Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціяне ў Афганістане: сведчым праз факты, праз жыццё, але ў маўчанні
09.08.2010 16:18

У Апостальскай Сталіцы са смуткам была прынята навіна аб забойстве ў Афганістане васьмі хрысціянскіх валанцёраў. Як падкрэсліў арцыбіскуп Роберт Сара, сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, «загінулі нявінныя людзі, якія неслі дапамогу найбольш бедным афганцам». Іерарх заклікаў да малітвы за супрацоўнікаў хрысціянскай дабрачыннай арганізацыі, целы якіх былі знойдзены ў Кабуле 7 жніўня 2010 г.

У Афганістане былі забіты 6 амерыканцаў, немка, англічанка і двое афганцаў. Адзін з загінуўшых, урач Том Літл, працаваў у краіне на працягу 30 год.  

Па словах кс. Джузэпэ Марэцці, які працуе ў Кабуле, вызнаваць хрысціянскую веру ў Афганістане сёння вельмі цяжка. Сітуацыя ў краіне ўскладняецца чаканнем парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца тут у верасні. У гэтых абставінах, як адзначае святар, «талібы жадаюць паказаць, што яны знаходзяцца ў апазіцыі да працэсу дэмакратызацыі дзяржавы». У краіне не хапае школ, шпіталяў, забруджана каналізацыя, працуючыя пазбаўлены сваіх правоў. «Людзі жывуць толькі той сілай, якую чэрпаюць з ісламу, са сваёй веры, — дадае кс. Марэцці. — Яны жывуць надзеяй, што калісьці Афганістан зноў стане зямлёю міру».

Хрысціянская супольнасць у краіне складаецца з прадстаўнікоў іншых краін і налічвае, па словах кс. Марэцці, ад 100 да 150 чалавек. У прыватнасці, працуюць сёстры Ордэна Місіянерак Любові, заснаванага Маці Тэрэзай з Калькуты, якія апякуюцца прытулкам для дзяцей-сірот. Разам з тым, як адзначае каталіцкі святар, прысутнасць хрысціян у Афганістане практычна не выяўляе знешніх адзнак веры. «Мы сведчым праз факты, праз жыццё, але ў маўчанні», — кажа кс. Марэцці.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.