Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды 15-годдзя адраджэння пінскай семінарыі

Фаціма, 3 кастрычніка 2017 г.

Яго Эксцэленцыі
Ксяндзу Біскупу Антонію Дзям’янку
Ардынарыю Пінскай дыяцэзіі
Вялікаму Канцлеру Міждыяцэзіяльнай
вышэйшай духоўнай семінарыі
імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску

Ваша Эксцэленцыя!

Сардэчна дзякую за запрашэнне на святкаванне 15-годдзя адраджэння Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

На жаль, з-за раней прынятых душпастырскіх абавязкаў, а менавіта пілігрымкі ў Фаціму, не магу прыняць удзел у гэтых так важных для Касцёла ў Беларусі, асабліва для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, урачыстасцях.

Дзякуючы сацыяльна-палітычным зменам канца 80-х і пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, якія сталі магчымымі ў выніку ажыццяўлення прадказанага ў далёкім 1917 годзе Марыяй у Фаціме навяртання да Бога нашай краіны пасля рэжыму ваюючага атэізму, трываючага тры пакаленні, і дзякуючы намаганням святой памяці жывога мучаніка часоў ганенняў за веру Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка, была адроджана дзейнасць пінскай «Alma Mater».

Добра памятаю той гістарычны дзень — 12 верасня 2001 г., калі мне было даверана прамовіць гамілію падчас інаўгурацыйнай святой Імшы. Глыбока сімвалічна, што гэтая так важная падзея ў жыцці адраджаючагася Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, адбылася менавіта ў той дзень. Свет не мог прыйсці да сябе пасля тэрарыстычных актаў, якія адбыліся напярэдадні ў Нью-Йорку і Вашынгтоне. Яны выклікалі небывалы шок і сталі пачаткам гібрыднай вайны, а таксама паказалі, што высілкі па захаванні сталага міру без духоўнай базы не з’яўляюцца дастатковымі.

Менавіта тады на берагах Піны нанова распачала сваю дзейнасць семінарыя, каб фармаваць будучых святароў, якія панясуць у напоўнены насіллем свет евангельскае пасланне міру і супакою. Сапраўдны мір — гэта не толькі і не столькі адсутнасць ваенных дзеянняў, але перадусім мір у сэрцы чалавека, з якога павінны выходзіць толькі добрыя помыслы, якія гарантуюць сапраўдны, прынесены Хрыстом, супакой.

Мінулыя 15 гадоў дзейнасці семінарыі — пінскай «кузні» духоўных кадраў — сталі часам яе станаўлення і пошуку свайго шляху. Яе выпускнікі паспяхова служаць Касцёлу на розных пасадах.

За гэты час семінарыя перажывала розныя перыяды: калі было дастакова многа кандыдатаў да святарства і калі іх станавілася менш. Сёння намеціўся іх рост, за што трэба дзякаваць Богу, і прасіць Яго, каб паслаў на ніву беларускага Касцёла святых і адданых сваёй справе святароў.

Знаходзячыся ў далёкай Фаціме, на месцы аб’яўленняў Божай Маці, малітоўна яднаюся з удзельнікамі сённяшняй урачыстасці, спяваю «Te Deum» і малю Бога, каб праз заступніцтва Маці Божай Фацімскай благаславіў пінскую духоўную семінарыю.

З малітвай і благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх
Біскупаў у Беларусі

Адноўлена 22.09.2016 11:00
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.