Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Францыі замоўчваюцца выпадкі хрысціянафобіі
15.07.2016 16:00

У перыяд з 2008 па 2014 гг. у Францыі амаль у тры разы ўзрасла колькасць розных відаў актаў вандалізму, накіраваных на храмы, могілкі і іншыя хрысціянскія месцы і прадметы культу. Паведамляючы пра гэта, італьянская газета «Il Foglio» адзначае, што гэтыя праявы варожасці да хрысціянства амаль ніяк не адлюстроўваюцца ў французскіх СМІ.

У мінулым годзе толькі кансерватыўная парыжская газета «Le Figaro» прысвяціла гэтай тэме артыкул, адзначае італьянскае выданне.

Па даных французскай Абсерваторыі хрысціянафобіі (Observatoire de la christianophobie), у 2016 г. найгоршым у гэтых адносінах быў май, асабліва яго канец. У агульнай складанасці, у апошні месяц вясны было здзейснена 32 напады на хрысціянскія, у асноўным каталіцкія, аб’екты культу, аналагічных злачынных дзеянняў у адносінах да аб’ектаў іншых рэлігій было 21. Вандалы апаганьвалі храмы, могілкі, знішчалі скульптуры святых, рабавалі абразы, падпальвальвалі сакрыстыі, пагражалі смерцю святарам і вернікам і г.д. Гэтыя падзеі адбыліся ў 22 дэпартаментах Францыі з 96 існуючых.

На думку «Il Foglio» памеры гэтай з’явы заслугоўваюць таго, каб ёй зацікавіліся мясцовыя СМІ. Пакуль селектыўна гэтым занялася толькі кансерватыўная «Le Figaro», пішучы аб «нябачнай прафанацыі» супраць некаторых хрысціянскіх сайтаў, але не разглядаючы справу нападаў на хрысціянскія аб’екты.

У той жа час італьянская газета заўважае, што французскія СМІ ахвотна кажуць пра «грамадскую ісламафобію», беручы каментары ў розных прадстаўнікоў мусульманскай супольнасці, але не прадстаўляючы лічбаў.

Хрысціянафобія, або варожасць у адносінах да хрысціянства — тэма, якая ў Францыі не ўздымаецца, не выклікае галоснасці ў так званым прагрэсіўным свеце і, на думку афіцыйных уладаў, не заслугоўвае сацыялагічных даследаванняў або больш глыбокага аналізу.

Італьянская газета падкрэслівае, што тут ідзе гаворка не пра суперніцтва ў колькасці ахвяр, але пра выкрыццё «клімату змовы маўчання, што стала небяспечным і невыносным».

Паводле «Il Foglio», ужо на працягу 10 гадоў бесперапынна расце колькасць выпадкаў прафанацыі месцаў хрысціянскага культу: калі восем гадоў таму было зарэгістравана 275 такіх выпадкаў, то ў 2014 г. іх было ўжо 807, а ў першай палове 2016 г. устаноўлена па меншай меры 233. У канцы года гэтыя паказчыкі могуць быць яшчэ вышэйшымі, але нават у гэтым выпадку яны застануцца «нябачнымі», са шкадаваннем адзначае італьянская газета.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.