Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыканскі кардынал: «Amoris Laetitia» не нішчыць мяжу
Рымская курыя
20.10.2016 15:41

Апостальская адгартацыя Папы Францішка «Amoris Laetitia» не ўпаўнаважвае да допуску да святой Камуніі разведзеных асобаў, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, чыё першае сужэнства было сапраўдным, падкрэсліў кардынал Марк Уэле, прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў.

Кіраўнік адной з самых важных ватыканскіх дыкастэрый удзельнічаў у дыскусіі на тэму папскай адгартацыі на французскім каталіцкім тэлебачанні «KTO». Іерарх недвухсэнсоўна заявіў, што «адкрыццё», аб якім ідзе гаворка ў VIII раздзеле дакумента, не можа прымяняцца да сітуацый, калі сапраўднасць першага саюзу не выклікае сумненняў.

«Але існуюць іншыя выпадкі, у якіх яшчэ трэба праверыць, ці было сужэнства сапраўдным. Часам мы сустракаем людзей, якія, хоць даўно развяліся, не прааналізавалі свайго становішча, і яно можа быць разгледжана. У такіх сітуацыях, безумоўна, адкрываецца магчымасць іх вывучэння.

Тым не менш, у выпадках, калі сапраўднасць сужэнства не падлягае сумневу і нехта ўвайшоў у другі саюз, яго жыццё супярэчыць таямніцы сакрамэнтальнага сужэнства. І вось гэта мяжа, якую нельга перайсці. Традыцыя Касцёла захавала гэту мяжу, і „Amoris Laetitia” гэтага не змяніла.

Такім чынам, нельга казаць, што існуе “адкрытасць” у тым сэнсе, што цяпер разведзеныя, якія жывуць у новых саюзах, пасля праходжання шляху пакаяння могуць зноў прымаць святую Камунію. Так казаць нельга. Гэта было б несумяшчальна з дакументам і сінадальным працэсам», — сказаў ватыканскі іерарх падчас тэлевізійнай дыскусіі.

Кардынал Уэле падкрэсліў, што вельмі важным з’яўляецца ўсведамленне вернікамі факту, што прыналежнасць да супольнасці Касцёла не выяўляецца выключна праз прыняцце святой Камуніі. Супольнасць фарміруецца і іншым чынам. Акрамя таго, існуе таксама магчымасць так званай духоўнай камуніі, дадаў іерарх.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.