Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кангрэгацыя Веравучэння прадставіла дакумент пра харызматы ў місіі Касцёла «Iuvenescit Ecclesia»
Рымская курыя
14.06.2016 17:50

Узаемасувязі паміж іерархічнымі і харызматычнымі дарамі для жыцця і місіі Касцёла прысвечаны ліст Кангрэгацыі Веравучэння да біскупаў Каталіцкага Касцёла «Iuvenescit Ecclesia», апублікаваны 14 чэрвеня.

У дакуменце галоўным чынам закранаюцца тэалагічныя пытанні, а не душпастырскія ці практычныя, якія ўзнікаюць у адносінах паміж касцёльнымі структурамі і новымі рухамі і аб’яднаннямі. Падкрэсліваецца гарманічная сувязь і ўзаемадапаўняльнасць абодвух суб’ектаў.

У дакуменце адзначаецца, што нельга супрацьпастаўляць «інстытуцыйны» Касцёл і Касцёл «любові», бо і асноўныя касцёльныя структуры таксама з’яўляюцца харызматычнымі. «Харызматы павінны інстытуцыяналізавацца, каб мець паслядоўнасць і працягласць», гаворыцца ў ім. Такім чынам абодва вымярэнні «разам спрыяюць прысутнасці таямніцы і збаўчай справы Хрыста ў свеце».

Новыя рухі і аб’яднанні, як сказана ў дакуменце, павінны быць належна ацэнены і ўключаны ў жыццё Касцёла, заўсёды ў адзінстве з пастырамі і з увагай да іх указанняў. Іх існаванне напаўняе сэрца Касцёла «радасцю і падзякай», але таксама кліча іх «да добрых адносін з усімі іншымі дарамі, прысутнымі ў касцёльным жыцці». Існаванне новых рухаў і аб’яднанняў, як адзначаецца, павінна са шчодрасцю падтрымлівацца і суправаджацца пастырамі, на карысць дабра Касцёла і яго евангелізацыйнай місіі.

Ліст Кангрэгацыі Веравучэння прапануе пэўныя крытэрыі для выяўлення праўдзівасці харызматаў: яны павінны быць інструментамі святасці ў Касцёле; спрыяць яго місійнай дзейнасці; цалкам вызнаваць каталіцкую веру; даваць сведчанне фактычнай еднасці з усім Касцёлам, прымаючы яго дактрынальнае і душпастырскае навучанне; прызнаваць і паважаць іншыя харызматычныя кампаненты ў Касцёле; з пакорай прымаць моманты выпрабаванняў у праніклівасці; мець духоўныя плёны любові, радасці, міру, чалавечнасці; браць пад увагу сацыяльнае вымярэнне евангелізацыі.

«Iuvenescit Ecclesia» нагадвае, што Кодэкс кананічнага права Касцёла прадугледжвае мноства прававых форм прызнання новых рухаў і аб’яднанняў, звязаных з харызматычнымі дарамі. Між іншым звяртаецца ўвага на два фундаментальныя крытэрыі. Першы — гэта павага да асаблівасцяў асобных касцёльных аб’яднанняў з мэтай пазбягання іх «прававога прымусу», што «ўмярцвяе навізну», якую яны нясуць у сабе. Другі крытэрый прадугледжвае «павагу да фунтаментальнага касцёльнага парадку» з адначасовай падтрымкай «фактычнага ўключэння харызматычных дароў у жыццё Касцёла», не дапускаючы, каб харызматычныя формы разумеліся ў якасці «паралельнай рэальнасці», а не ў якасці тых, якія застаюцца ва ўпарадкаваных адносінах да іерархічных дароў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.