Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Партугалія: біскупы супраць увядзення ў школьную праграму тэмы абортаў
12.01.2017 09:42

Епіскапат Партугаліі заклікаў прэм’ер-міністра краіны Антоніу Кошта адхіліць намер увядзення ў праграмы школьнага навучання тэмы абортаў. Як раней было аб’яўлена ўрадам, у 2017–2018 школьным годзе плануецца ўключыць у заняткі па сексуальным выхаванні тэму перарывання цяжарнасці.

«Нас непакоіць гэтая ініцыятыва. Мы падтрымліваем усіх тых бацькоў, якія таксама гэтым незадаволены і не хочуць, каб аборт быў тэмай навучання дзяцей», — адзначыў кс. Мануэл Барбозу, прэс-сакратар епіскапату. Пры гэтым святар дадаў, што біскупы згадзіліся афіцыйна падтрымаць петыцыю супраць лекцый пра аборты, якая збірае галасы «супраць» у інтэрнэт-прасторы. Ужо каля 10 тысяч асобаў падпісалі петыцыю.

«Сексуальнае выхаванне павінна ўлічваць чалавечую індывідуальнасць, асабліва на этапе ўзрастання. Тым часам сёння яно больш засяроджваеца на справах выключна тэхнічных», — дадаў прэс-сакратар партугальскага епіскапату.

У Партугаліі закон дазваляе здзяйсняць аборт па жаданні ў першыя дзесяць тыдняў цяжарнасці пры ўмове папярэдняй адпаведнай кансультацыі жанчыны.

КАІ, (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.