Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мальтыйскіх езуітаў намінавалі на прэмію імя Вацлава Гавэла
02.09.2014 15:38

Езуітаў з Мальты, якія дапамагаюць бежанцам, намінавалі на Праваабарончую прэмію імя Вацлава Гавэла. У абвешчаным у Празе абгрунтаванні пазначаецца, што мальтыйскія езуіты прымаюць удзел у абароне правоў бежанцаў і мігрантаў. У лагерах бежанцаў яны аказваюць прававую і псіхалагічную дапамогу.

Таксама на гэтую прэмію намінавалі Анара Маммадлі з Азербайджана, які асабліва актыўна прымаў удзел у свабодных выбарах у сваёй краіне. Яшчэ намінавана праваабарончая арганізацыя B'Tselem, якая занепакоена парушэннем правоў чалавека як на ізраільскіх, так і на палесцінскіх тэрыторыях, пра што гаворыцца ў паведамленні Рады Еўропы.

Узнагарода прадугледжвае грашовае ўзнагароджанне ў памеры 60 тыс. еўра. Імёны лаўрэатаў стануць вядомыя 29 верасня.

Прэмія, якая мае імя першага прэзідэнта Чэхіі — гэта прызнанне выдатных дасягненняў актыўных дзеячоў грамадства ў сферы абароны правоў чалавека на міжнародным узроўні. Яе прысуджае Рада Еўропы разам з Фондам Хартыі 77 і Бібліятэкай Вацлава Гавэла.

У мінулым годзе прэмія імя Вацлава Гавэла была прызначана беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму.

У сацыялістычныя часы драматург і публіцыст Вацлаў Гавэл быў адным з нямногіх, хто адкрыта крытыкаваў дзеючыя ўлады ў Чэхаславакіі. У лісце да генеральнага сакратара Камуністычнай партыі Густава Гусака ў красавіку 1975 года Гавэл звяртаў увагу на тое, што захаванне ўлады камуністамі суправаджаецца прыніжэннем чалавечай годнасці, нарастаючым страхам і ўзнікненнем духоўнага грамадскага крызісу — з-за палітычных працэсаў, несправядлівых выбараў і неабходнасці прымусовага ўдзелу ў палітычным жыцці. Гэтыя перакананні вялі Гавэла да ўдзелу ў грамадскай ініцыятыве «Хартыя 77», у праграмным дакуменце якой удзельнікі заклікалі выконваць правы чалавека. Правы чалавека Гавэл абараняў і пазней, займаючы пост апошняга прэзідэнта Чэхаславакіі і першага прэзідэнта незалежнай Чэхіі. Гэтыя прычыны натхнілі блізкага сябра былога прэзідэнта Чэхіі, фізіка і заснавальніка фонда «Хартыя 77» Францішка Яноўха прапанаваць і зацвердзіць прэмію імя Вацлава Гавэла ў хуткім часе пасля яго смерці.

(AYU)
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.