У Індыі падпалілі каталіцкі касцёл | Друк |
03.12.2014 14:27

Невядомыя злачынцы падпалілі каталіцкую святыню ў Дэлі. Каб заяўка пра пажар была прынята, хрысціяне былі вымушаны распачаць акцыю пратэсту. У выніку паліцыя прыбыла на месца здарэння толькі праз 10 гадзін пасля пажару.

Агонь знішчыў алтар, сакрыстыю і бакавыя капліцы. «На тэрыторыі касцёла былі знойдзены каністры ад бензіну. Падпалілі будынак святыні ў некалькіх месцах адначасова», — падкрэслівае кс. Мэцью Kойкал. Гэта азначае, што пажар быў наўмысным і добра падрыхтаваным нападам на святыню рэлігійнай меншасці (хрысціян у сталіцы Індыі, дзе 82 % вызнаюць індуізм, а 11,7 % з’яўляюцца мусульманамі, налічваецца толькі 0,9 %)

Падпал касцёла рашуча асудзіў старшыня епіскапату Індыі кардынал Освальд Грац’яс, падкрэсліваючы, што такія акты не могуць быць незаўважаныя і што паліцыя павінна зрабіць усё магчымае, каб злавіць злачынцаў. Іерарх нагадаў, што месцы культу павінны шанавацца ў шматрэлігійнай Індыі.

Падпалены касцёл св. Себасцьяна знаходзіцца на ўскраіне горада Дэлі, дзе жыве каля тысячы каталіцкіх сем’яў.

Паводле польскай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2024 Catholic.by