Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сікстынскую капэлу можна сузіраць у новым асвятленні
03.11.2014 14:24

На 450-годдзе смерці Мікеланджэла і ў дваццацігоддзе завяршэння рэстаўрацыі роспісаў Сікстынскай капэлы ў Рыме адбылася міжнародная канферэнцыя на тэму «Сікстынская капэла праз дваццаць гадоў. Новы подых і новае святло». З гэтай нагоды 30 кастрычніка прайшла прэзентацыя наватарскіх сістэм асвятлення, паветраабмену і кандыцыянавання ў гэтай гістарычнай капліцы.

7 тысяч святлодыёдаў новай сістэмы асвятлення за некалькі імгненняў адкрываюць агульнавядомую і новую прыгажосць дзякуючы беспрэцэдэнтнай колераперадачы. Фрэскі, якія паказваюць Страшны суд, Сібіл, Прарокаў, сцэны з Кнігі Быцця працы Мікеланджэла, а таксама роспісы XV стагоддзя на сценах Сікстынскай капэлы, цяпер бачныя так, як іх ніхто ніколі не бачыў. Распавядае дырэктар Ватыканскіх музеяў Антоніо Паолучы:

«Гэта “мезапічнае асвятленне”, як яго называюць навукоўцы: святло, якое ў дакладнасці ахоплівае ўсю паверхню. Такое святло дазваляе бачыць Сікстынскую капэлу цалкам і кожную фрэску ў дэталях».

Асвятленне, крыніца якога непрыкметная, не падвяргае фрэскі ні цеплавой нагрузцы, ні ўльтрафіялетаваму выпраменьванню. На працягу трох гадоў у рамках еўрапейскага праекта «Led4Art» праводзіліся карпатлівыя працы па зніжэнні энергаспажывання на 90%.

«Галоўнай асаблівасцю з’яўляецца аднастайнасць святла, здольная даць поўню колераў роспісаў і ўспрымання. Гэтая сістэма не спажывае нават дзясятай часткі энергіі папярэдняй сістэмы», — кажа выканаўчы дырэктар Карла Богані.

Інавацыйнай з’яўляецца і бясшумная сістэма, якая кіруе цыркуляцыяй, вільготнасцю, якасцю і тэмпературай паветра ў гістарычнай капліцы. Дырэктар Ватыканскіх музеяў адзначыў, што такім чынам самыя вядомыя фрэскі свету будуць знаходзіцца ў аптымальных умовах, і гэта ім забяспечыць лепшае «здароўе» на будучыя стагоддзі.

Праграмнае забеспячэнне і тэхналогіі дазваляюць падтрымліваць ідэальныя мікракліматычныя ўмовы для абароны роспісаў ад штодзённага наплыву наведвальнікаў, які з 700 чалавек ў 1993 годзе ўзрос да 20 000 у нашы дні.

Адным са значных новаўвядзенняў, па словах дырэктара праекту Carrier Мікеле Грабона, стала сістэма відэаназірання за колькасцю людзей у Сікстынскай капэле, якая пры дапамозе камп’ютара пастаянна падтрымлівае аптымальную якасць паветра.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.