Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Швейцарскі біскуп забараніў святарам удзяляць сакрамэнты пацыентам перад эўтаназіяй
12.12.2016 10:37

Швейцарскі каталіцкі біскуп Вітус Хуондэр прадпісаў святарам не ўдзяляць перадсмяротныя сакрамэнты пацыентам, якія далі згоду на эўтаназію.

«Гатоўнасць пацыентаў, якія пакутуюць, здзейсніць самагубства пры дапамозе трэцяй асобы ставіць святара, якога просяць здзейсніць рэлігійны абрад, у немагчымае становішча», — цытуе заяву біскупа брытанская газета The Catholic Herald.

Паводле слоў іерарха, адзінае, што можа святар у такіх выпадках, — гэта прапанаваць малітву заступніцтва, давяраючы чалавека Божай любові.

Згодна з вучэннем Каталіцкага Касцёла, аказанне медыцынскай дапамогі патрабуючым павінна суправаджацца павагай да чалавечага жыцця і «не парушаць натуральны працэс смерці», нагадаў біскуп Вітус Хуондэр.

Паводле слоў іерарха, сёння становіцца ўсё складаней прымаць правільныя рашэнні перад абліччам смерці, але Касцёл вучыць паважаць і жыццё, і смерць.

«З хрысціянскага пункту гледжання, жыццё і смерць — у руках Пана Бога, самі мы гэтыя пытанні не вырашаем», — дадаў біскуп.

Эўтаназія дазволена ў Швейцарыі ва ўсіх выпадках, калі яна не выклікана «эгаістычнымі матывамі». У мінулым годзе згоду на эўтаназію далі 999 жыхароў краіны. У ліпені 2016 года каталіцкі дом састарэлых св. Аўгустына ў бельгійскім гоардзе Дзіст быў аштрафаваны на 6 тысяч еўра за перашкоду здзяйснення эўтаназіі пацыенту. Згодна з заканадаўствам Бельгіі, здзяйсняць эўтаназію могуць індывідуальныя медыкі, а не ўстановы.

Паводле pravmir.ru (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.