Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Кітаі знік біскуп «падпольнага» Касцёла, прызнанага Ватыканам
07.06.2017 12:24

18 мая біскуп кітайскай мільённай мітраполіі Вэньчшоу Петэр Жао Жумін быў запрошаны на сустрэчу ва Упраўленне канфесій і з таго часу яго ніхто не бачыў.

Як паведамляе місійнае агенцтва AsiaNews, вернікі дыяцэзіі «падпольнага» Касцёла не маюць ніякай інфармацыі пра лёс і магчымае месцазнаходжанне іерарха. Яго маці шмат разоў звярталася да ўладаў з просьбай убачыць сына, але безвынікова. Мясцовая камуністычная ўлада ніяк не каментуе знікненне біскупа.

Да гэтага іерарха ўжо шмат разоў арыштоўвалі. Апошні раз гэта здарылася перад Вялікаднём, калі яго затрымалі і вызвалілі ўжо толькі пасля святаў.



Згодна з паведамленнямі Asianews у Вэньчшоу жыве каля 120 тысяч членаў Патрыятычнай супольнасці католікаў Кітая (ПСКК), якую падтрымліваюць камуністы. Пры гэтым 80 тысяч мясцовых жыхароў належыць да «падпольнага» Касцёла, які знаходзіцца ў падпарадкаванні Ватыкану.

Афіцыйна Апостальская Сталіца і Кітай не падтрымліваюць дыпламатычных адносін. Камуністычны ўрад у Пекіне і надалей адмаўляецца ад свабоднага прызначэння у краіне біскупаў Папам Рымскім, а афіцыйны Касцёл знаходзіцца пад кантролем улады.



На працягу апошніх дзесяцігоддзяў некаторыя біскупы, якія належалі да ПСКК былі, аднак, прызнаныя Апостальскай Сталіцай.

На сёння працягваюцца размовы паміж Апостальскай Сталіцай і камуністычнай уладай Кітайскай Народнай Рэспублікі на тэму ўсталявання афіцыйных адносін.

(kai/cath)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.