Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI да моладзі ўсяго свету з нагоды 23-га Сусветнага дня моладзі
«Прымеце моц Святога Духа, які на вас сыдзе,
і будзеце Маімі сведкамі» (Дз 1, 8)

Дарагая моладзь!

1. XXIII Сусветны дзень моладзі

Я заўжды з вялікаю радасцю згадваю час, праведзены з вамі ў жніўні 2005 года ў Кёльне. Напрыканцы таго незабыўнага выразу веры і натхнення, які застаўся ў маёй душы і маім сэрцы, я прызначыў вам спатканне на новай сустрэчы, якая адбудзецца ў Сіднэі ў 2008 годзе. Гэта будзе 23-ці Сусветны дзень моладзі, тэмаю якога стануць словы: «Прымеце моц Святога Духа, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі» (Дз 1, 8). Праводнаю ніткаю духоўнай падрыхтоўкі да сустрэчы ў Сіднэі з’яўляюцца Святы Дух і місія. Калі ў 2006 годзе мы разважалі пра Святога Духа як пра Духа праўды, то ў 2007 годзе мы імкнемся глыбей спасцігнуць Яго як Духа любові, каб распачаць шлях да Сусветнага дня моладзі 2008 года, разважаючы пра Духа моцы і сведчання, які дае нам мужнасць жыць Евангеллем і адвагу яго абвяшчаць. Таму вельмі важна, каб кожны з вас, маладых, у сваёй супольнасці і разам са сваімі выхавацелямі мог разважаць пра гэтую асноўную дзеючую Асобу ў гісторыі збаўлення, якою з’яўляецца Святы Дух, або Дух Езуса, каб дасягнуць такіх высокіх мэтаў: распазнаць сапраўдную сутнасць Духа перадусім праз слуханне Божага Слова, аб’яўленага ў Бібліі; ясна сабе ўсвядоміць Яго пастаянную і дзейсную прысутнасць у жыцці Касцёла, асабліва адкрываючы, што Святы Дух праяўляецца як «душа», як жыццядайнае дыханне самога хрысціянскага жыцця дзякуючы сакрамэнтам хрысціянскага ўтаямнічання — хросту, канфірмацыі і Эўхарыстыі; дасягнуць такім чынам сталага разумення Езуса, штораз больш глыбокага і радаснага, і ў сучасным свеце на золку трэцяга тысячагоддзя плённа актуалізаваць Евангелле. Гэтым пасланнем я рады даць вам падставу для разважанняў, каб вы маглі глыбей разгледзець іх на працягу гэтага года падрыхтоўкі і на іх праверыць якасць вашай веры ў Святога Духа, адшукаць яе, калі яна згубілася, умацаваць, калі аслабла, адчуць яе смак як супольнасці Айца і Сына Езуса Хрыста менавіта дзякуючы абавязковаму дзеянню Святога Духа. Ніколі не забывайцеся пра тое, што Касцёл, таксама як і ўсё чалавецтва, якое вакол вас і якое разлічвае на вас у будучыні, шмат чакае ад вас, маладых, бо вы маеце ў сабе найвышэйшы дар Айца — Дух Езуса Хрыста.

 
2. Абяцанне Святога Духа ў Бібліі

Уважлівае слуханне Слова Божага, што апавядае пра таямніцу і дзеянне Святога Духа, адкрывае перад намі вялікія і прывабныя веды, якія я коратка змяшчаю ў наступных пунктах.

Перад Унебаўшэсцем Езус сказаў сваім вучням: «Я пашлю да вас абяцанне Айца Майго» (Лк 42, 49). Гэта здзейснілася ў дзень Пяцідзесятніцы, калі апосталы былі сабраныя на малітве ў Вячэрніку разам з Паннай Марыяй. Спасланне Духа Святога Касцёлу, які нараджаўся, стала здзяйсненнем вельмі даўняга Божага абяцання, абвешчанага і падрыхтаванага ўсім Старым Запаветам.

Сапраўды, ужо на першых старонках Бібліі згадваецца Дух Божы, які, як подых, «лунаў над водамі» (пар. Быц 1, 2) і ўдакладняецца, што Бог удыхнуў у ноздры чалавека дыханне жыцця (пар. Быц 2, 7), уліваючы ў яго такім чынам само жыццё. Пасля першароднага грэху жыццядайны Дух Бога шмат разоў па–рознаму праяўляецца ў чалавечай гісторыі, уздымаючы прарокаў, каб заклікаць выбраны народ навярнуцца да Бога і верна захоўваць Ягоныя запаведзі. У славутым бачанні прарока Эзэхіэля Бог сваім Духам вяртае да жыцця народ Ізраэля, паказаны ў вобразе «сухіх касцей» (пар. Эзх 37, 1–14). Ёэль прадказвае «спасланне Духа» на ўвесь народ без выключэння: «Спашлю Духа Майго на ўсялякае цела, — піша святы аўтар. — Таксама на слугаў і слуг Маіх у тыя дні спашлю Духа Майго» (пар. Ёэл 3, 1–2).

Калі ж настала «паўната часу» (пар. Гал 4, 4), Анёл Пана звеставаў Панне з Назарэта, што на яе сыдзе Дух Святы і «моц Найвышэйшага» ахіне Яе. Таму Той, хто народзіцца з Яе, будзе святым і назавецца Сынам Божым (пар. Лк 1, 35). Паводле словаў прарока Ісаі, Месія — гэта той, на кім спачне Дух Пана (пар. Іс 11, 1–2; 42, 1). Тое самае прароцтва паўтарае Езус на пачатку свайго публічнага служэння ў сінагозе ў Назарэце: «Дух Пана, — сказаў Ён здзіўленым прысутным, — на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным, сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана» (Лк 4, 18–19; пар. Іс 61, 1–2). Звяртаючыся да прысутных, Ён аднёс да сябе самога прарочыя словы, сцвердзіўшы: «Сёння споўніліся гэтыя словы пісання, якія вы чулі» (Лк 4, 21). І да сваёй смерці на крыжы Ён яшчэ не адзін раз прадкажа сваім вучням прыйсце Святога Духа, «Суцяшальніка», місія якога будзе заключацца ў тым, каб сведчыць пра Яго і дапамагаць вернікам, навучаючы іх і ведучы да паўнаты Праўды (пар. Ян 14, 16–17. 25–26; 15, 26; 16, 13).

 
3. Пяцідзесятніца — пачатак місіі Касцёла

У дзень свайго ўваскрасення ўвечары Езус, з’явіўшыся вучням, «дыхнуў і кажа: Прыміце Духа Святога». (Ян 20, 22). З яшчэ большаю моцаю Дух Святы сышоў на апосталаў у дзень Пяцідзесятніцы: «І раптам узняўся шум з неба, — чытаем мы ў Дзеях Апосталаў, — нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны. І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх» (Дз 2, 2–3).

Святы Дух унутрана аднавіў апосталаў, надзяліўшы іх моцаю, якая дадала ім смеласці без страху абвяшчаць: «Хрыстус памёр і ўваскрос!». Вольныя ад усялякага страху, яны пачалі казаць адкрыта (пар. Дз 2, 29; 4, 13; 4, 29. 31). Са спалоханых рыбакоў яны ператварыліся ў адважных прапаведнікаў Евангелля. Нават іхнія ворагі не маглі зразумець, як гэтыя «неадукаваныя і простыя» (пар. Дз 4, 13) людзі змаглі праявіць такую мужнасць і з радасцю зносіць цяжкасці, пакуты і пераслед Нішто не магло іх спыніць. Тым, хто імкнуўся прымусіць іх змоўкнуць, яны адказвалі: «Мы не можам маўчаць пра тое, што мы бачылі і чулі» (Дз 4,20). Так нарадзіўся Касцёл, які з дня Пяцідзесятніцы не перастае распаўсюджваць Добрую Навіну «ажно да краю зямлі» (Дз 1, 8).

 
4. Святы Дух — душа Касцёла і крыніца Супольнасці

Але каб зразумець місію Касцёла нам неабходна вярнуцца ў Вячэрнік, дзе разам прабывалі вучні (пар. Лк 24, 49), молячыся з «Маці» Марыяй у чаканні абяцанага Духа. Кожная хрысціянская супольнасць павінна пастаянна чэрпаць натхненне з гэтага вобразу Касцёла, які нараджаецца. Апостальская і місіянерская пладавітасць у сваёй аснове не з’яўляецца вынікам умела распрацаваных і «эфектыўных» душпастырскіх праграмаў ці методык, але ўяўляе сабою плён няспыннай супольнай малітвы (пар. Павел VI, Апостальская адгартацыя Evangelii nuntiandi, 75). Акрамя таго, перадумоваю эфектыўнасці місіі з’яўляецца адзінства супольнасцяў, гэта значыць, каб яны мелі «адно сэрца і адну душу» (пар. Дз 4, 32) і каб былі гатовыя сведчыць пра любоў і радасць, якімі Святы Дух напаўняе сэрцы вернікаў (пар. Дз 2,42). Слуга Божы Ян Павел ІІ пісаў, што місія Касцёла перш, чым стаць дзеяннем, напачатку павінна быць сведчаннем і распаўсюджаннем (пар. Redemptoris missio, 26). Так было на пачатку хрысціянства, піша Тэртуліян, калі язычнікі навярталіся, бачачы любоў, якая панавала сярод хрысціянаў: «Бачыш, — казалі яны, — як яны любяць адзін аднаго!» (пар. Apologetico, 39 § 7).

Завяршаючы гэты кароткі агляд Божага Слова ў Бібліі, я запрашаю Вас звярнуць увагу на тое, што Святы Дух з’яўляецца найбольшым дарам Бога чалавеку, а значыць, найвышэйшым сведчаннем Яго любові да нас — любові, якая канкрэтна выяўляецца ў станоўчым адказе «„так“ жыццю», якога Бог жадае кожнаму свайму стварэнню. Гэтае «„так“ жыццю» мае сваю поўную форму ў Езусе з Назарэта і ў Ягонай перамозе над злом праз адкупленне. Таму ніколі не будзем забывацца пра тое, што Евангелле Езуса, дзякуючы ўсё таму ж Духу, не зводзіцца толькі да апісання падзяеў, але імкнецца стаць «добраю навіною для ўбогіх, вызваленнем для палонных, вяртаннем зроку для сляпых» (пар. Лк 4, 18). Усё гэта здзейснілася ў дзень Пяцідзесятніцы, стаўшы ласкаю і заданнем Касцёла перад светам, яго першачарговаю місіяй.

Мы з’яўляемся пладамі гэтай місіі Касцёла праз дзеянне Святога Духа. Мы маем у сабе тую пячатку любові Айца да Езуса Хрыста, якою з’яўляецца Святы Дух. Не будзем пра Яго забывацца, бо Дух Пана заўсёды памятае пра кожнага з нас і жадае асабліва праз вас, маладых, узняць у свеце вецер і полымя новай Пяцідзесятніцы.

 
5. Святы Дух — «духоўны Настаўнік»

Дарагая моладзь, Святы Дух і сёння працягвае з моцаю дзейнічаць у Касцёле, і Яго плады настолькі шчодрыя, наколькі мы гатовыя адкрыцца для Яго аднаўляючай моцы. Таму важна, каб кожны з нас ведаў Яго, увайшоў у еднасць з Ім і дазволіў Яму сябе вясці. Але тут узнікае натуральнае пытанне: кім для мяне ёсць Святы Дух? Сапраўды, для многіх хрысціянаў Ён працягвае заставацца «вялікім незнаёмым». Вось чаму, рыхтуючыся да наступнага Дня моладзі, я хацеў бы прапанаваць кожнаму з вас паглыбіць асабістае пазнанне Святога Духа. У нашым вызнанні веры мы абвяшчаем: «Веру ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу, які ад Айца і Сына паходзіць» (Нікейска-Канстанцінопальскі сімвал веры). Так, Святы Дух, Дух любові Айца і Сына, з’яўляецца крыніцаю жыцця, што нас асвячае, бо «любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам» (Рым 5, 5). Але ўсё ж недастаткова толькі ведаць Яго — неабходна Яго прыняць як правадыра нашых душаў, як «духоўнага Настаўніка», які ўводзіць нас у таямніцу святой Тройцы, бо толькі Ён можа абудзіць у нас веру і даць магчымасць у паўнаце жыць ёю кожны дзень. Ён набліжае нас да іншых, запальвае ў нас агонь любові, робіць нас місіянерамі Божай любові.

Я добра ведаю, якую вялікую пашану і любоў да Езуса вы маеце ў сваіх сэрцах, як вы жадаеце сустрэцца з Ім і з Ім паразмаўляць. Таму памятайце, што менавіта прысутнасць Духа ў нас пацвярджае, стварае і будуе нашу асобу на Асобе самога Езуса, укрыжаванага і ўваскрослага. Таму станем блізкімі Святога Духа, каб такім чынам быць блізкімі Езуса.

 
6. Святыя сакрамэнты канфірмацыі і Эўхарыстыі

Але, скажаце вы, як мы можам даць Святому Духу аднавіць нас і як узрастаць у нашым духоўным жыцці? Адказ вы ведаеце: гэта магчыма ў сакрамэнтах, таму што вера нараджаецца і ўмацоўваецца дзякуючы сакрамэнтам, асабліва сакрамэнтам хрысціянскага ўтаямнічання: хросту, канфірмацыі і Эўхарыстыі, якія ўзаемна дапаўняюцца і з’яўляюцца непарыўнымі (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1285). Гэтая праўда пра тры сакрамэнты, якія з’яўляюцца крыніцаю нашага быцця хрысціянамі, часта бывае занядбанаю ў жыцці многіх вернікаў, для каго гэта толькі жэсты, што адбыліся ў мінулым і не маюць рэальнага ўплыву на сённяшні дзень, нібы карэнне, пазбаўленае жыццядайных сокаў. Здараецца так, што, прыняўшы сакрамэнты хросту і канфірмацыі, шмат моладзі аддаляецца ад жыцця веры. А ёсць таксама і такія маладыя людзі, якія нават не прынялі гэтых сакрамэнтаў. Але ж менавіта праз сакрамэнт хросту, канфірмацыю а потым пастаянна праз Еўхарыстыю Дух Святы чыніць нас дзецьмі Божымі, братамі Езуса, членамі свайго Касцёла, здольнымі даваць праўдзівае сведчанне Евангелля і атрымліваць радасць ад веры.

Таму я заклікаю вас паразважаць над тым, што я вам тут пішу. Сёння асабліва важна зноў адкрыць сакрамэнт канфірмацыі і адшукаць яго значэнне для нашага духоўнага ўзрастання. Той, хто прыняў святыя сакрамэнты хросту і канфірмацыі, няхай памятае, што ён стаў «святыняю Духа» і ў ім прабывае Бог. Няхай ён заўжды гэта ўсведамляе і робіць так, каб гэты скарб у ім прыносіў плады святасці. Той, хто быў ахрышчаны, але яшчэ не атрымаў сакрамэнту канфірмацыі, няхай рыхтуецца прыняць яго, ведаючы, што такім чынам ён стане «завершаным» хрысціянінам, таму што канфірмацыя ўдасканальвае ласку хросту (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1302–1304).

Святы сакрамэнт канфірмацыі дае нам асаблівую сілу для сведчання і праслаўлення Бога ўсім нашым жыццём (пар. Рым 12, 1); ён паглыбляе ў нас усведамленне прыналежнасці да Касцёла, «Цела Хрыстовага», якога ўсе мы з’яўляемся жывымі членамі, з’яднанымі адзін з адным (пар. 1 Кар 12, 12–25). Даручаючы сябе кіраўніцтву Святога Духа, кожны ахрышчаны можа зрабіць свой унёсак у пабудову Касцёла дзякуючы харызмам, якія Ён дае, бо «кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць» (пар. 1 Кар 12, 12–25). І калі Дух дзейнічае, то прыносіць у душы свае плады: «любоў, радасць, супакой, велікадушнасць, лагоднасць, дабрыню, вернасць, далікатнасць, стрыманасць» (Гал 5, 22). Да тых з вас, хто яшчэ не атрымаў сакрамэнту канфірмацыі, я звяртаюся з сардэчным заклікам падрыхтавацца да яго прыняцця, просячы дапамогі ў сваіх святароў. Гэта нагода атрымаць асаблівую ласку — не ўпускайце яе!

Я хацеў бы яшэ дадаць некалькі словаў пра Эўхарыстыю. Каб узрастаць у хрысціянскім жыцці, неабходна жывіцца Целам і Крывёю Хрыста, бо мы былі ахрышчаныя і прынялі канфірмацыю з мэтаю ўдзельнічаць у Эўхарыстыі (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1322; Sacramentum caritatis, 17). «Крыніца і вяршыня» касцёльнага жыцця — Эўхарыстыя — гэта «няспынная Пяцідзесятніца», бо кожны раз, калі мы ўдзельнічаем у святой Імшы, прымаем Святога Духа, які глыбей яднае нас з Хрыстом і ператварае ў Яго. Калі вы, дарагая моладзь, будзеце часта ўдзельнічаць у цэлебрацыі Эўхарыстыі, калі прысвяціце крыху вашага часу адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, то з крыніцы любові, якою з’яўляецца Эўхарыстыя, у вас з’явіцца радасная рашучасць прысвяціць сваё жыццё наследаванню Евангелля. Разам з тым вы адчуеце, што там, дзе недастаткова нашых сілаў, Святы Дух перамяняе нас, напаўняючы сваёю моцаю і робячы нас поўнымі місіянерскага запалу сведкамі ўваскрослага Хрыста.

 
7. Патрэба і неадкладнасць місіі

Вялікая колькасць маладых людзей з трывогаю глядзяць на сваё жыццё, задаюць шмат пытанняў адносна сваёй будучыні. Яны з заклапочанасцю пытаюцца, як жыць у свеце, поўным вялікіх несправядлівасцяў і цярпенняў? Як рэагаваць на эгаізм і насілле, якія, здаецца, часам пераважаюць. Як надаць сапраўдны сэнс свайму жыццю? Як зрабіць так, каб плады Духа, пра якія мы згадвалі вышэй — «любоў, радасць, супакой, велікадушнасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць» (гл. п. 6), — напоўнілі гэты зранены і крохкі свет, а перадусім свет моладзі? Пры якіх умовах жыццядайны Дух першага стварэння, а асабліва другога стварэння, або адкуплення, можа стаць душою новага чалавецтва? Не будзем забывацца, што чым большы дар Божы (а дар Духа Езуса — найбольшы з усіх), тым больш ён патрэбны свету, а таму такая вялікая і захапляльная місія Касцёла, якая заключаецца ў тым, каб верагодна сведчыць пра Яго. І вы, юнакі і дзяўчаты, на Сусветным дні моладзі пэўным чынам пацвярджаеце сваё жаданне браць удзел у гэтай місіі. У сувязі з гэтым, дарагія сябры, мне хочацца нагадаць вам тут пра некаторыя асноўныя праўды, над якімі варта задумацца. Я яшчэ раз паўтараю вам, што толькі Хрыстус можа задаволіць самыя глыбокія імкненні чалавечага сэрца; толькі Ён у стане зрабіць чалавецтва гуманным і прывесці яго да сваёй «боскасці». Моцаю свайго Духа Ён улівае ў нас Боскую любоў, якая робіць нас здольнымі любіць бліжняга і быць гатовымі служыць яму. Святы Дух прасвятляе, аб’яўляючы ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, паказвае нам шлях, каб мы сталі больш падобнымі да Яго, гэта значыць, каб былі «праяўленнем і прыладаю любові, якая выпраменьвае з Яго» (Deus caritas est, 33). І той, хто даручае сябе кіраўніцтву Духа, разумее, што прысвяціць сябе служэнню Евангеллю — гэта не нейкая факультатыўная магчымасць, таму што адчувае, наколькі неабходна перадаць таксама іншым гэтую Добрую Навіну. Тым не менш, варта яшчэ раз нагадаць пра тое, што мы можам быць сведкамі Хрыста толькі тады, калі даручым сябе кіраўніцтву Святога Духа, які з’яўляецца «галоўнай дзеючай сілай Евангелізацыі» (Evangelii nuntiandi, 75) і «асноўнай дзеючай асобай місіі» (Redemptoris missio, 21). Дарагая моладзь, як неаднаразова нагадвалі мае вялебныя папярэднікі Павел VI і Ян Павел ІІ, сёння як ніколі неабходна абвяшчаць Евангелле і даваць сведчанне веры (Redemptoris missio, 1). Хтосьці можа падумаць, што, паказваючы скарб веры людзям, якія яе не падзяляюць, мы праяўляем да іх неталерантнасць, але гэта не так, бо прапаноўваць Хрыста не азначае навязваць Яго (пар. Evangelii nuntiandi, n. 80). Зрэшты, дзве тысячы гадоў таму дванаццаць апосталаў аддалі жыццё за тое, каб Хрыста пазналі і палюбілі. З таго часу Евангелле на працягу стагоддзяў працягвае распаўсюджвацца дзякуючы мужчынам і жанчынам, натхнёным такім самым місіянерскім запалам. Таму і сёння патрэбныя вучні Хрыста, якія не шкадавалі б часу і сілаў для служэння Евангеллю. Патрэбныя маладыя людзі, якія б згадзіліся, каб у іх палала Божая любоў, і якія б шчодра адказалі на прыспешваючы заклік Евангелля, як гэта зрабілі шматлікія благаслаўлёныя і святыя мінулага, а таксама нядаўніх часоў. Я запэўніваю вас у тым, што асабліва сёння Дух Езуса заклікае вас, маладых, несці добрую навіну пра Езуса вашым аднагодкам. Відавочная цяжкасць для дарослых зразумела і даступна сысціся са светам моладзі можа быць знакам, з дапамогаю якога Дух мае намер заахвоціць вас, маладых, заняцца гэтым. Вам знаёмыя ідэалы, размоўная мова, а таксама раны і разам з тым імкненне да дабра вашых аднагодкаў. Адкрываецца шырокі свет пачуццяў, працы, асветы, чакання, маладых цярпенняў… Няхай кожнаму з вас хопіць мужнасці паабяцаць Святому Духу прывесці якога-небудзь хлопца ці дзяўчыну да Езуса Хрыста такім спосабам, які ён палічыць найлепшым, умеючы «даць адказ пра сваю надзею з лагоднасцю» (пар. 1 П 3, 15).

Але каб дасягнуць гэтае мэты, дарагія сябры, будзьце святымі, будзьце місіянерамі, бо ні ў якім выпадку немагчыма аддзяліць святасць ад місіі (пар. Redemptoris missio, 90). Не бойцеся стаць святымі місіянерамі, як, напрыклад, святы Францішак Ксавэрый, які прайшоў па Далёкім Усходзе, абвяшчаючы Добрую Навіну да поўнага вычарапння сілаў, або як святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса, якая была місіянерам, нават не пакідаючы Кармэлю: як першы, так і другая з’яўляюцца «Апекунамі місій». Будзьце гатовымі аддаць сваё жыццё, каб асвятліць свет праўдаю Хрыста, каб адказаць любоўю на нянавісць і пагарду да жыцця, каб абвяшчаць надзею ўваскрослага Хрыста ва ўсіх куточках зямлі.

 
8. Выпрасіць для свету «новую Пяцідзесятніцу»

Дарагая моладзь, я чакаю вас у ліпені 2008 года ў Сіднэі ў вялікай колькасці. Гэта будзе дадзеная Божым Провідам магчымасць адчуць моц Святога Духа. Няхай вас там будзе шмат, каб вы сталі знакам надзеі і каштоўнай падтрымкі для касцёльнай супольнасці ў Аўстраліі, якая рыхтуецца прыняць вас. Для моладзі гэтай краіны, якая праявіць да вас гасціннасць, гэта будзе надзвычайнаю магчымасцю абвясціць прыгажосць і радасць Евангелля супольнасці, якая ў многіх аспектах з’яўляецца секулярызаванаю. Аўстралія, як і ўся Акіянія, мае патрэбу зноў адкрыць свае хрысціянскія карані. У паслясінадальнай адгартацыі да Касцёла ў Акіяніі Ян Павел ІІ пісаў: «Моцаю Святога Духа Касцёл у Акіяніі рыхтуецца да новай евангелізацыі народаў, якія сёння жадаюць Хрыста. (…) Новая евангелізацыя з’яўляецца прыярытэтам для Касцёла ў Акіяніі (Ecclesia in Oceania, 18).

Я заклікаю вас прысвяціць час малітве і вашаму духоўнаму фармаванню на гэтым апошнім адрэзку шляху, які вядзе нас да 23-га Сусветнага дня моладзі, каб у Сіднэі вы змаглі аднавіць абяцанні вашага хросту і канфірмацыі. Мы разам будзем маліць Святога Духа, з даверам просячы ў Бога дару адноўленай Пяцідзесятніцы для Касцёла і для чалавецтва трэцяга тысячагоддзя.

Няхай на працягу гэтых месяцаў вам спадарожнічае Марыя, з’яднаная з апосталамі ў малітве ў Вячэрніку, і няхай Яна выпрасіць для ўсіх маладых людзей новае спасланне Святога Духа, якое запаліць іхнія сэрцы. Памятайце: Касцёл давярае вам! Мы, Пастыры, асабліва молімся за тое, каб вы любілі і ўсё больш аддаваліся любові Хрыста і аддана наследавалі Яго. З такімі пачуццямі я з вялікаю любоўю ўсіх вас благаслаўляю.

Ларэндзага, 20 ліпеня 2007 г.
Папа Бэнэдыкт XVI
Адноўлена 21.07.2009 16:31
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.