Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Бэнэдыкта XVI на 47 Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях
19.04.2010 17:28

25 красавіка 2010 г. – IV Велікодная нядзеля

Тэма: Сведчанне абуджае пакліканні.

Шаноўныя браты ў біскупстве і святарстве, дарагія браты і сёстры!

47 Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях, які будзем адзначаць у IV Велікодную нядзелю – 25 красавіка 2010 году, у нядзелю «Добрага Пастыра» – з’яўляецца для мяне нагодай паразважаць на тэму, якая добра суадносіцца з Годам Святарства: Сведчанне абуджае пакліканні. Плённасць прапаноў, звязаных з пакліканнем, залежыць найперш ад  ініцыятывы i дзеяння Бога, але – як пацвярджае пастырскі вопыт – падтрымліваецца таксама якасцю і багаццем асабістага і супольнага сведчання тых, хто ўжо адказаў на пакліканне Пана да святарскага служэння ці да кансэкраванага жыцця. Іх сведчанне можа дапамагчы іншым, каб і яны пажадалі велікадушна адказаць на голас Хрыста. Таму дадзеная тэма цесна звязаная з жыццём i місіяй святароў і кансэкраваных асобаў. Усіх, каго Пан паклікаў працаваць у сваім вінаградніку, хачу запрасіць да аднаўлення свайго адказу, асабліва ў гэты Год Святарства, які я ўстанавіў у сувязі з 150 гадавінай смерці св. Яна Марыі Віянэя, пробашча з Арс, які застаецца заўсёды актуальным прыкладам святара і пробашча.

Ужо ў Старым Запавеце прарокі ўсведамлялі сваё пакліканне сведчыць уласным жыццём аб тым, што абвяшчалі. Яны таксама былі гатовыя сустрэцца з незразуменнем, непрыняццем ці пераследам. Заданне, якое атрымалі ад Бога, цалкам паглынала іх, як «палаючы агонь» у сэрцы, якога нельга затрымаць (пар. Ер 20, 9). Таму яны былі гатовыя аддаць Пану не толькі свой голас, але ўсё сваё існаванне. У поўні часоў сам Езус ёсць тым, хто быў пасланы Айцом (пар. Ян 5, 36), каб засведчыць сваім пасланнем пра любоў Бога да ўсіх – без адрознення – людзей, асабліва клопоцячыся пра бедных, грэшнікаў, абяздоленых, убогіх. Езус з’яўляецца найвышэйшым Сведкам Бога i Яго гарачага прагнення, каб усе людзі былі збаўлены. Заранкай поўні часоў ёсць Ян Хрысціцель, які цалкам прысвяціў жыццё, каб падрыхтаваць дарогу Хрысту. Гэта ён сведчыць пра тое, што ў Сыне Марыі з Назарэта спаўняецца абяцанне Бога. Калі бачыць, што Езус з’яўляецца на беразе Ярдана, дзе ён хрысціў, то ўказвае на Яго сваім вучням як на Баранка Божага, «які бярэ на сябе грэх свету» (пар. Ян 1, 29). Яго сведчанне настолькі плённае, што двое яго вучняў пачулі, «што ён казаў, і пайшлі за Езусам» (Ян 1, 37).

Таксама пакліканне Пятра, як апісвае Ян Евангеліст, здзяйсняецца з дапамогай сведчання яго брата – Андрэя, які – пасля сустрэчы з Панам i адказу на запрашэнне застацца з ім – адчувае патрэбу адразу ж сказаць Пятру, што ён адкрыў, калі «пасяліўся» з Панам: «„Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста)”. І прывёў яго да Езуса» (Ян 1, 41-42). Тое ж было ў выпадку Натанаэля дзякуючы сведчанню іншага вучня – Філіпа, які сказаў яму з радасцю пра сваё вялікае адкрыццё: «Мы знайшлі таго, пра каго пісалі Майсей у Законе і прарокі, Езуса, сына Юзафа, з Назарэта» (Ян 1, 45).

Свабодная i бескарыслівая ініцыятыва Бога сустракаецца з адказам чалавека i з’яўляецца заклікам для тых, хто прымае Божае запрашэнне да таго, каб – пры дапамозе ўласнага сведчання – стаць прыладамі Божага паклікання. Тое самае паўтараецца таксама сёння ў Касцёле: Бог выкарыстоўвае сведчанне святароў, верных сваёй місіі, каб абудзіць новыя святарскія і манаскія пакліканні дзеля служэння Божаму народу. З гэтай прычыны хачу ўказаць на тры аспекты жыцця святара, якія здаюцца мне істотнымі для плённага сведчання.  

Асноўным і адмысловым элементам кожнага святарскага паклікання, a таксама паклікання да кансэкраванага жыцця, ёсць сяброўства з Хрыстом. Езус жыў у пастаяннай еднасці з Айцом, i менавіта гэта абуджала ў вучнях жаданне перажываць тое самае, вучачыся ад Яго еднасці i няспыннаму дыялогу з Богам. Калі святар з’яўляецца «Божым чалавекам», які належыць Богу, а таксама дапамагае пазнаць і палюбіць Бога, то ён не можа не развіваць глыбокай еднасці з Ім, трываць у Яго любові i ўслухоўвацца ў Яго Слова. Малітва – гэта першае сведчанне, якое абуджае пакліканні. Так як апостал Андрэй, які кажа брату пра тое, што сустрэў Настаўніка, кожны, хто хоча быць вучнем i сведкам Хрыста, павінен «убачыць» Яго асабіста, павінен пазнаць Яго, павінен навучыцца Яго любіць i прабываць з Ім.

Другім аспектам святарскай ці манаскай кансэкрацыі ёсць абсалютны дар сябе Богу. Ян апостал піша: «Па гэтым пазналі мы любоў, што Ён аддаў за нас сваё жыццё. І мы павінны аддаць жыццё сваё за братоў» (1 Ян 3, 16). Гэтымі словамі св. Ян запрашае вучняў увайсці ў тую самую логіку Езуса, які ва ўсім сваім спосабе існавання выконвае волю Айца аж да канчатковага дару сябе на крыжы. Тут ва ўсёй паўнаце выражаецца Божая міласэрнасць: міласэрная любоў, якая перамагла цемру зла, граху i смерці. Вобраз Езуса, які ў час Апошняй Вячэры устае з-за стала, здымае свае шаты, бярэ палатно, падпяразваецца ім i схіляецца перад Апосталамі, каб абмыць ім ногі, выражае дух служэння i дару з уласнага жыцця ў абсалютнай паслухмянасці волі Айца (пар. Ян 13, 3-15). Ідучы за Езусам, кожны пакліканы да адмысловага кансэкраванага жыцця, павінен старацца даваць сведчанне аб тым, што ён з’яўляецца абсалютным дарам для Бога. У гэтым – крыніца здольнасці станавіцца дарам для тых, каго Божы Провід давярае яму ў пастырскім служэнні, здольнасці да поўнага ўдзелу, сталага і вернага, спадарожнічаючы з радасцю многім асобам, каб i яны маглі адкрыцца на сустрэчу з Хрыстом i каб Яго Слова стала святлом на іх шляху. Гісторыя кожнага паклікання амаль заўсёды спалучана са сведчаннем нейкага святара, які з радасцю перажывае тое, што з’яўляецца дарам для бліжніх з увагі на Божае Валадарства. Блізкасць і словы святара вядуць да ўзнікнення пытанняў i да прыняцця канчатковых рашэнняў (пар. Ян Павел II, Pastores dabo vobis, 39).

Урэшце, трэці аспект, які павінен адзначаць святара ці кансэкраваную асобу, гэта жыццё ў супольнасці. Езус паказаў глыбокую еднасць у любові як знак, які адрознівае Яго вучняў: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35). Святар асаблівым чынам павінен быць чалавекам супольнасці, адкрытым для ўсіх, здольным да таго, каб весці ў еднасці ўсю супольнасць вернікаў, якую Божая Дабрыня яму даручыла. Павінен дапамагаць пераадольваць падзелы, яднаць раз’яднаных, лагодзіць канфлікты i непаразуменні, прабачаць крыўды. У ліпені 2005 году, сустракаючыся з духоўнымі асобамі ў Аосце, я сказаў, што маладыя людзі, бачачы ізаляваных i сумных святароў, напэўна не адчуваюць жадання наследаваць іх прыклад. Калі падумаюць, што такой з’яўляецца будучыня святара, то нараджаецца ў іх страх. Таму важная такая форма супольнасці жыцця, якая пакажа маладым людзям прыгажосць святарства. Тады малады чалавек скажа: «Гэта можа быць таксама маёй будучыняй, я хацеў бы так жыць» (Прамова, I, [2005], 354). Другі Ватыканскі Сабор, кажучы пра сведчанне, якое абуджае пакліканні, падкрэслівае патрэбу любові i братняга супрацоўніцтва, аб чым павінны сведчыць святары (пар. Optatam totius, 2).

З радасцю нагадваю тое, што напісаў мой шаноўны Папярэднік Ян Павел II: «Найважнейшым i самым плённым сродкам абуджэння пакліканняў ёсць сведчанне жыцця святароў, іх безумоўнае прысвячэнне сябе Божай аўчарні, іх поўнае любові служэнне Хрысту i яго Касцёлу – служэнне, якое з’яўляецца нясеннем крыжа, прынятага з пасхальнай надзеяй i радасцю, і, нарэшце, братняя згода i гарачае жаданне евангелізаваць» (Pastores dabo vobis, 41). Можна сказаць, што святарскія пакліканні нараджаюцца ў кантакце са святарамі, як бы нейкая каштоўная спадчына, перададзеная пры дапамозе слова, чынаў i ўсяго спосабу жыцця.

Той самы прынцып датычыць таксама кансэкраваных асобаў. Ужо сам факт існавання манаскіх асобаў кажа пра любоў Хрыста, калі гэтыя асобы ідуць за Ім у поўнай вернасці Евангеллю, а таксама калі з радасцю прымаюць Яго крытэрыі ацэнкі i паводзінаў. Яны становяцца «знакам супраціву» для свету, логіка якога часта прадыктавана матэрыялізмам, эгаізмам i індывідуалізмам. Калі яны дазваляюць Богу здабыць сябе i адмовіцца ад саміх сябе, іх вернасць і моц сведчання абуджаюць у сэрцах многіх маладых жаданне пайсці за Хрыстом назаўсёды, аддана і цалкам. Наследаванне Хрыста цнатлівага, убогага i паслухмянага, а таксама атаясамліванне з Ім: вось ідэал кансэкраванага жыцця i сведчанне пра абсалютнае першынство Бога ў жыцці i ў гісторыі чалавека.

Кожны прэзбітэр, кожная кансэкраваная асоба, верныя свайму пакліканню, пераказваюць радасць служэння Хрысту i запрашаюць усіх хрысціянаў даць адказ на паўсюднае пакліканне да святасці. Таму, каб падтрымліваць асаблівыя пакліканні да святарства i кансэкраванага жыцця, каб вестку паклікання зрабіць яшчэ больш моцнай i больш пазітыўнай, неабходны прыклад тых, хто ўжо сказаў сваё «так» Богу, а таксама плану жыцця, які Ён падрыхтаваў для кожнага чалавека. Асабістае сведчанне, што грунтуецца на канкрэтных жыццёвых рашэннях, дадае маладым адвагі, каб таксама яны былі гатовыя прыняць рашэнні, якія датычаць усёй іх будучыні. Каб дапамагчы ім у гэтым, неабходна гэтае мастацтва сустрэчы і дыялогу, які дапамагае ім адшукаць святло i падтрымку ў кімсьці, хто па-сапраўднаму перажывае сваё жыццё як пакліканне. Менавіта так рабіў св. пробашч з Арс, які меў моцную сувязь з парафіянамі, «настаўляў сваіх парафіянаў сведчаннем свайго жыцця. Па яго прыкладзе вернікі вучыліся малітве» (Пасланне з нагоды распачацця Году Святарства, 16 чэрвеня 2009).

Няхай гэты Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях стане яшчэ адной каштоўнай магчымасцю для маладых людзей задумацца над сваім пакліканнем, адказваючы на яго з прастатой, даверам i гатоўнасцю. Дзева Марыя, Маці Касцёла, няхай сцеражэ кожнага, нават самае маленькае зерне паклікання ў сэрцах тых, каго кліча Пан, каб яны былі бліжэй да Яго i наследавалі Яго; няхай Яна учыніць, каб гэтае зерне стала квітнеючым дрэвам, поўным пладоў для дабра Касцёла i ўсяго чалавецтва. Аб гэтым малюся, удзяляючы ўсім Апостальскае благаслаўленне.

Ватыкан, 13 лістапада 2009 г.

Бэнэдыкт XVI

Адноўлена 19.04.2010 17:35
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.