Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вена: пасяджэнне Камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Рыма-каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой
20.09.2010 17:34

20 верасня 2010 г. у Вене распачало працу ХІІ Пленарнае пасяджэнне Камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Рыма-каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. 30 экспертаў з Усходу і Захаду прымуць удзел у гэтым мерапрыемстве, якое праходзіць у венскім Кардынал-Кёнінг-хаус.

Кардынал Венскі Крыстаф Шонбарн і праваслаўны Мітрапаліт Венскі і Аўстрыйскі Стаікос, як паведамляе беларуская секцыя Ватыканскага радыё, чакаюць ад канферэнцыі канкрэтных крокаў наперад у адносінах паміж дзвюма Цэрквамі.

Пазіцыя Папы ў першыя вякі хрысціянства — такою будзе тэма сёлетняга закрытага пасяджэння. Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква на самой справе маюць падобнае становішча, якое заключаецца ў тым, што Рым напачатку займаў першую пазіцыю, а Біскуп Рыма быў першым сярод Патрыярхаў. Рознагалоссі ж узнікаюць у іншым пытанні: чым з’яўляўся прымат Папы на пачатку гісторыі хрысціянства і якія правы даваў Біскупу Рыма.

Каталіцкую дэлегацыю узначальвае кардынал Вальтэр Каспер, былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У складзе дэлегацыі таксама кардынал Шонбарн і старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству арцыбіскуп Курт Кох.

На чале дэлегацыі Праваслаўнай Царквы стаіць Мітрапаліт Іоаніс з Пергамона, які належыць да Канстантынопальскага Патрыярхату.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.