой Камуніі ў год, калі Каталіцкі Касцёл у Беларусі адзначае пятнаццацігоддзе свайго адраджэння. Цяпер, у адрознені ад папярэдніх часоў рэлігійнага пераследу, дзеці і моладзь могуць належна падрыхтавацца і ўрачыста прыняць у сваё сэрца Хрыста. «Нельга забываць пра вялікія справы Божыя», — чытаем у пастырскім пасланні біскупаў нашай краіны на сённяшнюю нядзелю з нагоды вышэйзгаданай гадавіны.

Слуга Божы Ян Павел ІІ у энцыкліцы Veritatis Splendor напісаў пра дзеянне Эўхарыстыі: «Удзел у Эўхарыстыі, сакрамэнце Новага Запавету, з’яўляецца найвышэйшаю праяваю падабенства да Хрыста, вытокам вечнага жыцця, фундаментам і моцай поўнага дару самога сябе». Вялікі Папа ўсё жыццё памятаў пра дзень уласнай Першай святой Камуніі: «Незабыўнай сустрэчай з Езусам, несумненна, з’яўляецца Першая святая Камунія — дзень, які застаецца ва ўспамінах як адзін з найпрыгажэйшых у жыцці... Яшчэ захоўваеца ў маёй памяці той дзень, калі я з равеснікамі і равесніцамі ўпершыню прымаў Эўхарыстыю ў маім парафіяльным касцёле».

Дарагія дзеці! Сёння для вас таксама незабыўны, урачысты, радасны дзень. Распачаўся новы перыяд у вашым духоўным жыцці. Няхай Эўхарыстычны Езус будзе займаць у ім належнае першае месца. Няхай у гэтым вам дапамогуць вашыя святары, бацькі, хросныя, родныя, усе парафіяне. Старайцеся як найчасцей прымаць святую Камунію.

На заканчэнне хачу вам нагадаць просьбу Хрыста, якую Ён перадаў праз святую Фаўстыну, «Апосталку Божай Міласэрнасці». Езус скіраваў да яе такія словы: «Дачка мая, імкніся як найчасцей прымаць святую Камунію. Акрамя выпадку, калі ты будзеш добра ўсведамляць, што маеш цяжкі грэх, ва ўсіх іншых выпадках няхай аніякія сумнненні не стрымліваюць цябе ад паяднання са Мною ў таямніцы Маёй любові. Твае нязначныя правіны знікаюць у маёй любові, як саломінка, кінутая ў агонь. Ведай, што ты вельмі Мяне засмучаеш, калі не прымаеш Мяне ў святой Камуніі».

Адноўлена 18.07.2009 16:28
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі