|
Французскае таварыства св. Вінцэнта дэ Поля распачало чарговую нацыянальную кампанію барацьбы з самотнасцю пад дэвізам «Самотнасць — гэта знікненне свету з вачэй». На самотнасць скардзяцца каля 50% жыхароў краіны.
Члены таварыства заклікаюць улады і мас-медыя прыняць удзел у барацьбе з самотнасцю. З гэтай мэтай неабходна падтрымліваць валанцёрскую дзейнасць, праводзіць дыскусіі на тэму братэрства і дзялення з іншымі людзьмі.
Таварыства лічыць самотнасць адной з галоўных прычын убоства. Ад яе пакутуе не толькі старэйшае пакаленне, але таксама маці, што знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, дзеці, якія засталіся без бацькоў, хворыя, непаўнаспраўныя асобы і «тысячы іншых людзей, якія з прычыны недахопу грамадскіх сувязяў застаюцца ў адзіноце». Сёння ў Францыі часта адчуваюць адзіноту моладзь і беспрацоўныя.
Дапамагчы ў такой сітуацыі, на думку членаў арганізацыі, можа «жэст, усмешка, канкрэтная дапамога». Важна таксама адведваць самотнага чалавека і духоўна наблізіцца да яго. Слову «братэрства», якое прысутнічае ў дэвізе Французскай Рэспублікі як усталяванне вольнасці і роўнасці, члены таварыства заахвочваюць вярнуць яго поўны сэнс.
Мэта таварыства св. Вінцэнта дэ Поля, заснаванага ў Парыжы ў 1833 г., — «ісці да ўбогіх у духу служэння і дзялення з імі, шукаць духоўнае жыццё, аказваць канкрэтную дапамогу». Таварыства з’яўляецца адной з найбуйнейшых дабрачынных арганізацый у свеце.
|