Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
У Польшчы выдалі кнігу з пустымі старонкамі, якую можна чытаць толькі на марозе
26.01.2017 12:01

Без квяцістай абгорткі, без назвы, з пустымі старонкамі — каб яе прачытаць, трэба выйсці на мароз. Кніга «Нябачныя» распавядае пра беспрытульных, якімі апякуецца капуцынскі фонд імя благаслаўлёнага Анікета Каплінскага ў Варшаве. 

Кніга прызначана для таго, каб прыцягнуць увагу да сітуацыі беспрытульных, пры гэтым кожная кніга — цаглінка ў справу дабрачыннасці. Набыўшы кнігу, пакупнікі падтрымліваюць людзей, якім патрэбна дапамога.

Нябачныя» — гэта кніга, якая заклікае не толькі памятаць пра беспрытульных, зазвычай «нябачных», але і ўслухоўвацца ў іх сітуацыю. Замест прыгожай вокладкі — кавалак кардону, замест назвы — шнурок. Яе старонкі — пустыя, а калі хочаш яе прачытаць і даведацца, пра што кніга, то мусіш выйсці на вуліцу ў марозны дзень. У кнізе апублікаваны парады, вершы, нават тэатральная сцэнка, аўтарамі якіх з’яўляюцца беспрытульныя — выхаванцы купуцынскага фонда.

Аўтары праекта падкрэсліваюць, што гэтая кніга — адзіны ў сваім родзе «аўтапартрэт» беспрытульных людзей. Яго выключнасць грунтуецца не толькі на незвычайнай кардоннай абгортцы, але перадусім на тым факце, што запісанае на яе старонках праяўляецца толькі пры мінусавой тэмпературы.
«Усё гэта — для таго, каб адчуць сітуацыю “нябачных”. Таму яе трэба чытаць там, дзе яна з’явілася — пад голым небам», — кажуць капуцыны.

«Беспрытульных людзей успрымаюць згодна з крыўднымі стэрэатыпамі, — кажа кіраўнік капуцынскага фонду Марэк Сэкрэтні. — Мы забываемся, што яны калісьці таксама мелі працу, дом, сям’ю, сяброў, але страцілі ўсё гэта праз вельмі розныя, нярэдка незалежныя адна ад другой, прычыны. І часта яны ўжо страцілі нават надзею на тое, што могуць змяніць сваё жыццё. Мы лічым, што гэта ініцыятыва можа паўплываць на нашае ўспрыманне беспрытульных, даць ім голас і паказаць іх звычайную людскую ўразлівасць».

Гэтай зімой у Польшчы на смерць замерзла больш за 80 чалавек. У фондзе асцерагаюцца, што колькасць беспрытульных будзе павялічвацца, калі яны і надалей будуць заставацца нябачнымі для грамадства.

Паводле CREDO (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.