Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ва Украіне можа хутка адбыцца гістарычнае аб’яднанне Цэркваў
15.04.2015 12:25

Ужо ў бліжэйшы час павінна пачацца гістарычнае аб’яднанне праваслаўя ва Украіне, якое закладзе фундамент для стварэння мясцовай Царквы. Размова ідзе пра Украінскую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву і Украінскую Праваслаўную Царкву Кіеўскага Патрыярхата. Згода існуе з абодвух бакоў, таму працэс аб’яднання можа пачацца ў хуткасці пасля Вялікодных святаў.

Пра гэта паведамляе risu.org.ua, спасылаючыся на сюжэт ТСН. Тиждень.

«Я цвёрда веру, што ўкраінскія Цэрквы аб’яднаюцца і Україна ў бліжэйшы час будзе мець адзіную мясцовую Царкву», — адзначыў Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей.

Украінскае праваслаўе цяпер падзелена на тры часткі: Украінская Праваслаўная Царква (Маскоўскага Патрыярхату), Украінская Праваслаўная Царква Кіеўскага Патрыярхату і Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. Апошняя значна меншая, чым першыя дзве.

«Цяпер ужо не той час, каб рэальна не пачынаць працэсы, а рэальна дзейнічаць. Не трэба марнаваць ні аднаго дня. Трэба сустракацца, размаўляць і рабіць рэальныя крокі. Я гатовы да гэтага (аб'яднання Цэркваў), таму што разумею, што гэта патрэбна Украіне», — падкрэсліў мітрапаліт Макарый, які ўзначальвае Украінскую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву.

«Аўтакефаліі» нават знялі ўсе раздражняльныя ўмовы, што абмяркоўвалі раней. У прыватнасці, адносна сыходу Патрыярха Філарэта з пасады кіраўніка аб’яднанай Царквы. Больш за тое, цяпер УАПЦ гатовая аб'яднацца з Кіеўскай Патрыярхіяй, наогул не прэтэндуючы на кіруючыя пасады ва УПЦ КП.

«Калі яны сур’ёзна хочуць аб’ядноўвацца — давайце аб’ядноўвацца, пачынаць дыялог, прадметна гаварыць аб аб’яднанні, а не проста казаць дзеля самога аб’яднання, бо аб’яднання да гэтага часу няма. Таму мы чакаем іх», — падкрэсліў прадстаяцель УПЦ КП Патрыярх Філарэт.

Падобнае зліццё УАПЦ і УПЦ Кіеўскага Патрыярхату можа азначаць грандыёзны крок да стварэння адной з найбуйнейшай Цэркваў праваслаўнага свету. «У 2005-2007 гадах, калі актыўна вялася работа па падрыхтоўцы аб’яднальнага мясцовага сабора, адной з умоў, скажам так, пачатку працэсу нармалізацыі жыцця ва Украіне Канстанцінопальскі Патрыярхат вылучаў менавіта аб’яднанне гэтых Цэркваў — УАПЦ і УПЦ КП», — кажа рэлігіязнаўца Аляксандр Саган.

А далей самае цяжкае — аб'яднаць Маскоўскі Патрыярхат з Кіеўскім. Нябожчык Мітрапаліт Уладзімір (УПЦ МП) марыў бачыць ўкраінскую Царкву адзінай. Уласна, гэта і завяшчаў.

«Жаданне адзінства заўсёды прысутнічала ў Царкве. На жаль, гэты працэс, які быў пачаты Мітрапалітам Уладзімірам, на сённяшні дзень па нейкіх аб’ектыўных ці то суб’ектыўных прычынах не ідзе наперад», — удакладняе мітрапаліт Аляксандр (Драбінка), былы сакратар Мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Уладзіміра.

«З Маскоўскім Патрыярхатам аб’яднанне будзе. Толькі не з гары, не ад іерархіі духавенства, а ад народа. І гэты працэс ужо пачаўся. І з Аўтакефальнай Царквой будзе, і з Маскоўскім Патрыярхатам будзе. Трэба пачакаць. Гасподзь сам прывядзе ўсіх да адзінства», — перакананы прадстаяцель Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату Патрыярх Філарэт.

Журналісты таксама хацелі пачуць меркаванне Мітрапаліта Ануфрыя, Прадстаяцеля УПЦ (МП), што ён думае з нагоды адзінай памеснай Царквы ва Украіне. Але ён даручыў гэтую размову мітрапаліту Кліменту.

«Украінская Праваслаўная Царква заўсёды гатовая мець зносіны і шукаць шляхі для ацалення раны расколу. Калі мы гаворым пра дыялог, то гэты дыялог павінен у першую чаргу грунтавацца на жаданні мець зносіны, жаданні выслухаць адзін аднаго. У чымсьці саступіць...», — паведаміў старшыня сінадальнага інфармацыйнага аддзела УПЦ (МП) мітрапаліт Клімент.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.