Ісламская дзяржава папярэдзіла Егіпет пра хвалю антыхрысціянскіх атак | Друк |
19.12.2016 12:48

У Егіпце павялічваецца рэлігійны фанатызм, а хрысціяне з кожным днём адчуваюць сябе ўсё ў большай небяспецы. На гэта ўказаў біскуп Кірыл Уільям Самаан пасля выбуху ў хрысціянскім храме ў Каіры, які адбыўся на мінулым тыдні.

Іерарх заўважыў, што прэзідэнт краіны Абдул Ас-Сісі падтрымлівае хрысціян, але крайнія ісламскія групоўкі робяць усё большыя намаганні, каб выціснуць ўсіх хрысціян з гэтай зямлі і прызнаць яе спадчынай выключна ісламу.

Расце таксама варожая прапаганда ў школах, дзе вучаць бачыць у хрысціянах няверных і змагацца з імі як з вызнаўцамі несапраўднай рэлігіі.

Тымчасам вярхоўны імам мясцовай мячэці Ахмад Аль-Тайіб размаўляў з копцкім патрыярхам Тэадорам ІІ на тэму абавязковага будавання добрых міжрэлігійных адносін.

Вярхоўны імам выказаў словы спачування кіраўніку Копцкай Праваслаўнай Царквы пасля замаху на хрысціян у Каіры, у выніку якога загінулі 26 чалавек і 50 былі паранены. У размове Аль-Тайіб прыгадаў час мірнага суіснавання мусульман і хрысціянаў і адначасова падкрэсліў, што павелічэнне фанатызму звязана з наплывам звонку ідэалогіі так званай Ісламскай дзяржавы.

Менавіта гэтая тэрарыстычная мусульманская групоўка прызналася ў замаху, здзейсненым 11 снежня ў копцкай святыні. У спецыяльным відэазапісе прадстаўнікі Ісламскай дзяржавы папярэджваюць, што да канца гэтага года пройдзе хваля антыхрысціянскіх атак.

Паводле КАІ
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by