Усходнія каталіцкія біскупы правялі пасяджэнне ў Львове | Друк |
28.10.2014 14:54

Усходнія каталіцкія іерархі Еўропы нагадалі пра права на душпастырскую апеку над сваімі вернікамі ва ўсім свеце і абвяшчэнне Евангелля тым, хто яго не ведае. Пра гэта гаворыцца ў пасланні лідараў Усходніх Касцёлаў, апублікаваным па выніках іх штогадовага пасяджэння, якое адбылося ў Львове 24-26 кастрычніка па ініцыятыве Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.

У дакуменце адзначаецца, што падзел, існуючы паміж хрысціянамі, з’яўляецца «эклезіялагічнай анамаліяй, якая не можа лічыцца нормай жыцця і місіі Касцёла». Лідары Усходніх Касцёлаў выказалі жаданне дыялогу з Праваслаўнымі Цэрквамі і падзялілі з імі «заклапочанасць па прычыне культурных і грамадскіх тэндэнцый, якія вядуць да дэхрысціянізацыі Еўропы».

Удзельнікі львоўскай сустрэчы нагадалі, што мір на Блізкім Усходзе не будзе дасягнуты без умяшання міжнароднай супольнасці на карысць забеспячэння свабоды веравызнання і сумлення і інвеставання ў выхаванне новых пакаленняў, здольных да дыялогу.

Іерархі адзначылі важнасць для абвяшчэння Евангелля і душпастырства вернікаў адраджэння Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. «Усяму ўкраінскаму народу выказваем малітоўную блізкасць і салідарнасць па прычыне ўзброенага канфлікту на ўсходзе краіны, спалучанага са знешняй агрэсіяй, што прыносіць шмат пакутаў, асабліва для грамадзянскага насельніцтва», — гаворыцца ў пасланні ўсходніх каталіцкіх іерархаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AYU)

 
© 2003-2024 Catholic.by