Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Маскоўскі Патрыярхат: унія — справа, якая падзяляе Каталіцкі Касцёл і Праваслаўную Царкву
23.09.2016 16:17

Аддзел знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, інфармуючы пра вынікі каталіцка-праваслаўнага форуму ў К’еці на сваім афіцыйным сайце, перасцерагае, што «цяжка будзе працягваць праваслаўна-каталіцкі дыялог, калі пытанне пра эклезіялагічныя і кананічныя наступствы уніі застанецца нявырашаным».

15–22 верасня ў К’еці (Італія) праходзіла 14-я пленарная сесія Міжнароднай змешанай камісіі па справах тэалагічнага дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Вынікам пасяджэння стала прыняцце дакумента «Сінадальнасць і першаснасць у першым тысячагоддзі: на шляху да агульнага разумення дзеля служэння адзінству Касцёла».

Удзельнікі пасяджэння ў К’еці не дасягнулі кансэнсусу адносна тэмы чарговай пленарнай сесіі. Маскоўскі Патрыярхат выказаўся за тое, каб яна была прысвечана пытанню уніятызму. Па словах члена расійскай дэлегацыі архімандрыта Ірэнэя, «мэта дыялогу заключаецца не ў тым, каб дасягнуць згоды ў справах, у якіх мы ўжо адзінадушныя». «Мы павінны дыскутаваць на тэмы, якія нас падзяляюць», — адзначыў праваслаўны архімандрыт.

Тэма уніятызму ўжо была прадметам пасяджэння камісіі ў 1990-х гадах. У 1993 годзе на сесіі ў Баламандзе быў прыняты дакумент, які адхіляў уніятызм як сучасны метад аднаўлення адзінства Касцёла, але адначасова прызнаваў існаванне ўсходніх Каталіцкіх Касцёлаў, якія некалі з’явіліся ў выніку уніі з Рымам.

На чарговай сесіі ў Балціморы ў 2000 годзе вялася дыскусія пра эклезіялагічныя і кананічныя наступствы уніі, аднак пасяджэнне было спынена з прычыны шматлікіх разыходжанняў як унутры каталіцкай і праваслаўнай груп, так і паміж групамі.

Канчатковае рашэнне адносна тэмы 15-й пленарнай сесіі прыме каардынацыйны камітэт камісіі ў 2017 годзе.

Паводле deon.pl, patriarchia.ru
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.