Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янкі на дзень святога Юзафа 2006 г.
20.03.2006

Пасля Маці Божай святы Юзаф – гэта найбольшы святы ў небе. Пакорлівы цясляр з Назарэту – па (атрыманых ?) ласках і благаславеннях перавышае патрыярхаў, прарокаў, святога Яна Хрысціцеля, святых Пятра і Паўла, іншых апосталаў, святых мучанікаў і доктараў Касцёла.

У першай Эўхарыстычнай малітве ён займае першае месца пасля Найсвяцейшай Панны Марыі. Хрысціяне ва ўсе часы прасілі апекі ў гэтага святога.

Сведчыць пра гэта літанія да святога Юзафа, у якой шчодра пералічваюцца прывілеі святога: слаўны патомак Давіда, святло патрыярхаў, апякуне Багародзіцы, прачысты апякун Панны, узор працуючых, аздоба сямейнага жыцця, апякуне паннаў, апора сем’яў, суцяшэнне няшчасных, надзея хворых, апякуне паміраючых, пострах злых духаў, апякуне Касцёла святога.

Евангелле ад святога Мацвея (раздзел 1, 20-21) падае, што Анёл Пана звярнуўся да гэтага праведнага чалавека ў сне: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў».

Слуга Божы Папа Ян Павел ІІ у адгартацыі Аб місіі святога Юзафа напісаў, што ў гэтых словах заключаецца цэнтральны момант біблійнай праўды аб святым Юзафе.

Анёл звяртаецца да Юзафа, як да мужа Марыі, да таго, хто дасць імя Сыну, якога народзіць Панна з Назарэту, заручаная з ім. Звяртаецца да Юзафа, давяраючы яму заданне зямнога бацькі ў адносінах да Сына Марыі. Святы Юзаф паказаў прыклад гатоўнасці волі, – так, як Марыя, – адносна таго, што пажадаў ад яго Боскі пасланец.

Так, як Марыя, Юзаф быў адданы Богу. Як навучае Сабор: «Богу, які аб’яўляецца, належыць аказаць паслушэнства веры, ... праз якое чалавек па вольнай волі давяраецца Богу, аказваючы поўнае адданне розуму і волі Богу, які аб’яўляецца» (Канстытуцыя аб аб’яўленні Божым Dei verbum, 5).

Бог выбірае святога Юзафа сужэнцам Марыі, каб забяспечыць для Езуса бацькоўскую апеку. Адсюль вынікае, што бацькоўства з’яўляецца той сувяззю, якая найбольш яднае з Хрыстом – вяршыняй кожнага абрання і прызначэння.

Евангеллі, хоць выразна сцвярджаюць, што Езус быў зачаты ад Святога Духа і ў гэтым сужэнстве было захавана дзявоцтва, называюць Юзафа сужэнцам Марыі, а Марыю – сужонкаю Юзафа.

Разважаючы над істотаю сужэнства, святы Аўгустын і святы Тамаш бачаць яе нязменна «у непарыўнай лучнасці душ», у еднасці сэрцаў і ўзаемнай згодзе, гэта значыць, у тым, што прыкладна аб’явілася ў сужэнстве Марыі і Юзафа.

На парозе Новага Запавету, як калісьці на парозе Старога, пастаўлена пара сужэнцаў. Толькі з вялікай адрознасцю. Калі сужэнства Адама і Евы стала крыніцай зла, якое агарнула ўвесь свет, то сужэнства Юзафа і Марыі становіць вяршыню, з якой святасць ліецца на ўсю зямлю. Збаўца распачаў справу збаўлення ад дзявочай і святой уніі, у якой аб’яўляецца Яго ўсемагутная воля ачышчэння і асвячэння сям’і – санктуарыя любові і калыскі жыцця.

Сям’я атрымлівае місію варты, аб’яўлення і перадачы любові, якая з’ўляецца жывым адлюстраваннем і сапраўдным пераказам любові Бога чалавецтву і любові Хрыста Пана Касцёлу, Яго Абранніцы. У Святой Сям’і цудоўным намерам Божы Сын жыў ... скрыты доўгія гады: таму Святая Сям’я дае ўзор і прыклад усім хрысціянскім сем’ям.

Бог прызваў святога Юзафа, каб непасрэдна служыў асобе і пасланню Езуса, выконваючы абавязкі бацькі: такім чынам Юзаф мае ўдзел у поўні часу ў вялікай Таямніцы Адкуплення і з’яўляецца сапраўды «слугою Збаўлення». Яго бацькоўства праявілася канкрэтна ў тым, што з «свайго жыцця ён учыніў служэнне, склаў яго ў таямніцы Ўцелаўлення і звязанай з ёю місіі Адкуплення, і сапраўды з’яўляецца слугою Збаўлення».

Ён паслугоўваўся ўладай, якая яму належала ў Святой Сям’і, каб прынесці поўны дар сябе, свайго жыцця, працы; Юзаф перайначыў сваё мужчынскае пакліканне да сямейнай любові, перайначыў у ахвяру, якая перавышае чалавечыя сілы, перайначыў у ахвяру свайго сэрца і ўсіх здольнасцяў у любоў, аддадзеную на службу Месіі, які рос ў ягоным доме.

Літургічная малітва прыпамінае, што Бог даверыў маладосць нашага Збаўцы вернаму вартаўніку і абаронцу – святому Юзафу, і дадае: «як вернага і разважлівага слугу паставіў над сваёю сям’ёю, каб распасцёр апеку над ... Адзінародным Тваім Сынам».

Святы Лявон ХІІІ-ы падкрэсліў узнёсласць місіі святога Юзафа: «Ён перавышае ўсіх людзей сваёю пасадаю, таму што па Божым распараджэнні быў апекуном Божага Сына, а ў перакананні акружэння, яго бацькам. Натуральным вынікам было тое, што Адвечнае Слова святому Юзафу з пакорай было падданае і аказвала яму пашану, якую павінны аказваць дзеці сваім бацькам».

Але таксама «Юзаф моцаю асаблівага дару Нябёсаў акружаў Езуса натуральнай любоўю і клопатам, якія могуць нарадзіцца ў сэрцы бацькі».

Юзаф быў тым, хто адказваў за парадак пры нараджэнні Пана, яго заданнем быў клопат увесці ў свет Сына, захаваўшы Божыя наказы і правы чалавечай супольнасці. Усё так званае асабістае альбо скрытае жыццё Езуса было даверана бацькоўскай апецы Юзафа.

Узрастанне Езуса ў мудрасці, у ласцы, Яго сталенне адбывалася ў асяроддзі Святой Сям’і пад апекай святога Юзафа, на якім ляжала ўзнёслае заданне выхавання, гэта значыць клопат пра сілкаванне і апрананне Езуса, пра навучанне Яго Праву і рамяству, – згодна з абавязкамі, якія належаць бацьку.

У літургіі, у прэфацыі, Касцёл успамінае «найперш поўную хвалы Марыю, заўсёды Панну... а таксама святога Юзафа, таму што ён жывіў Таго, якога вернікі мелі спажываць як Хлеб вечнага жыцця».

З свайго боку Езус быў ім адданы, пашанай аддзячваючы за клопат свім бацькам. Такім чынам Ён хацеў падкрэсліць святасць сямейных абавязкаў і працы, якія выконваў пры святым Юзафе.

На сваім жыццёвым шляху, які быў пілігрымкай веры, святы Юзаф да канца застаўся верным Божаму прызванню. Юзаф у момант свайго «Звеставання», не прамовіў ніводнага слова, а толькі ўчыніў так, як яму сказаў Анёл. І гэта першае «учыніў» засталося пачаткам шляху Юзафа. Падчас усяго гэтага шляху Евангелле не запіша ніводнага ягонага слова. Але маўчанне Юзафа мае вялікае значэнне: праз гэта можна зразумець праўду, якую заключае евангельскае азначэнне: «муж справядлівы» (Мц 1, 19).

Касцёл з асаблівай пашанай адносіцца да Святой Сям’і, бацька ў гэтай сям’і – Юзаф. Гэтае бацькоўства не паходзіць з народзін Сына, але яно таксама не «ўмоўнае» альбо толькі прыёмнае... Яно мае поўную вартаснасць, місію бацькоўства.

Духоўнае жыццё, Ахвяра, якую склаў Юзаф са свайго існавання, каб годна прыняць Месію ў сваім доме, знаходзіць сваё вытлумачэнне ў незразумелым нам да канца яго духоўным жыцці, якое кіравала ягонымі дзеяннямі і было для яго крыніцай радасці. Гэта з духоўнага жыцця Юзаф чэрпаў развагу і сілу – ўласцівую душам простым і шчырым – для сваіх важных рашэнняў, як тады, калі без вагання, падпарадкаваў сваю волю Божым намерам, сваё права да паклікання чалавека, сваё сужэнскае шчасце – выяўляючы згоду прыняць у сям’і вызначанае сабе месца і цяжар адказнасці і адначасова адданасці Богу.

Гэтая адданасць Богу, якая выяўляецца ў гатоўнасці волі, каб прысвяціць сябе Яго служэнню, не што іншае, як практыка пабожнасці, як праяўленне дабрадзейнасці і рэлігійнасці.

Бацькоўская любоў Юзафа, безумоўна, уздзейнічала на сыноўнюю любоў Езуса і наадварот – сыноўняя любоў Езуса ўплывала на айцоўскую любоў Юзафа; як змераць глыбіню такой адзінай у сваім родзе лучнасці? Душы, асабліва падданыя на ўздзеянне Божай любові, справядліва бачаць у Юзафе светлы прыклад духоўнага жыцця.

Папа Лявон ХІІ тлумачыць, што Юзаф «быў сужэнцам Марыі і людзі лічылі яго бацькам Езуса.... Юзаф быў законным і натуральным ахоўнікам, апекуном і абаронцам Святой Сям’і... Таму перад усім Юзафу належыць, нябеснай моцай сцерагчы і бараніць Хрыстовы Касцёл так, як найбольш сумленна калісьці сцярог ён Сям’ю з Назарэту тады, калі гэта было патрэбна».

Касцёл свае патрэбы перамяняе ў малітвы. Узгадваючы, што Бог даверыў маладосць нашага Збаўцы вернай апецы святога Юзафа, Касцёл просіць Юзафа, каб дазволіў верна супрацоўнічаць у справе збаўлення, каб даў яму такую вернасць і чысціню сэрца, з якою Юзаф служыў Уцелаўлёнаму Слову, каб Касцёл, праз пасрэдніцтва і заступніцтва святога Юзафа, наследуючы прыклад ягонага жыцця і вернасці, ішоў Божай дарогай святасці і справядлівасці.

Гістарычныя крыніцы не падаюць падрабязных дадзеных пра Юзафа. Вядома толькі, што паходзіў ён з роду Давідавага. Памёр ён яшчэ да таго, як Езус распачаў публічную дзейнасць.

З першых стагоддзяў хрысціянства культ святога Юзафа быў вельмі вялікі, асабліва на Усходзе. Свята Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, было ўстаноўлена ў 1621 г.

8 снежня 1870 г. Папа Пій ІХ урачыста абвясціў святога Юзафа апекуном усяго паўсюднага Касцёла, з таго часу дзень 19 сакавіка стаў асабліва ўрачыстым святам у каталіцкім Касцёле на ўсім свеце.

З 1955 г. – святога Юзафа ўшаноўваюць як апекуна працаўнікоў. Святога Юзафа ўшаноўваюць таксама як апекуна бацькоў і як апекуна добрай смерці.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі