Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Венецыі каталіцкую святыню ператварылі ў мячэць
13.05.2015 14:33

У межах 56-й арт-біенале, якая адкрылася ў Венецыі 9 мая і завершыцца 22 лістапада, швейцарскі мастак Крыстаф Бюхель, які стаў вядомы сваімі правакацыйнымі ідэямі, адкрыў мячэць у будынку касцёла Санта-Марыя-дэля-Місэрыкордыя.

Бюхель усталяваў міхраб, каб схаваць вялікае ўкрыжаванне. На сценах вісяць металічныя талбічкі з цытатамі з Карана. На падлозе ляжыць вялікі малітоўны дыван, які звернуты да Меккі. Надпіс ля ўваходу ў святыню аб'яўляе: «Малітва Фаджр у 4 ўвечары». Мусульмане сцякаюцца сюды 5 разоў на дзень і здзяйсняюць намаз.

Мячэць у каталіцкай святыні адкрылася пры ўдзеле мусульманскай супольнасці. Імам Хамад Махамед у інтэрв'ю The New York Times падкрэсліў важнасць праекта: «Неабходна паказаць людзям, што такое іслам». У мацерыковай частцы Венецыі да гэтага часу не было мячэці. Мусульмане маліліся ў будынку вялікага Ісламскага культурнага цэнтра.

Каталіцкія набажэнствы ў касцёле не здзяйсняюцца з 1973 г., але святыня не была пазбаўлена статусу рэлігійнага аб'екта і таму застаецца святым месцам, нават калі не належыць Каталіцкаму Касцёлу, каментуе сітуацыю партал L'Observatoire de la Christianophobie.

Устрывожаныя гэтай сітуацыяй, касцёльныя ўлады Венецыі апублікавалі 8 мая заяву: «Для выкарыстання будынка ў любых мэтах, акрамя здзяйснення каталіцкага набажэнства, неабходна спытаць дазвол касцёльнай улады, незалежна ад таго, каму належыць гэтае месца. Дазвол выкарыстоўваць гэтае канкрэтнае месца ніколі не быў прадастаўлены або прапанаваны. У лютым мінулага года пытанне пра магчымасць выкарыстоўваць іншыя сакральныя будынкі горада пад аб'екты арт-фестывалю ўжо было пастаўлена. Гэты дазвол не быў дадзены па тых жа прычынах, якія пацверджаны сёння». Са свайго боку муніцыпалітэт Венецыі заявіў, што не даваў дазволу на адкрыццё мячэці, але толькі на арганізацыю выставы.

У паліцэйскі ўчастак Серэнісіма ўжо паступілі скаргі ад наведвальнікаў святыні, якім мусульмане забаранілі ўвайсці ў яе ў абутку.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.