Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа на Імшы ў Фрайбургу: аднаўленне Касцёла можа прыйсці толькі праз навяртанне
26.09.2011 14:33

«Аднаўленне Касцёла можа канчаткова прыйсці толькі праз гатоўнасць да навяртання і праз аднаўленне веры», — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас святой Імшы, якая адбылася ў Фрайбургу 25 верасня 2011 г. Папа падзякаваў таксама за «малітву ў інтэнцыі наступніка Пятра, каб мог далей выконваць свае абавязкі з радасцю і надзеяй і ўмацоўваць сваіх братоў і сясцёр у веры».

Пантыфік заклікаў «давяраць Богу, моц якога праяўляецца перш за ўсё ў спачуванні і прабачэнні». Па словах Папы, «асабліва ў часы небяспекі Бог знаходзіцца побач з намі, Яго сэрца б’ецца для нас». Аднак, каб «моц Яго міласэрнасці магла дасягнуць нашых сэрцаў, неабходна адкрытасць на Яго, патрэбна гатоўнасць да адмаўлення ад зла».

Як дадаў Святы Айцец, «агностыкі, якія не знаходзяць спакою, задаючы пытанне аб Богу, людзі, якія церпяць з-за нашых грахоў і сумуюць па чыстым сэрцы, бліжэйшыя да Божага Валадарства, чым касцёльныя руцінёры, якія бачаць у Касцёле толькі апарат, але чыё сэрца абыякавае да веры».

Папа нагадаў, што Касцёл у Германіі мае шмат грамадскіх і дабрачынных арганізацый, у якіх практыкуюць любоў да бліжняга ў форме, эфектыўнай таксама ў грамадстве. Для такога служэння, як падкрэсліў, патрэбна любоў, «якая паказвае іншаму чалавеку любячага Бога — Хрыста». Пантыфік заахвоціў задаць сабе пытанне: якія мае асабістыя адносіны з Богам — у малітве, у нядзельнай святой Імшы, у паглыбленні веры праз разважанне над Святым Пісаннем і вывучэнне Катэхізіса Каталіцкага Касцёла?

Папа заклікаў нямецкіх католікаў быць «моцна з’яднанымі ў Хрысце». «Касцёл у Германіі сустракаецца з вялікім выклікам сучаснасці і будучыні і стане зачынам у грамадстве, калі святары, кансэкраваныя асобы і свецкія, якія вераць у Хрыста, будуць захоўваць вернасць свайму пакліканню і супрацоўнічаць у еднасці; калі парафіі, супольнасці і рухі высока будуць трымаць паходню праўдзівай веры, — адзначыў Святы Айцец. — Касцёл у Германіі надалей будзе благаслаўленнем для сусветнай каталіцкай супольнасці, калі застанецца верным і з’яднаным з наступнікам св. Пятра і апосталаў, калі будзе клапаціцца аб супрацоўніцтве з краінамі, дзе дзейнічаюць місіянеры, і захоча „заразіць“ радасцю веры маладыя Касцёлы».


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.