Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Благаслаўлёны кс. Міхал Сапоцька прызнаны апекуном Беластока
16.02.2016 15:38

15 лютага падчас урачыстай сесіі Рада горада Беластока ўхваліла пастанову аб прызначэнні благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі апекуном горада.

Ксёндз Міхал Сапоцька, які быў спаведніком св. Фаўстыны Кавальскай, быў узнесены да хвалы нябеснага алтара 28 верасня 2008 г. Урачыстая цырымонія адбылася а 10-й гадзіне на могілках касцёла Божай Міласэрнасці ў Беластоку (Польшча).

На ініцыятыву жыхароў аб прызнанні яго апекуном горада Рада згадзілася яшчэ ў маі 2015 года, а 7 студзеня згоду на гэтую пастанову дала Апостальская Сталіца.

Падчас урачыстай сесіі ў Ватыкане быў прысутны ардынарый Беластоцкі арцыбіскуп Эдвард Азароўскі, які адзначыў, што святы апякун з’яўляецца моцным заступнікам, своеасаблівым «інструментам камунікацыі», праз які Бог можа прамаўляць да людзей і праз які людзі могуць кантактаваць з Богам».

Благаслаўлёны кс. Міхал Сапоцька нарадзіўся ў Юшаўшчыне (сёння гэта вёска Навасады) і быў ахрышчаны ў касцёле ў Забрэззі на Валожыншчыне. Ксёндз Міхал быў пакліканы Богам стаць спаведніком святой Фаустыны Кавальскай, якой аб’яўляўся міласэрны Езус. Гэтаму святару Бог даручыў надзвычайную місію — быць духоўным кіраўніком законніцы, праз якую Езус перадаў чалавецтву сваё пасланне міласэрнасці. Менавіта кс. Міхал параіў сястры Фаўстыне пачаць свой «Дзённік» і такім чынам пакінуць чалавецтву дакумент бязмежнай каштоўнасці пра Божую міласэрнасць і пра надзею, якую яна нясе.

Да гэтай надзвычайнай місіі ксёндз Міхал Сапоцька рыхтаваўся на беларускай зямлі. Гэтая зямля з яе багатай і разам з тым трагічнай гісторыяй падаравала свету святога чалавека, якому Бог дазволіў увайсці ў таямніцу Ягонай міласэрнасці, спасцігнуць яе, апрацаваць яе тэалагічныя асновы і, нягледзячы на шматлікія перашкоды, стаць яе надзвычайным вестуном.

(AYU), (DN)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.