Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Пеццы: візіт Папы ў Маскву ўжо не з’яўляецца праблематычным
12.01.2017 10:45

«Не ведаю, як доўга трэба будзе гэтага чакаць, аднак, думаю, што перспектыва падарожжа Папы ў Маскву ўжо не з’яўляецца праблематычнай, хоць невядома, калі яно абудзецца», — на гэта звярнуў увагу арцыбіскуп архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Паоло Пеццы.

У гэтыя дні іерарх прымае ўдзел у V Еўрапейскім каталіцка-праваслаўным форуме ў Парыжы, арганізаваным Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (РБКE) і праваслаўнымі Цэрквамі з Еўропы.

Узгадваючы гістарычную мінулагоднюю сустрэчу папы Францішка і Патрыярха Кірыла ў Гаване, арцыбіскуп Пеццы, які з’яўляецца старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Расіі, выказаў перакананне, што аднойчы Святы Айцец мог бы прыбыць у Маскву. «Пасля Кубы, або пасля “ўдару”, які быў няпростым для Праваслаўнай Царквы ў Расіі, сёння можна сказаць, што візіт Папы ў гэтую краіну ўжо не з’яўляецца праблемай», — запэўніў арцыбіскуп Паоло Пеццы.

Іерарх звярнуў таксама ўвагу, што сярод праваслаўных чуліся незадаволеныя галасы пасля гэтай гістарычнай сустрэчы, але яны былі нешматлікімі, а сёння «гэта ўжо мінулае».

На думку арцыбіскупа Пеццы, калі некалі адбудзецца гэтая сустрэча, — ці то ў Маскве, ці то ў Рыме, — гэта «будзе добра для ўсіх». «Але ён [Пантыфік] вельмі тактоўны і не дзейнічае сілай», — дадаў іерарх.

КАІ, (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.