Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, ардынарыя архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, на ўрачыстасць каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай і 300-гадовы юбілей кансэкрацыі катэдральнай базылікі ў Гродне

28 жніўня 2005 г.

Глыбокапаважаныя Эмінэнцыі, Эксцэленцыі, святары, законнікі і законніцы, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, дзяржаўнай улады, дыпламатычных місій, свету навукі і культуры, браты і сёстры!

Словы рэфрэна рэспансарыйнага псальма “Будзь прывітана, Багародзіца!” як найлепш перадаюць тую атмасферу і дух, якія спадарожнічаюць нашай сённяшняй урачыстасці.

Перш за ўсё, хачу выказаць удзячнасць Гродзенскаму біскупу Яго Эксцэленцыі Аляксандру Кашкевічу за запрашэнне на ўрачыстасць каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай і юбілей 300-годдзя кансэкрацыі катэдральнай базылікі – паезуіцкага касцёла святога Францішка Ксаверыя ў Гродне. Для мяне гэта асаблівы гонар, бо так ужо сталася, што мая святарская і біскупская паслуга на Беларусі, і асабліва ў Гродне, была непадзельна звязана з гэтым касцёлам і гэтым абразом. Добра памятаю: калі я быў яшчэ вучнем сярэдняй школы, бацька вадзіў мяне ў фарны касцёл, да абраза Маці Божай Кангрэгацкай, і гаварыў: “Хочаш добра вучыцца – маліся да Маці Божай, якую таксама называюць Студэнцкай”.

Затым былі цяжкія часы, калі касцёл амаль 30 гадоў заставаўся без пастаяннага святара. Божы Провід здзейсніў, што менавіта мне ў 1988 годзе давялося па-новаму распачаць адраджэнне – як парафіі, так і культу Маці Божай Кангрэгацкай. Адразу кідалася ў вочы, з якой вялікай чуласцю вернікі моляцца перад цудадзейным абразом і як ён блізкі ім. Не патрэбны былі вялікія намаганні, каб арганізаваць па суботах навэнну, якая ў 1989 г., на юбілей 325-годдзя перанясення абраза ў Гродна, набыла асабліваге значэнне. Я сам вельмі ўдзячны Маці Божай Кангрэгацкай. Менавіта падчас той памятнай навэнны Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў мяне біскупам для католікаў Беларусі. Пасля 60 гадоў перапынку на Беларусі была адроджана іерархія Каталіцкага Касцёла. У Гродзенскай фары 28 кастрычніка 1989 г. адбыўся мой інгрэс, а 13 красавіка 1991 г. па просьбе Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Франчэско Коласуона я аб’явіў пра ўстанаўленне Апостальскай Сталіцай новых структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі і ў Расіі. Тады пралат, а сёння кардынал Казімір Свёнтэк, быў прызначаны арцыібіскупам мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, а ксёндз Аляксандр Кашкевіч – першым Гродзенскім біскупам.

Гродзенская фара, якая была кансэкравана 300 гадоў таму назад, перажыла багатую, а часам трагічную гісторыю. У сучаснай гісторыі Касцёла Беларусі яна адыграла таксама вялікую ролю – як у адраджэнні рэлігійнага і духоўнага жыцця, так і касцёльных структур.

Сёння з нагоды 300-годдзя кансэкрацыі гродзенскай катэдральнай базылікі мы задаем сабе пытанне: “А што для нас, веруючых, і тых, хто шукае Бога, азначае касцёл?” Адказам на гэтае пытанне можа быць фрагмент з грузінскага фільма часоў «перестройки» “Пакаянне”, які паказваўся ў сярэдзіне 80-тых гадоў ХХ стагоддзя. Гэтая стужка пра цяжкія часы недалёкага мінулага, таксама і пра змаганне з верай. У канцы фільма старая жанчына пытаецца ў маладой: ці дарога, якою яна ідзе, вядзе ў храм? На гэтае пытанне атрымлівае адказ: “Не. Бо храма больш няма. Яго зруйнавалі”. Тады мудрая пажылая жанчына гаворыць: “Каму патрэбна дарога, якая не вядзе ў храм?”

Каму патрэбна? Асноўным заданнем Касцёла ёсць абвяшчаць Евангелле: “Ідзіце і навучайце ўсе народы” (пар. Мц 28,19), – сказаў Пан Езус сваім Апосталам. І Касцёл навучае.

Касцёлу таксама даручана заданне асвячаць людзей. Гэта ён чыніць праз сакрамэнты, асабліва праз Эўхарыстыю. Пра гэта мы павінны памятаць асабліва ў гэтым годзе, аб’яўленым святой памяці Папам Янам Паўлам ІІ годам Эўхарыстыі.

Кожны сакрамэнт – гэта асабістае спатканне чалавека з Богам. Адноўленая пасля ІІ Ватыканскага Сабора Літургія вельмі шмат увагі прысвячае чытанню Божага Слова і разважанню над ім падчас справавання сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі. Праз гэта таксама выконваецца наказ Езуса Хрыста навучаць і асвячаць. Навучаць, асвячаць і кіраваць народам Божым, каб Касцёл быў, гаворачы словамі сённяшняга першага чытання, Горадам Святым – Новым Ерузалемам, Скініяй Бога з людзьмі, дзе Ён будзе жыць з імі, і будуць яны Ягонымі, а Ён будзе “Богам з імі”, каб учыніць усё новае (пар. Адкр 21, 2-3.5).

Новыя часы, у якія ўвёў нас Ян Павел ІІ, часы трэцяга тысячагоддзя, павінны быць таксама перыядам усяго новага, менавіта новага ў Езусе Хрысце. Мы павінны сузіраць аблічча Хрыста (пар. NMI 16) каб з дня на дзень дасканаліцца ў духоўным жыцці. Да гэтай мэты вядзе Касцёл, і вядзе праз Марыю.

У сённяшнім другім чытанні св. Апостал Павел навучае, што, калі настала поўня часу, Бог прыслаў Свайго Сына, каб адкупіць людзей і каб яны маглі атрымаць усынаўленне (пар. Гал 4, 4-5).

Чалавецтва вельмі доўга чакала гэтага. Поўня часу не мерыцца колькасцю тысячагоддзяў, стагоддзяў або дзесяцігоддзяў. Поўня часу вызначаецца прыходам у свет Збаўцы. У гэтым заключаецца прынцыповае адрозненне хрысціянства ад іншых рэлігій, бо ў ім Бог сам першы выходзіць насустрач чалавеку, Ён працягвае яму руку і хоча дапамагчы.

Гісторыя адкуплення, аднак, гаворыць пра тое, што поўня часу прыйшла з дабравольнага дазволу чалавека, якім была Марыя. Узгадаем сцэну Звеставання. Ва ўбогім назарэтанскім доміку перад Марыяй з’яўляецца Божы пасланнік – Арханёл Габрыэль, які перадае Ёй Божую волю, што менавіта Яна выбрана, каб стаць Маці Збаўцы. Не разумеючы, як усё можа стацца, Яна, аднак, згаджаецца і гаворыць сваё знамянальнае “Fiat” – “Вось Я – слуга Госпада; няхай станецца Мне паводле слова Твайго” (Лк 1, 38). Пад Яе сэрцам пачынае біцца сэрца Збаўцы. Яна выпрошвае ў Кане Галілейскай у Свайго Сына першы цуд (пар. Ян 2,1-10). Яна спадарожнічае Яму на Крыжовым шляху. Яна застаецца пад крыжом, на якім адбываецца збаўленне свету. Менавіта там, з дрэва крыжа, Езус дае Яе нам, як нашу духоўную Маці (пар. Ян 19,26). Яна – Маці Касцёла і Маці адкупленага чалавецтва.

Калі было вельмі цяжка, калі святароў станавілася ўсё менш і менш, калі здавалася, што са смерцю апошняга, настане канец для Касцёла, верны народ працягваў шукаць паратунку ў Маці Божай, верачы, як гаворыць св. Бернард, што спрадвеку не было чуваць, каб застаўся пакінутым той, хто прыбягае да Яе.

У цяжкія дзесяцігоддзі ганенняў Фацімскае пасланне пра навяртанне Расіі было для людзей надзеяй. І Марыя не падвяла. Пасля доўгай ночы пераследванняў узышло сонца рэлігійнай свабоды, здзейсніліся словы, выказаныя Езусам Апосталу Пятру: “Ты – скала, і на гэтай скале Я збудую мой Касцёл, і брамы пякельныя не перамогуць Яго” (Мц 16,18).

Сёння ў знак удзячнасці вернікі Гродна і Гродзенскай дыяцэзіі ў прысутнасці шматлікіх гасцей і прадстаўнікоў дзяржаўнай улады аддаюць пашану Маці Божай Кангрэгацкай. Калі ў фарным касцёле не было святара, калі не было таго, хто мог бы складаць Эўхарыстычную Ахвяру, вернікі яе складалі з сябе. Яны баранілі касцёл ад закрыцця, самі праводзілі набажэнствы, маліліся, даглядалі святыню – шэдэўр сакральнага мастацтва. Увесь гэты час Марыя была пад крыжам, дапамагаючы вернікам, якія са свайго боку трывалі пры Ёй. Яна ў копіі славутай іконы Salus populi Romani – Збавіцелькі народа Рымскага – з базылікі Маці Божай Большай у Вечным Горадзе стала для вернага гродзенскага люду Salus populi Grodnensis – Выбаўленнем гродзенскага люду. Калі прыйшла “поўня часу” – свабода веравызнання, “катакомбны культ” Маці Божай Кангрэгацкай адрадзіўся і расквітнеў. Сведчаннем гэтага з’яўляецца у тым ліку і сённяшняя ўрачыстасць – каранацыя папскімі каронамі Яе цудадзейнага абраза.

Каранацыя абраза – гэта вялікі дар для мясцовага Касцёла, але гэта таксама і заданне. Новыя часы – часы рэлігійнай свабоды і пачатку трэцяга тысячагоддзя павінны стаць часам ласкі, часам духоўнага адраджэння, часам збаўлення. Углядаючыся ў Марыю, мы павінны сказаць сваё “Fiat” па меры патрабаванняў нашага часу і яго выклікаў, якія становяцца ўсё больш і больш небяспечнымі. Толькі паслухмянасць Божай волі па прыкладу Марыі можа кардынальна змяніць сітуацыю. Мы цешымся тым, што з дня на дзень прыгажэе Гродна і Беларусь, паляпшаюцца ўмовы жыцця, рамантуюцца старыя гістарычныя будынкі і ўзводзяцца новыя, дарогі становяцца ўсё лепшымі, расце вытворчасць і г.д. Змяняецца на лепшае таксама і свет. Аднак гэта яшчэ далёка не ўсё. Толькі само развіццё інфраструктуры і гаспадаркі не можа да канца задаволіць чалавека, бо, як вучыць Хрыстус: “Не хлебам адзіным жыць будзе чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4,4). Чалавек мае душу, і яна таксама патрабуе свайго.

Жыццё ў сучасным свеце разам з яго імклівым развіццём, на жаль, нясе ў сабе таксама шмат трывог. Разведзеныя сем’і, шмат абортаў, праблема занядбаных дзяцей, вартая слёз дэмаграфічная сітуацыя, асабліва ў развітых краінах, сацыяльная несправядлівасць, да навалы алкагалізму дадаецца наркаманія, чалавек страціў пачуццё граху, у некаторых краінах з багатай хрысціянскай гісторыяй і культурай, асабліва на Захадзе, дэмакратычным шляхам прымаюцца законы, супярэчныя з Божым правам, такія як, напрыклад, гомасэксуальныя сямейныя саюзы або эўтаназія. Амаральнае і неадпаведнае выкарыстанне дасягненняў навукі, асабліва ў галіне генетыкі або нават медыцыны можа прывесці да сумных вынікаў. Моладзь усё больш і больш цікавяць матэрыяльныя справы і вельмі часта амаральныя ўцехі, а таксама псеўдарэлігійныя рухі. Нярэдка яна шукае, як уцячы ад рэчаіснасці. Вялікай пагрозай у сучасным свеце з’яўляецца тэрарызм і насілле; нярэдка замест любові да бліжняга бярэ верх эгаізм, і нават нянавісць. Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI перасцерагае перад пагрозай агрэсіўнага секулярызму і маральнага рэлятывізму.

Да каго маем уцякаць? Дзе знойдзем паратунак? Хто дапаможа?

Як гісторыя Паўсюднага Касцёла, так і гродзенскай фары з цудадзейным абразам Маці Божай Кангрэгацкай сведчаць яшчэ раз: “Без Бога ні да парога!”

Браты і сёстры!

Пэўная легенда гаворыць пра тое, што калі Езус узнёсся на неба, Арханёл Габрыэль сказаў Яму, што Ён вельмі шмат цярпеў дзеля збаўлення людзей, але ці яны пра гэта ведаюць і ці гэта цэняць? Езус адказаў: “На жаль, яшчэ далёка не ўсе”. На гэта Арханёл Габрыэль: “А што Ты зрабіў, каб яны гэта ведалі?” “Я паслаў Пятра, Яна, Якуба і іншых, каб яны і іх пераемнікі абвяшчалі Евангелле ўсім народам аж па край зямлі”, – адказаў Езус. На гэта Арханёл скептычна сказаў: “Але ж яны людзі. Спачатку, можа, будуць рупнымі, потым энтузіязм аслабне, а іх пераемнікі і наогул забудуцца. Ты, напэўна, маеш нейкі іншы план?” Езус паўтарыў: “Я выбраў і паслаў Пятра, Яна, Якуба і іншых. І іншага плана няма”. Сапраўды, нашага плана не існуе. Касцёл – гэта сакрамэнт усеагульнага збаўлення (пар. LG 1).

Удзячныя Богу за дар юбілею 300-годдзя кансэкрацыі катэдры, за адраджэнне веры і каранацыю абраза Маці Божай Кангрэгацкай, ніколі не забудзем дарогі да касцёла. Там, у сваіх пераемніках, ёсць Пётр, Ян, Якуб. Там нас чакае Хрыстус у сваіх сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі; чакае са сваім Евангеллем, якое там пераказваецца, і благаслаўлёны будзе той, хто слухае слова Божае і яго захоўвае, як гаворыць сённяшняе Евангелле (пар. Лк 11,28). Там у сакрамэнтах сам Езус нас асвячае. Там чакае нас Божая Маці, каб выпрасіць у Свайго Сына новы цуд – цуд духоўнага адраджэння. Чакае, каб пры Яе дапамозе мы маглі, як заклікаў Ян Павел ІІ, адчыніць дзверы сваіх сэрцаў для Хрыста, Якога, як гаворыць Бэнэдыкт XVI, не трэба баяцца, бо Ён нічога не адбірае, але толькі дае.

Хрысце, адзіны Збаўца свету, Той самы ўчора, сёння і навекі (пар. Гбр 13,8), дай нам праз заступніцтва Маці Божай Кангрэгацкай ласку трывання ў добрым. Дай нам ласку трывання ў навуцы Евангелля і Касцёла, каб мы чынілі ўсё новае (пар. Адкр 21,5) на славу Божую і для збаўлення людзей. Амэн.

Прынятыя скарачэнні:

  • LG – ІІ Ватыканскі Сабор. Дагматычная Канстытуцыя пра Касцёл “Lumen gentium”.
  • NMI – Ян Павел ІІ. Апостальскае Пасланне “Novo millennio ineunte”.
Адноўлена 18.07.2009 16:03
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі