Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія кардынала Казіміра Свёнтка ва ўрачыстасць Нараджэння Пана 2005 г.
«Прыйшло (Слова) да свайго, а свае Яго не прынялі. А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі» — так напісана ў Евангеллі паводле св. Яна.

З прычыны непаслухмянасці нашых прабацькоў, непаслухмянасці Богу, людзі былі пазбаўленыя прывілею прабываць са сваім Створцам, з Богам. Надышлі доўгія дні, доўгія гады аддаленасці людзей ад Бога. Гісторыя, апісаная ў Старым Запавеце — гэта сведчанне частых стратаў веры людзьмі, адыходаў ад сапраўднага Бога, стварэння для сябе зямных бажкоў. Але разам з тым, ва ўсім гэтым можна ўбачыць і вялікую тугу па Богу, жаданне вярнуцца і паяднацца з Ім.

Адлюстраваннем такога становішча ў гісторыі чалавецтва з’яўляецца Адвэнт у літургічным жыцці Каталіцкага Касцёла. Снежаньскі Адвэнт, падчас якога Касцёл у духу засяроджанасці і пакаяння рыхтаваў людзей да святаў Божага Нараджэння, да чарговай гадавіны прыйсця Божага Сына на свет, «калі Слова сталася Целам і пасялілася між намі». Але людзі і падчас Нараджэння Божага Сына, і потым, і цяпер, напэўна, і заўтра па-рознаму ставіліся, ставяцца і будуць ставіцца да закліку Касцёла верыць у Бога, да паяднання людзей з Богам. Менавіта тады, калі Панна Марыя нарадзіла сваё Дзіцятка і паклала Яго ў Бэтлеемскай стаенцы, ужо можна было заўважыць розныя адносіны людзей да гэтага Божага Дзіцяці, да абяцанага Месіі, да Божага Сына, да Бога.

Першымі да стаенкі прыйшлі пастухі, паверыўшы словам Анёла, які абвясціў ім нараджэнне Боскага Збаўцы. І пайшлі яны спяшаючыся, як апавядае Евангелле, і знайшлі Марыю, Юзафа і Немаўля, якое ляжала ў яслях. Убачыўшы Яго, пастухі распавялі пра тое, што ім было аб’яўлена пра гэтае Дзіцятка. Пасля пастухоў з’явіліся тры мудрацы з Усходу, якія таксама паверылі знаку на небе ў выглядзе зоркі і прыбылі ў Бэтлеем. Як апавядае Евангелле, яны ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця і Ягоную Маці Марыю, упалі на твар ды пакланіліся Яму, і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і мірру. І пастухі, і мудрацы з Усходу паказалі паўнату сваёй веры, паверылі ў гэтае Божае Дзіця, паверылі ў Боскага Збаўцу, паверылі ва Уцелаўлёнае Слова і аддалі Яму належную пашану.

У той жа час першасвятары і кніжнікі хоць і ўказалі тым мудрацам з Усходу месца, дзе павінен быў нарадзіцца Кароль жыдоўскі, абяцаны Месія (яны ведалі гэтае месца, Бэтлеем — месца нараджэння абяцанага Месіі), але самі туды не пайшлі, засталіся ў Ерузалеме. Ім не хапіла сапраўднай веры, хоць Святое Пісанне выразна абвяшчала, што менавіта ў Бэтлееме народзіцца абяцаны Месія. Прадказвалі, але не паверылі. І менавіта гэты прыклад пастухоў, трох каралёў і кніжнікаў з’яўляецца з першых дзён, можа нават, з першай бэтлеемскай ночы, сведчаннем таго, што сярод людзей пануе вера і бязвер’е. Але не толькі пра гэта сведчыла тая бэтлеемская ноч і нараджэнне Божага Сына на зямлі.

Калі Дзіцятка прынеслі ў святыню, Сімяон, чалавек праведны і пабожны, поўны надзеі, гаворыць, што не памрэ, пакуль не ўбачыць Месію. І ён дачакаўся той хвіліны, калі мог узяць на рукі Дзіцятка Езуса і сказаць: «Цяпер адпускаеш слугу Твайго.., бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў» (гл. Лк 2, 26). Не толькі Сімяон, але і старая прарочыца Ганна, калі прынеслі Дзіцятка Езуса, праславіла Бога і расказвала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема. Якая ж моцная была надзея Сімяона і Ганны на прыйсце Божага Сына, абяцанага Месіі! І яны ўбачылі Яго і схілілі перад Ім свае галовы.

А тым часам, калі кароль Ірад пачуў аб нараджэнні Месіі, у яго сэрцы не з’явілася надзея на тое, што будзе збаўлены народ жыдоўскі. Не! Ён жахнуўся, і страх авалодаў яго сэрцам, а разам з ім і ўсім Ерузалемам, што будзе страчаны трон, панаванне. Ён загадаў забіць мноства бязвінных немаўлят. Вось і другая падзея, якая суправаджала нараджэнне Божага Сына, калі Слова сталася Целам. Надзея і страх... Надзея Сімяона і Ганны, і страх Ірада.

Але гэта яшчэ не ўсё. Марыя і Юзаф, поўныя любові да Дзіцятка Езуса, з хвіліны нараджэння акружалі Яго клопатам і апекаю там, у стаенцы, калі не знайшлося для Яго месца ў заездзе, потым у доме, а таксама пры ахвяраванні ў святыні, падчас уцёкаў у Егіпет. Колькі клопату, колькі праяваў любові было ў сэрцы Марыі і святога апекуна Юзафа! А потым было цяжкое вяртанне ў Назарэт. А які вялікі клопат мелі бацькі, калі іх Дзіцятка, ужо падлетак, згубілася ў Ерузалеме! Евангелле перадае словы Марыі, Маці Божай: «Вось айцец Твой і Я ў вялікім смутку шукалі Цябе» (гл. Лк 2, 48). Якая прыгожая любоў выяўляецца ў гэтым да Божага Дзіцяці, да Уцелаўлёнага Слова, да Збаўцы нашага Езуса Хрыста!

А што робяць акружаючыя? Акружаючыя шукаюць Дзіця, каб забіць. Каб пазбегнуць забойства, Святая Сям’я ратуецца ўцёкамі ў Егіпет. А потым —нянавісць... Нянавісць, з якою сутыкаецца Уцелаўлёнае Слова з боку першасвятароў старой сінагогі. З сатанінскай нянавісцю яны пераследуюць Езуса, які пачаў абвяшчаць сваё Боскае Евангелле, найвышэйшую запаведзь любові да Бога і да бліжняга. Гэтая нянавісць дабілася свайго — Збаўцу, Сына Божага, гэтае Уцелаўлёнае Слова прыбілі да крыжа, забілі, учынілі Богазабойства. Вось да чаго прывяла чалавечая нянавісць!. З аднаго боку — любоў Марыі і Юзафа, а потым — вельмі многіх людзей, якія палюбілі гэтае Божае Дзіця, Божага Сына і Уцелаўлёнае Слова, а з другога — гэтая пастаянная нянавісць, што імкнецца да знішчэння самога Божага Сына і Яго справы — збаўлення чалаввецтва. Так па-рознаму было прынята Уцелаўлёнае Слова на зямлі: была вера і бязвер’е, былі надзея і страх, былі любоў і нянавісць... Але ці можна сказаць «былі»? Гэтыя праявы не толькі былі, яны ёсць і цяпер, яны, безумоўна, будуць доўжыцца да сканчэння свету.

Перыяд Божага Нараджэння, калі мы збіраемся ў нашых святынях, з’яўляецца найлепшым часам для таго, каб праверыць сябе, усвядоміць, па чыіх слядах мы крочым па жыцці. Ці мы ідзем па слядах пастушкоў і мудрацоў, вызнаючы сваю моцную, непахісную веру ў Бога і Уцелаўлёнае Слова? Ці ідзем за Сімяонам і Аннай, паказваючы сваю надзею, што грунтуецца на справе адкуплення, надзею на нашае вечнае збаўленне? Ці крочым мы па слядах Марыі і Юзафа, якія ад нараджэння да ўкрыжавання акружалі свайго Сына прыгожаю, цудоўнаю, высакароднаю любоўю? А можа мы наследуем іншых прадстаўнікоў тых часоў? Не хацелася б іх пералічваць, але варта назваць і Ірада, і першасвятароў, і кніжнікаў, і ўсіх, хто тады і аж да сканчэння свету імкнуўся і імкнецца ў сваёй нянавісці знішчыць з-за недахопу веры і з-за страху гэта Уцелаўлёнае Слова. Адкажам сабе тут, каля стаенкі, адкажам гэтаму Божаму Дзіцяці, па чыіх слядах мы ідзем у нашай зямной пілігрымцы.

Вельмі добра, што сёння вас так шмат сабралася. Вашая прысутнасць сведчыць і пра вашую веру, і пра вашую надзею, і пра вашу любоў да Бога. Але ў штодзённым жыцці, выйшаўшы з Божай святыні, калі закончыцца ўрачыстасць Божага Нараджэння і гэты святочны перыяд, па чыіх слядах мы пойдзем? Гэта ўжо асабістае рашэнне кожнага чалавека, але таксама і адказнасць перад Богам, перад Касцёлам і перад сваёй несмяротнай душой. Таму, мае дарагія браты і сёстры, умілаваныя ў гэтым Божым Дзіцяці, мы павінны наследаваць пастухоў і мудрацоў з Усходу ў іх веры, Сімяона і Ганну ў іх надзеі, Марыю і Юзафа ў іх любові і пазбягаць таго, да чаго вядзе адсутнасць веры, недахопу надзеі і нянавісць. Гэтага патрабуе Бог! Бо Айцец спаслаў свайго Сына не для таго, каб людзі ў Яго не верылі, каб жылі ў страху, каб у іх сэрцах панавала нянавісць. Нябесны Айцец паслаў свайго ўмілаванага Сына для таго, каб навучыць нас дасканалай веры, дасканалай надзеі, дасканалай любові.

Будзем жа чэрпаць з адкрытай крыніцы: з той, што бруіць у Бэтлеемскай стаенцы, і з крыніцы Эўхарыстыі, што струменіць з табэрнакулюма. Няхай наш адказ будзе такім, які належыць даць людзям веруючым, каталікам, хрысціянам, людзям Хрыстовым. Няхай жа Уцелаўлёнае Слова ўмацуе нас у веры, надзеі і любові. Няхай Яго Маці так цудоўна, з усмешкаю, з каронаю, валадарыць у нашай архікатэдры, няхай падтрымае нас сваёю пераможнаю Матчынаю апекаю, сваім заступніцтвам перад Боскім Сынам, які прыйшоў, каб нас збавіць. Амэн.

Адноўлена 18.07.2009 16:07
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі