Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сямёра дзяцей адсвяткавалі свой 18-ты супольны дзень нараджэння. Бо мама і тата вераць у Бога
22.12.2015 14:51

«Добрыя людзі» раілі Бобі Маккой абартаваць трох ці чатырох дзяцей, калі аказалася, што яна з мужам зачала адразу сем жыццяў. Зараз у шчаслівых бацькоў чацвёра 18-гадовых сыноў і тры дачкі.

Звычайная хрысціянская сям'я са штату Аёва ў ЗША працавала, каб набыць уласны дом, а ў выхадныя абавязкова хадзіла на службу ў баптысцкую царкву. У 1996 годзе ў іх нарадзілася дачка Мікейла, а ў наступным годзе Бобі зацяжарыла зноў.

У адказ на прапановы «селекцыі з мэтай скарачэння» сваіх дзяцей Бобі і Кені сказалі, што аддаюцца ў рукі Бога. Так нарадзіліся першыя ў свеце «семярняты», якія пражылі больш за год і працягваюць жыць дагэтуль. У гэтым годзе яны адсвяткавалі 18-годдзе.


Наталі нарадзілася трэцяй, мела вагу 1,2 кг. Зараз з задавальненнем вучыцца ў каледжы.

Дзеці нарадзіліся ў лістападзе 1997 года, і з таго часу іх лёс стаў цікавіць тысячы людзей па ўсёй зямлі. Хоць некаторыя з іх выказваліся варожа, але падаўляючая большасць падтрымлівала, малілася і рабіла падарункі.

Брэндан — шосты, важыў 1,3 кг. Займаецца барацьбой.

Бацька не мог пакінуць працу ў мебельнай майстэрні — яму трэба было забяспечваць вялікую сям'ю, затое сваякі, суседзі і звычайныя людзі сталі прапаноўваць дапамогу.

Келсі была чацвёртай і самай лёгкай — 1 кг. Зараз грае ў футбол.

У 2002 годзе блізняты ўсе разам пайшлі ў школу.

Кені-малодшы нарадзіўся першым, вагой 1,5 кг. Жартуе больш за ўсіх.

У 2006 годзе Бобі апісала тыповы дзень сваёй сям'і: «Мы ўстаём каля 7-й раніцы, каб дзеці былі ў школе ў 8.00, вяртаюцца дахаты яны каля 15-ці. Мы абедаем, выконваем хатнія заданні, чытаем Біблію. Вячэраем каля 18-ці, збіраемся да сну. Дзеці кладуцца не пазней за 19.30».

Алексіс хварэе ДЦП, аднак кіруе камандай чырлідэраў і спадзяецца вывучыцца на настаўніцу.

Няню Кені і Бобі сталі запрашаць раз на тыдзень. Пакуль тая сядзела з дзецьмі, бацька і маці хадзілі ў кінатэатр ці рэстаран.

Натан таксама пакутуе на ДЦП, аднак збіраецца зрабіць кар'еру навукоўца.

У 2009 годзе, калі дзеці падраслі, Бобі стала працаваць у дзіцячым садку. Цяпер сыны і дочкі самі маглі выканаць большасць хатняй працы.

Джоэл нарадзіўся апошнім, зараз займаецца бегам.

Хоць двое з блізнятаў — Натан і Алексіс — хварэюць на ДЦП, але яны не падаюць духам, вучацца і збіраюцца займацца навукай і вучыць дзяцей.

«Мы шчаслівыя. Вось нашы дзеці, якія былі жывыя з моманту зачацця. Паглядзіце на іх — каго з іх прапанавалі б нам забіць?» — кажуць Бобі і Кені Маккой, заклікаючы да заканадаўчай абароны зачатага жыцця.

Аляксандр Гелагаеў паводле Dailymail.co.uk, Lenta.ru, Cbsnews.com.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.