Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святы Юзаф Каласанс, святар
09.11.2009 14:03

Юзаф Каласанс (1557 г. — 25 жніўня 1648 г.) — заснавальнік Ордэна бедных рэгулярных хрысціянскіх школ у імя Божай Маці (піяры). Нарадзіўся ў мясцовасці Перальта-дэ-ла-Саль, што ў Каралеўстве Арагон (Іспанія). Вывучаў права і філасофію ва універсітэце. У 1583 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і распачаў душпастырскую працу. Спачатку з’яўляўся сакратаром біскупа Каспары дэ ла Фігуэра, потым — канонікам Капітулы ва Ургелі, пробашчам і эканомам біскупа Андрэя Капілла.

Пасля абароны доктарскай дысертацыі па тэалогіі ў 1592 г. Юзаф Каласанс накіраваўся ў Рым, каб атрымаць касцёльны бенефіцый. Аднак тут ён кардынальна змяняе свае планы. Прычынай былі асабістыя ўнутраныя перажыванні. Вандруючы па бедным гарадскім раёне за Тыбрам, Каласанс сутыкнуўся з сумным лёсам дзяцей, якія не мелі магчымасці вучыцца і лічыліся адкідамі грамадства. Каласанс вырашыў, што не вернецца ў Іспанію, а зоймецца гэтымі дзецьмі.

У 1597 г. узнікла першая ў Еўропе бясплатная пачатковая школа, адчыненая для ўсіх, школа без абмежаванняў, даступная для дзяцей розных веравызнанняў, нацыянальнасцяў і культур. Каласанс працаваў у ёй настаўнікам, выхавацелем, адміністратарам.

Да дзейнасці Юзафа Каласанса неўзабаве далучаюцца іншыя. У выніку ўзнікае супольнасць. Сетка школаў развіваецца хутка і дынамічна — каралі шматлікіх дзяржаў, князі і мясцовыя рады звяртаюцца да Каласанса з просьбай прыслаць да іх на працу братоў з яго ордэна. Школы айцоў піяраў пачынаюць засноўвацца не толькі ў Італіі ці ў Неапалітанскім каралеўстве, але таксама на Сіцыліі, у Маравіі, ВКЛ, Польшчы, Іспаніі, Германіі.

Апошнія гады жыцця Юзафа Каласанса былі невясёлымі. Апостальская візітацыя (у выніку не высветленых да канца абставінаў) прывяла да скасавання ордэна. Памёр Юзаф Каласанс ноччу з 24 на 25 жніўня 1648 г. Праз 8 гадоў ордэн піяраў быў адноўлены.

У 1748 г. Юзаф Каласанс беатыфікаваны, яшчэ праз нейкі час — кананізаваны. У 1948 г. папа Пій XII абвяшчае яго «апекуном хрысціянскіх агульнаадукацыйных школ ва ўсім свеце».

У Беларусі айцы піяры нясуць сваё служэнне ў Шчучыне, Лідзе (Гродзенская дыяцэзія) і Чавусах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Успамін: 25 жніўня

Адноўлена 09.11.2009 14:16
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.