Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Дзям’янка прыняў удзел у пасяджэнні камісіі па кананізацыі Слугі Божага кс. Аляксандра Зенкевіча
22.11.2010 19:20
У суботу, 20 лістапада 2010 г., у Вроцлаве (Польшча) распачаўся кананізацыйны працэс на архідыяцызіяльным узроўні Слугі Божага кс. Аляксандра Зенкевіча. Гэты святар нарадзіўся на тэрыторыі сённяшняй Беларусі 12 жніўня 1910 г. у вёсцы Лешбувка парафіі Дунілавічы, Віцебскай дыяцэзіі. У пасяджэнні прымаў удзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка.

Ксёндз Аляксандр Зенкевіч духоўную фармацыю прайшоў у Пінскай духоўнай семінарыі і атрымаў святарскае пасвячэнне 3 красавіка 1938 г. З 1939 па 1947 гг. служыў у Навагрудку як капелан Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) і пробашч фарнага касцёла. З 1947 г. пакінуў Навагрудак і выехаў у Вроцлаў у Польшу, дзе займаў пасаду рэктара духоўнай семінарыі. Амаль да самай смерці быў душпастырам універсітэцкай моладзі. Памёр у 1995 г.

На святой Імшы ў 9.00 у суботу 20 лістапада гг. у вроцлаўскай архікатэдры, якую цэлебраваў арцыбіскуп Мітрапаліт Марыян Галэмбеўскі сабралася каля тысячы чалавек, у тым ліку духавенства і свецкія, якім служыў святар. У гаміліі біскуп суседняй Свідніцкай дыяцэзіі Ігнацы Дэц распавёў пра Слугу Божага кс. Аляксандра Зянкевіча, нагадаўшы яго жыццёвыя дэвізы: не крытыкаваць, але евангелізаваць; быць сціплым (для сябе пакідаў вельмі мала, раздаваў іншым: у штодзённым жыцці задавольваўся двума невялікімі пакоямі).

На заканчэнне святой Імшы арцыпастыр падзякаваў за руплівасць у накірунку працэсу кананізацыі Слугі Божага так, як гэта прадугледжвае кананічнае права — ад 5 да 20 гадоў пасля смерці дадзенай асобы.

У другой часцы пасяджэння, якая адбылася ў зале Папскага факультэта тэалогіі ў Вроцлаве адбылася ўрачыстая прысяга членаў камісіі, што атрымалі вызначаныя функцыі ў працэсе.

На канференцыі з дакладам выступіў рэктар адзялення тэалогіі Папскага факультэта тэалогіі, які прадставіў духоўнасць Слугі Божага кс. Аляксандра Зянкевіча ў некалькіх аспектах. Адзін з іх датычыў бенэдыктынскай духоўнасці, бо святар многія дзесяцігоддзі прабываў ў Вроцлаве. Адзначыў таксама, што доказам меры любові іншага чалавека з’яўляецца пастаянства месца, гэта значыць гатоўнасць прымаць іншага, ахвяраваць час для духоўнага росту. І другая рыса — гэта картузіянская духоўнасць: больш за 40 год быў душпастырам універсітэцкай моладзі. Святар маліўся за студэнтаў і працаваў з імі. Яго ласкава называлі «вуек», што азначае — «дзядзя», «дзядзька».

Звычайным адзеннем святара былі моцна паношаныя берэт, сутана, стаптаны абутак, на твары — заўсёды добразычлівая ўсмешка, а ў сэрцы — гатоўнасць размаўляць з моладдзю, дыскутаваць, спрачацца, накіроўваць.

Пачатак інфармацыйнага працэсу сабраў многіх людзей з Польшчы і з з-за мяжы, а асабліва тых, хто ў свой час так, як Слуга Божы, пакінулі тэрыторыю сучаснай Беларусі і пражываюць на тэрыторыі Польшчы і ў Злучаных Штатах Амерыкі. На працэсе прысутнічалі сёстры Слугі Божага і пляменнік. Быў таксама пробашч з Дунілавіч кс. Павел Самсонаў. Прысутнічаў і біскуп Антоні Дзям’янка, які ведаў асабіста і сустакаўся з кс. Аляксандрам Зянкевічам як у Вроцлаве (1987), так і ў Навагрудку (1988, 1991). Беларускі іерах наведваў кс. Аляксандра і ў апошнія гады жыцця святара. Біскуп Антоні перадаў пашпарт кс. Аляксандра Зянкевіча Камісіі па кананізацыі. Гэты дакумент быў выдадзены яму як клерыку семінарыі ў Пінску у 1938 г. Дакумент быў захаваны дванаццатай законніцай з Навагрудка с. М. Малгажатай Банась. Пасля яе смерці ў 1966 г. дакумент захоўвала назарэтанка с. М. Тэрэса Касінская, якая, даведаўшыся аб кананізацыйным працэсе, перадала пашпарт для камісіі.

З інфармацыйнымі агенцтвамі біскуп Дзям’янка падзяліўся ўспамінамі аб акалічнасцях асабістых сустрэч са Слугой Божым і ўспамінамі жыхароў Навагрудка старэйшага ўзросту, для якіх кс. Аляксандр у міжваенныя, ваенныя і пасляваенныя гады быў катэхетам. Іерарх выказаў удзячнасць за тое, што, дзякуючы дапамозе кс. Аляксандра Зенкевіча, адбылася першая эксгумацыя сясцёр назарэтанак. Гэта кс. Аляксандр Зенкевіч тады распарадзіўся, каб у труне кожнай расстраляннай сястры-мучаніцы была змешчана запіска з імем і прозвішчам, што дало магчымасць пры другой эксгумацыі ў 1990 г. беспамылкова распазнаць астанкі ўсіх сясцёр, якія 5 сакавіка 2000 г. былі абвешчаны благаслаўлёнымі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.