Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адышоў у вечнасць былы дырэктар Ватыканскага радыё
15.04.2015 10:32

14 красавіка памёр італьянскі кардынал Рабэрта Тучы. Іерарх адышоў у вечнасць за тыдзень да свайго 94-годдзя ў Рыме. Кардынал Тучы паходзіў з Неапаля. У 15 гадоў уступіў у навіцыят Таварыства Езуса. Вывучаў філасофію і тэалогію. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 24 жніўня 1950 г. Праз некалькі гадоў пачаў супрацоўнічаць з езуіцкім італьянскім часопісам «La Civiltà Cattolica». У перыяд паміж 1959-1973 гг. займаў пасаду яго галоўнага рэдактара.

Рабэрта Тучы прымаў актыўны ўдзел у працы Другога Ватыканскага Сабору. Ён быў членам спецыяльнай камісій па пытаннях апостальства свецкіх, а таксама ўдзельнічаў у рэдагаванні некаторых яго дакументаў, у тым ліку пастырскай канстытуцыі аб Касцёле ў сучасным свеце «Gaudium et spes».

Менавіта ён праводзіў штодзённыя прэс-канферэнцыі для журналістаў, апавядаючы аб працы Сабору. Падобныя кантакты Апостальскай Сталіцы з прэсай былі беспрэцэндэнтнымі.

Будучы кардынал быў членам постсінадальнай камісіі па справах свецкіх да яе пераўтварэння ў адмысловую Папскую раду. З’яўляўся кансультантам Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, віцэ-старшынёй Саюза каталіцкай прэсы Італіі.

З 1973 па 1985 гг. займаў пасаду Генеральнага дырэктара Ватыканскага радыё. Дзякуючы арганізацыйным і тэхнічным інавацыям, уведзеным новым кіраўніком, Папская радыёстанцыя змагла значна павялічыць аўдыторыю сваіх слухачоў. У гэты перыяд упершыню на хвалях Ватыканскага радыё пачала гучаць джазавая і рок-музыка, што рабіла яго цікавым для людзей далёкіх ад Касцёла. У першыя гады пантыфікату Яна Паўла ІІ ён быў арганізатарам апостальскіх падарожжаў Пантыфіка.

Рабэрта Тучы атрымаў кардынальскую годнасць не будучы біскупам. Пурпуровы берэт яму ўручыў Ян Павел ІІ падчас кансісторыя 21 лютага 2001 г.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.