Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкане прайшло пасяджэнне Папскай камісіі па абароне непаўналетніх
Рымская курыя
13.09.2016 10:13

5–11 верасня ў Ватыкане праходзіла пасяджэнне Папскай камісіі па абароне непаўналетніх. Падчас яго гаворка ішла пра ўвядзенне агульнакасцёльнага Дня малітвы за ахвяр сексуальных злоўжыванняў, распрацоўку метадычных матэрыялаў для Біскупскіх Канферэнцый і стварэнне сайту Камісіі.

У межах пасяджэння папа Францішак сустрэўся з дзвюма ахвярамі сексуальных злоўжыванняў з боку духавенства ў Італіі. Сустрэча адбылася 10 верасня 2016 г. падчас юбілейнай агульнай аўдыенцыі на плошчы Св. Пятра, распавёў кс. Ганс Зольнер, член Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.

Кс. Ганс Зольнер лічыць, што на цяперашні момант «Касцёл па-сапраўднаму з’яўляецца самым актыўным і самым важным бокам» у сферы абароны непаўналетніх, дзякуючы сваёй дзейнасці ў сістэме каталіцкай адукацыі, працы з моладзю і сем’ямі.
Папская камісія па абароне непаўналетніх была створана папам Францішкам у сакавіку 2014 г. Ён прыняў гэта рашэнне, працягваючы лінію, узятую Бэнэдыктам XVI. Камісія займаецца распрацоўкай накірункаў дзейнасці ў сферы абароны непаўналетніх, развіццём і пашырэннем нормаў, працэдур і стратэгій з мэтай прадухілення магчымых злоўжыванняў, распрацоўкай выхаваўчых праграм для дзяцей, бацькоў, семінарыстаў, святароў і ўсіх, хто ў Касцёле працуе з непаўналетнімі. Структура супрацоўнічае з грамадзянскімі ўладамі ў справах духавенства і касцёльных супрацоўнікаў, абвінавачаных у злоўжываннях, а таксама з экспертамі ў розных навуках і сферах сацыяльнай дзейнасці з мэтай прафілактыкі злачынстваў. Камісія адказвае за душпастырскі клопат аб ахвярах злоўжыванняў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.