«Caritas»: колькасць бедных у Еўропе не змяншаецца | Друк |
26.02.2015 15:28

Колькасць беспрацоўных і бедных у Еўропе не памяншаецца: такую выснову можна зрабіць з трэцяга дакладу еўрапейскага аддзялення «Caritas» пра наступствы эканамічнага крызісу ў краінах Еўропы.

Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Паўночная Еўропа толькі збольшага адчула на сабе наступствы крызісу, чаго нельга сказаць пра міжземнаморскія краіны. У Італіі беспрацоўе моладзі ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў дасягнула 40 працэнтаў.

Рэкордная колькасць маладых італьянцаў — 26 працэнтаў — не працуе, не вучыцца і не ўдзельнічае ні ў якой дзейнасці. Гэта ў два разы больш, чым працэнт такіх асобаў па ўсёй Еўропе. Акрамя таго, у дакладзе адзначаецца рост нестабільнасць працоўных месцаў.

Дзяржаўная палітыка жорсткай эканоміі, якая праводзіцца Еўрасаюзам, адбілася на сацыяльным жыцці: больш за 122 млн. чалавек рызыкуюць быць выцесненымі з грамадства ў Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Грэцыі, на Кіпры, у Румыніі і Ірландыі.

«Еўрапейская палітыка, якая праводзіцца нацыянальнымі ўрадамі па ўказанні Бруселя і Страсбурга, накіравана на вызваленне ад адказнасці, у сілу значных скарачэнняў укладаў у сферу сацыяльных паслуг і аховы здароўя», — растлумачыў Вальтэр Нані, кіраўнік Аддзела даследаванняў італьянскага аддзялення «Caritas».


Меры, якія зыходзяць ад Еўрасаюза, адбіліся на самых слабых пластах еўрапейскага насельніцтва. У Еўропе расце няроўнасць, а сацыяльная абарона ўнутры асобных дзяржаў неэфектыўная і аслабленая, пры гэтым назіраецца разрыў паміж эканамічнай палітыкай і дэмакратыяй, адзначыў сакратар еўрапейскага аддзялення «Caritas» Хорхе Маер.

Даклад «Caritas» сугучны з тым, на што пастаянна звяртае ўвагу Папа Францішак, які неаднойчы казаў пра сацыяльныя праблемы Еўропы і асабліва пра беспрацоўе сярод моладзі. У кастрычніку 2014 г. Пантыфік скіраваў спецыяльнае пасланне да ўдзельнікаў агульнаітальянскага форума, прысвечанага праблемам беспрацоўя сярод моладзі, які праходзіў па ініцыятыве мясцовага епіскапату.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by