Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Змены ў парадку прызнання сапраўднасці цудаў
Рымская курыя
26.09.2016 13:10

Апостальская Сталіца апублікавала 23 верасня новы Рэгламент медыцынскай камісіі Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, якая праводзіць даследванні адносна сапраўднасці цудаў, здзейсненых праз заступніцтва кандыдатаў да хвалы алтара.

Дакумент быў зацверджаны 24 жніўня Дзяржсакратаром Папы кардыналам П'етро Паралінам «de mandato Summi Pontificis».

Новаўвядзенні тычацца абмежавання колькасці даследаванняў магчымых цудаў: кожны такі выпадак можа падвяргацца экспертызе не больш за тры разы. Акрамя таго, кожны наступны аналіз павінна праводзіць медыцынская камісія ў новым складзе. Старшыня медыцынскай камісіі, які абіраецца тэрмінам на пяць гадоў, можа паўторна заняць дадзеную пасаду толькі аднойчы.

Службовую тайну ва ўсім, што датычыць магчымага цуду, абавязаны захоўваць усе ўдзельнікі працэсу — пастулятары, суддзі, эксперты і супрацоўнікі Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. Аплата паслугаў экспертаў павінна ажыццяўляцца выключна банкаўскім пераводам.

Праца над стварэннем новага рэгламенту пачалася ў верасні 2015 года. Для гэтага была склікана спецыяльная камісія з сямі чалавек на чале з сакратаром Кангрэгацыі па справах Кананізацыі арцыбіскупам Марчэло Барталучы.

Прадстаўляючы дакумент, іерарх падкрэсліў, што «цуды, якія адбываюцца праз заступніцтва святых, з’яўляюцца знакам прысутнасці Бога ў гісторыі і адначасова пацвярджэннем іх святасці, праяўленай у мучаніцтве за веру і мужнай абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў». «Спрадвеку Касцёл быў перакананы, што цуды святых — гэта “палец Божы”, які “ратыфікуе”, калі так можна сказаць, чалавечае суджэнне аб святасці іх жыцця», — дадаў арцыбіскуп.

Папярэдняя рэдакцыя рэгламенту, якая была дзейснай да гэтага часу, была зацверджана ў 1976 г. Папам Паўлам VI.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.