Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адышоў у вечнасць старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі
Рымская курыя
13.07.2016 17:53

Арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі, старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, блізкі супрацоўнік трох Пантыфікаў, адышоў у вечнасць 12 ліпеня незадоўга да поўначы ў бальніцы ў горадзе Дамброва Тарноўская ў Польшчы пасля працяглай анкалагічнай хваробы.

За некалькі гадзін да смерці арцыбіскупу асабіста патэлефанаваў Папа Францішак, запэўніўшы хворага ў сваёй духоўнай лучнасці і малітве і ўдзяліўшы яму сваё благаслаўленне. Некалькі дзён таму іерарху таксама тэлефанаваў Пантыфік на пенсіі Бэнэдыкт XVI.

Будучы арцыбіскуп нарадзіўся 7 красавіка 1949 г. у вёсцы Купенін на тэрыторыі Малапольскага ваяводства. У 1967 г. паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Тарнаве, у 1973 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Тэалагічную вучобу працягнуў у Люблінскім універсітэце, а затым у Інсбруку (Аўстрыя). У 1982 г. атрымаў доктарскую ступень у галіне дагматычнай тэалогіі, праз год пачаў працу ў Кангрэгацыі Веравучэння, прэфектам якой быў кардынал Ёзэф Ратцынгер, будучы Папа Бэнэдыкт XVI.

Працуючы ў Ватыкане, быў пастулятарам некалькіх кананізацыйных працэсаў, вёў працу па падрыхтоўцы Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, асабліва яго польскага выдання, а таксама супрацоўнічаў з Ватыканскім радыё.

У 2002 г. Ян Павел ІІ прызначыў яго біскупам Радамскай дыяцэзіі ў Польшчы. 18 красавіка 2009 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў біскупа Зыгмунта Зімоўскага старшынёй Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, надаючы яму годнасць арцыбіскупа.

Святы Айцец Францішак выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю арцыбіскупа. Папа прызнаўся, што смуткуе і даручае спачылага іерарха заступніцтву Дзевы Марыі, Каралевы Польшчы.

У спачувальным лісце Пантыфік узгадвае «велікадушнае служэнне арцыбіскупа Зімоўскага спачатку ў якасці біскупа Радамскай дыяцэзіі, а потым у структурах Святога Пасаду». Падкрэсліваецца, што іерарх перанёс «працяглую і пакутлівую» хваробу ў духу веры і з хрысціянскім сведчаннем.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.