Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выходзіць у кінапракат новы фільм Мэла Гібсана
19.10.2016 11:17

Праўдзівую гісторыю героя Другой сусветнай вайны Дэзманда Досса, адзінай зброяй якога з’яўляецца вера, надзея і любоў, апавядае ў біяграфічнай ваеннай драме «Hacksaw Ridge» («Кіруючыся сумленнем») Мэл Гібсан. У кінапракат у некаторых краінах свету фільм выйдзе ўжо 4 лістапада.

Канец Другой сусветнай вайны. Амерыканская армія вядзе цяжкія баі з Японіяй за кожны кавалак зямлі ў ціхаакіянскім рэгіёне. Стратэгічнай мэтай з’яўляецца востраў Акінава, здабыццё якога можа азначаць канчатковае паражэнне Японіі.

Сярод соцень тысяч амерыканскіх салдат трапляе туды і Дэзманд Досс, санітар, які адмаўляецца насіць зброю паводле рэлігійных перакананняў. Да яго ставяцца з недаверам, абвінавачваюць у баязлівасці, але неўзабаве ён дакажа, як моцна адносна яго памыляліся.

Падчас вельмі цяжкіх сутыкненняў, шмат разоў рызыкуючы жыццём, ён выносіць з-пад агню звыш 70 параненых салдат. Так нараджаецца легенда пра героя, адзінай зброяй якога з’яўляецца вера, надзея і любоў.

«Кіруючыся сумленнем» — гэта гісторыя чалавека, які, адмовіўшыся насіць зброю, стаў героем адной з самых крывавых бітваў Другой сусветнай вайны.

«Калі я ўпершыню пачуў гісторыю Дэзманда Досса, мяне не пакідала захапленне яго ахвярнасцю. Ён быў першым чалавекам у гісторыі, які, адмовіўшыся забіваць людзей, стаў першым ідэйным укланістам у амерыканскай гісторыі, удастоеным Ганаровага медаля Кангрэса. Гэта мужчына, які абсалютна бескарысна рызыкаваў зноў і зноў сваім жыццём, каб уратаваць сваіх паплечнікаў ад смерці. Дэзманд быў самым звычайным чалавекам, які чыніў незвычайныя рэчы», — кажа пра героя свайго фільма Мэл Гібсан.

Рэжысёр «Пакутаў Хрыстовых» падкрэслівае, што Дэзманд Досс быў кімсьці асаблівым.

«Не так многа тых, хто змог бы зрабіць тое, што ён. Сціпласць, якую ён праяўляў пры абмеркаванні сваіх ваенных чынаў, яшчэ больш сведчыць пра яго выключны характар. Праўда і тое, што Дэзманд гадамі адмаўляў усім ахвотным зняць фільм, за аснову якога будзе ўзята яго гісторыя. Ён настойваў, што “сапраўднымі героямі” з’яўляюцца тыя, хто быў закапаны ў зямлі. Прызнаю, што ў сённяшнім кіно, дзе значэнне маюць фіктыўныя “супергероі”, варта прадстаўляць учынкі сапраўднага героя», — падкрэслівае Мэл Гібсан.

У галоўных ролях ваеннай драмы выступаюць Эндру Гарфілд (Дэзманд Досс), Тэрэза Палмер, Уінс Вон, Сэм Уорцінгтан, Х’юга Уівінг, Рэйчал Грыффітс.

КАІ (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.