Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прадстаўлены лагатып Сусветнага дня моладзі ў Кракаве
04.07.2014 16:24

У Кракаве (Польшча) прайшла прэзентацыя лагатыпа Сусветнага дня моладзі, які адбудзецца там 26-31 ліпеня 2016 г. Спачатку было прадстаўлена 224 праекты, з іх адабралі пяць, якія затым былі рэкамендаваны Папскай радзе па справах свецкіх, аднак ніводзін не быў прыняты.

Затым аргкамітэт даручыў падрыхтоўку лагатыпа незалежным дызайнерам, якія не ўдзельнічалі ў конкурсе. Пераможцай стала Эмілія Пыза, 26-гадовая выпускніца Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Варшаве, якая спецыялізуецца ў галіне графічнага дызайну і выдання кніг.

Лагатып Сусветнага дня моладзі ў Кракаве ўяўляе крыж, які сімвалізуе Езуса Хрыста. У сярэдзіне жоўты круг – сімвал Кракава і моладзі. Вакол крыжа бачна іскра Божай міласэрнасці, што з’яўляецца спасылкай на абраз сястры Фаўстыны “Езу, давяраю Табе”. Лагатып звязаны з біблійным тэкстам, які быў выбраны ў якасці тэмы сустрэчы моладзі: “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць cпазнаюць” (Мц 5, 7).

Паводле ўмоў конкурсу, лагатып павінен быў перадаваць узровень і ідэю Сусветнага дня моладзі, падкрэсліваць іх рэлігійнае вымярэнне і сімволіку, звязаную з Кракавам, яго культурнай і духоўнай спадчынай. Пры выбары канчатковага варыянту лагатыпа былі прыняты пад увагу крэатыўнасць, выразнасць, яснасць, прафесіяналізм і зручнасць выкарыстання, бо ён будзе ўжывацца ў рэкламных матэрыялах, падчас прэзентацый, у інтэрнэце і на гаджэтах.

Арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, які быў прысутны на прэзентацыі, прадставіў афіцыйную малітву Сусветнага дня моладзі 2016 г. Яна складаецца з трох частак. Першая паходзіць з Акту прысвячэння свету Божай міласэрнасці, які прачытаў Ян Павел II у 2002 г. у кракаўскай базыліцы Божай Міласэрнасці. Другая частка – просьба аб ласцы быцця міласэрным. Трэцяя ўяўляе сабой літанійны заклік да Панны Марыі і св. Яна Паўла II – апекуна Сусветнага дня моладзі. Малітва была перакладзена на чатыры мовы і даслана для далейшага перакладу на нацыянальныя мовы біскупскім канферэнцыям па ўсім свеце.

Кардынал Станіслаў Дзівіш паведаміў, што для фінансавання моладзевага форуму ў Польшчы будзе праведзены шэраг нацыянальных акцый па збору сродкаў у яго фонд. Іерарх адзначыў, што асноўным фінансавым прынцыпам будзе “Касцёл бедны”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.