На Корсіцы забаранілі буркіні — купальныя касцюмы для мусульманак | Друк |
16.08.2016 12:22

Улады карсіканскай камуны Сіска забаранілі нашэнне буркіні — жаночых купальных касцюмаў, якія адпавядаюць правілам шарыяту, — пасля масавай бойкі, што адбылася на востраве ў выхадныя.

У ноч на нядзелю на пляжы Сіска адбыўся канфлікт, прычынай якога, паводле слоў відавочцаў, стала тое, што турысты сталі фатаграфаваць жанчын у буркіні.

У выніку сутыкненняў чатыры чалавекі атрымалі раненні, былі спалены тры аўтамабілі і загарэліся дрэвы. Спатрэбілася 100 паліцэйскіх і жандармаў, каб спыніць сутыкненні.

Пракуратура горада Басціі, які знаходзіцца побач з Сіска, распачала следства, якое павінна дакладна вызначыць прычыны і падрабязнасці здарэння.

Як перадае тэлеканал BFMTV, мэр камуны прыняў рашэнне аб увядзенні забароны на буркіні, прычым адзначыў, што гэта зроблена «не супраць мусульманскага народа, а для яго абароны». Раней аналагічныя рашэнні прымалі ўлады яшчэ двух французскіх гарадоў — Каны і Вільнёў-Лубе.

У красавіку 2011 года ў Францыі ўвялі забарону на нашэнне мусульманскага адзення, якое цалкам закрывае твар. Французскі закон забараняе насіць такое адзенне ў грамадскіх месцах. Пры гэтым яго можна насіць дома, у гатэльных нумарах, у памяшканнях закрытых асацыяцый і на прадпрыемствах, а таксама ў культавых месцах і побач з імі.

Еўрапейскі суд па правах чалавека летам 2014 года палічыў гэты закон правамерным.

РІА «Новости», (IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by