У Мексіцы пройдзе Сусветны кангрэс душпастырства турызму | Друк |
20.04.2012 11:48

23–27 красавіка ў Мексіцы пройдзе VII Сусветны кангрэс душпастырства турызму. Рэлігійны турызм, на думку кардынала Антоніо Марыя Вэльё, старшыні Папскай рады па справах эмігрантаў і падарожнікаў, павінен дапамагаць сучаснаму чалавеку адказваць на асноўныя жыццёвыя пытанні.

У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё іерарх адзначыў, што турызм спрыяе кантакту з іншымі рэлігіямі і культурамі, іх лепшаму разуменню, а таксама эканамічнаму развіццю і зніжэнню беднасці ў свеце.

«Турызм можа спрыяць міру, талерантнасці і братэрству паміж цывілізацыямі. Гэта таксама добрая нагода сустрэцца з прыродай для нашага фізічнага і духоўнага адпачынку, а таксама час для разважанняў і духоўнага росту», — патлумачыў кардынал.

Старшыня ватыканскага ведамства падкрэсліў, што ёсць і адмоўныя аспекты турыстычнай сферы. Так турызм можа стаць элементам прыніжэння чалавечай годнасці, эксплуатацыі чалавека ў любой форме, асабліва сексуальнай, ахвярамі якой часта становяцца дзеці.

 
© 2003-2024 Catholic.by