Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Касцёл у Мексіцы прапануе быць пасрэднікам паміж урадам і пратэстуючымі настаўнікамі
22.06.2016 12:54

Святары ў паўднёвамексіканскіх штатах Аахака і Ч'япас хочуць паспрыяць залагоджванню вострага канфлікта паміж урадам і мясцовымі прафсаюзамі настаўнікаў пасля інцыдэнта, у выніку якога загінула восем чалавек.

«Кожны дзень, у які ўрадоўцы не спрыяюць дыялогу, канфлікт будзе абвастрацца і стане каталізатарам іншых дэманстрацый незадаволенасці», — адзначыў кс. Алехандра Салаліндэ, дырэктар прытулку для мігрантаў з Цэнтральнай Амерыкі ў штаце Аахака.

Святар хоча заснаваць групу для спрыяння перамовам паміж урадам і пратэстоўцамі.

«Праблемы ў Ч'япасе сур'ёзныя і складаныя, і канфлікт з настаўнікамі закрануў адкрыты нерв», — кажа арцыбіскуп Фабіо Марцінез Кастылья, дадаючы, што Касцёл хоча быць пасрэднікам ў штаце, дзе святары ўдзельнічаюць у вырашэнні мясцовых палітычных спрэчак.

Урад хоча ўвесці нормы, якія павялічаць залежнасць настаўнікаў ад дзяржавы і знізяць уплыў прафсаюзаў.

Пратэстуючыя настаўнікі і іхныя прыхільнікі заблакавалі трасу ў штаце Аахака. Разгон людзей узброенымі паліцэйскімі скончыўся трагедыяй.


Дэманстрацыя настаўнікаў у Мексіцы.

У даволі бедных паўднёвых штатах Мексіцы настаўнікі карыстаюцца шырокай падтрымкай насельніцтва, бо адукацыя лічыцца галоўным шляхам да сацыяльнага росту.

«Звычайна кожная з мясцовых сем'яў, сялян, мае сваяка, сына, дачку, брата, якія сталі настаўнікамі», — распавядае айцец Пэдра Арыяга SJ, афіцыйны прадстаўнік дыяцэзіі Сан-Крыстабаль дэ лас Касас.

Адначасова да канфлікту паміж настаўнікамі і ўрадам далучаюцца іншыя мясцовыя арганізацыі і групы, якія хочуць дамагчыся вырашэння сваіх праблем, як дадае святар.

Ужо каля 10 гадоў у Мексіцы працягваецца таксама вайна супраць наркотыкаў, у якой загінулі дзясяткі тысяч чалавек, а сітуацыя ў краіне з-за тэрарыстычнай актыўнасці наркакартэляў рэзка пагоршылася.

Catholicherald.co.uk (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.