Бі-Бі-Сі прызнала недарэчнай сваю крытыку ў бок Касцёла ў перадачы пра Халакост | Друк |
12.12.2016 13:59

Брытанская дзяржаўная тэлерадыёкампанія назвала памылковай сваю перадачу, у якой сцвярджалася, што Каталіцкі Касцёл не аказваў супраціву нацысцкаму тэрору.

У перадачы, якая выйшла летам гэтага года, прагучала, што «толькі маўчаннем адказаў Касцёл на дэманізацыю яўрэяў нацысцкай Германіяй, а пазней на спробу знішчыць яўрэяў у Еўропе».

У адказ на гэта сябра брытанскай Палаты Лордаў Дэвід Альтон, католік па веравызнанні, і каталіцкі святар Леа Чэмберлейн звярнуліся з афіцыйным зваротам, у якім адзначылі неаб’ектыўнасць стужкі.

Амаль праз паўгода камісія рэдакцыі Бі-Бі-Сі па скаргах заключыла, што перадача была ілжывай.

«Перадача не адлюстроўвае публічныя заявы Пантыфікаў і спробы ратаваць яўрэяў ад нацысцкага прыгнёту, якія рабіліся па інструкцыях Папы Пія ХІІ», — гаворыцца ў заключэнні камісіі.

Рашэнне камісіі было даведзена да рэдакцыі, якая нясе адказнасць за з’яўленне неаб’ектыўнай перадачы.

Аляксандр Гелагаеў
паводле bbc.co.uk і catholicherald.co.uk

 
© 2003-2024 Catholic.by