Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выйшлі новыя нормы адносна фармацыі святароў
Рымская курыя
09.12.2016 08:39

Фармацыя святароў павінна адрадзіцца, абнавіцца і атрымаць цэнтральнае месца — гэта некаторыя з прычын, якія натхнілі распрацоўку новых асноўных нормаў святарскай фармацыі «Ratio fundamentalis institutionis sacerdotalis». Дакумент быў абнародаваны 8 снежня Кангрэгацыяй па справах духавенства.

На думку прэфекта дыкастэрыі кардынала Бэньяміна Стэлы, новыя нормы з’яўляюцца эфектыўным інструментам для «інтэгральнай фармацыі» святара. Яны збалансаваным чынам спалучаюць у сабе чалавечае, духоўнае, інтэлектуальнае і душпастырскае вымярэнні на паступовым і персаналізаваным адукацыйным шляху, адзначыў іерарх у інтэрв’ю L'Osservatore Romano. Папярэднія «Ratio» былі апублікаваны ў 1970 г., а ў 1985 г. у дакумент былі ўнесены змены.

Немагчыма быць святаром без балансу розуму і сэрца, без эмацыйнай сталасці. На гэта ўказаў кардынал Стэла, гаворачы пра асноўныя прынцыпы святарскай падрыхтоўкі, закладзеныя ў новыя палажэнні. Гэта адносіцца да чалавечага вымярэння фармацыі. У тэксце падкрэсліваецца важнасць і неабходнасць дбайнага распазнання і адбору кандыдатаў. Задача заключаецца ў тым, каб прапанаваць працэс цэласнага фарміравання, дапамагчы чалавеку стаць сталым у кожным аспекце. І тут можа дапамагчы практыка так званага «прэпедэўтычнага часу» перад уступленнем у семінарыю, што станоўча зарэкамендавала сябе ў многіх краінах.

Такім чынам, у дадатак да ўжо вядомых «фазы навучання філасофіі», «фазы навучання тэалогіі» і «душпастырскай фазы» былі дададзены «вучнёўская фаза», «фармацыйная фаза» і «фаза падсумавання паклікання». Кожная з іх адпавядае зместу фармацыі, накіраванай на засваенне вобразу добрага пастыра. Як падкрэсліў кардынал Стэла, каб быць добрым святаром, у дадатак да экзаменаў, патрэбна чалавечая, духоўная і пастырская сталасць.

Іерарх назваў тры ключавыя словы, якія характарызуюць новыя «Ratio». Першае — «чалавечнасць». Семінарыст павінен быць па-чалавечы ўраўнаважаным, спакойным і ўстойлівым. Толькі тады з яго вырасце сапраўдны святар: верны, унутрана свабодны, эмацыйна ўстойлівы, здольны будаваць адносіны з людзьмі і жыць паводле Евангелля.

Другое слова — «духоўнасць». Святар — гэта не «актывіст», не лідар, не рэлігійны арганізатар ці службовая асоба. Ён — вучань Пана, чыё жыццё і служэнне заснаваны на глыбокіх адносінах з Богам і наследаванні Хрыста, Добрага Пастыра.

Трэцяе слова — «разважлівасць». Той, хто ідзе шляхам Евангелля, павінен пераўзыходзіць ідэалагічнае стаўленне, разумеючы, што жыццёвыя працэсы і сітуацыі не могуць быць класіфікаваны паводле «нягнуткіх» узораў або абстрактных правіл. Тут патрэбны слуханне, дыялог і тлумачэнне душэўных рухаў, падкрэсліў прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства.

Іерарх пажадаў святарам не пагарджаць малітвай, клапаціцца пра сваё ўнутранае жыццё, заставацца адкрытымі для людзей і не прыпыняць святарскай фармацыі ні на адзін дзень.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.